Кіеў павіншаваў Дональда Трампа са стаўленнем на пасаду прэзідэнта. Масква таксама накіравала віншаванні.
Украіна і Расія чакаюць хаця б агульнага сцэнарыя спынення вайны. Тым часам 47-ы прэзідэнт ЗША гэтае пытанне абыходзіць, хоць яно было адным з галоўных лозунгаў выбарчай кампаніі.
Аглядальнікі ў Расіі і Украіне звярнулі ўвагу на тое, што Дональд Трамп у сваёй інаўгурацыйнай прамове ўхіліўся ад тэмы расійска-ўкраінскай вайны.
Расійскі апазіцыянер Гары Каспараў лічыць, што 47-ы прэзідэнт ЗША не хоча гаварыць пра тое, у чым ён не ўпэўнены.
«У Трампа няма выразнага плана», — заявіў расійскі палітык у інтэрв'ю тэлеканалу Дождж TV.
«Відавочна і тое, што простых рашэнняў у гэтым пытанні не бывае. Спыніць ваенныя дзеянні можна, але скончыць вайну немагчыма, таму што кожны з бакоў мае вельмі розныя пазіцыі. Мэта Расіі — ліквідаваць Украіну, а Украіна не мае намеру знікаць з палітычнай карты свету», — дадаў Гары Каспараў.
На думку незалежных расійскіх аглядальнікаў, мірны працэс, калі ён пачнецца, зойме вельмі шмат часу.
IAR/яс