Дональд Трамп працягвае атакаваць Уладзіміра Зяленскага. Амерыканскі лідар назваў украінскага прэзідэнта дыктатарам і раскрытыкаваў яго за адмову ад пагаднення выплаціць ЗША кампенсацыю ў выглядзе прыродных рэсурсаў.
Трамп таксама пагражаў Зяленскаму, што ён можа страціць усю Украіну. Тэму працягвае карэспандэнт Польскага Радыё Марэк Валкускі:
- Падчас свайго выступу на эканамічным форуме, арганізаваным саўдаўцамі ў Маямі, Дональд Трамп паўтарыў ілжывую інфармацыю аб тым, што ЗША выдаткавалі на дапамогу Украіне 350 мільярдаў долараў - насамрэч гаворка ішла пра 150 мільярдаў — і раскрытыкаваў Уладзіміра Зяленскага за тое, што ён адмовіўся аддаць ЗША частку прыродных рэсурсаў Украіны, якія ён раней ацэньваў у 500 мільярдаў долараў.
«Неабраны дыктатар, Зяленскі! Спяшайся, інакш у цябе не будзе краіны. Спяшайся», — прыгразіў ён прэзідэнту Украіны.
Прэзідэнт Трамп таксама ў чарговы раз заявіў, што Расія хоча скончыць вайну, і выказаў здагадку, што па гэтай справе перашкода - гэта Украіна.
Нагадваем, днём раней ён абвінаваціў Украіну ў пачатку вайны з Расіяй, што раскрытыкавалі нават некаторыя рэспубліканцы.
«Я б ніколі не назвала прэзідэнта Зяленскага дыктатарам. І мне зразумела, хто пачаў гэтую вайну», - заявіла сенатар Ліза Муркоўскі.
Дэмакраты не шкадуюць слоў крытыкі ў адрас Трампа, называючы паводзіны прэзідэнта нягоднымі.
IAR/аз