«Гэта грамадзяне Украіны, якія жывуць пераважна ў Польшчы, але таксама ў Італіі, Іспаніі, Эстоніі, Нідэрландах, Чэхіі, Ірландыі. У нас таксама ёсць паведамленні з іншых кантынентаў, напрыклад, са Злучаных Штатаў», — распавёў генеральны консул Украіны ў Любліне Алег Куц.
Пасля падпісання дамовы з украінскім войскам добраахвотнікі пачынаюць 45-дзённую падрыхтоўку на адным з польскіх палігонаў. Затым, у залежнасці ад абранай спецыяльнасці (напрыклад, франтавы бой, аператар беспілотніка, медыцынская служба, лагістыка), яны працягваюць ва Украіне або на замежных базах NATO спецыялізаванае навучанне, якое доўжыцца 1-2 месяцы. Нарэшце, добраахвотнікі праходзяць навучанне ў канкрэтных воінскіх часцях.
«Увогуле навучальны працэс доўжыцца каля паўгода, толькі потым салдаты адпраўляюцца на фронт. Перш за ўсё мы хочам, каб яны былі добра навучаны і абаронены, таму што мы вельмі цэнім кожнае жыццё», — адзначыў консул.
Вайскоўцы падпісваюць кантракты з ЗСУ на адзін, тры гады або да заканчэння ваеннага становішча.
Заробак ад 2 тысяч злотых падчас навучання і да 18 тысяч злотых падчас службы ўжо ва Украіне. Сума залежыць ад таго, на якім участку фронту знаходзіцца салдат, якія выконвае задачы.
Цэнтр набору добраахвотнікаў ва Украінскі легіён быў створаны ў кастрычніку мінулага года.
Ці задаволены консул Украіны тэмпамі набору? «Заўсёды хочацца, каб было яшчэ лепш, але праект паказаў, што ён працуе і ў нас ёсць вынікі. Я спадзяюся, што за прыкладам Польшчы іншыя краіны дапамогуць нам адкрыць такія цэнтры ў сваіх краінах. Часам валанцёры з-за мяжы не могуць адразу прыехаць у Польшчу па лагістычных ці фінансавых прычынах, так што гэта, безумоўна, палегчыла б нашу працу. Чым больш у свеце будзе такіх цэнтраў, тым хутчэй будзе ісці набор», — гаворыць Алег Куц.
На ягоную думку, стварэннее легіёну таксама з'яўляецца элементам барацьбы з дэзынфармацыяй, бо ўкраінцы, якія жывуць за мяжой, могуць баяцца прыязджаць ва Украіну, напрыклад, праз ілжывыя паведамленні пра тое, што людзей адпраўляюць ваяваць на перадавую без належнай падрыхтоўкі.
«Тут яны могуць развеяць свае страхі, спакойна праверыць кантракт, абмеркаваць умовы, а калі пасля сустрэчы ў прыёмным пункце не вызначыліся, могуць вярнуцца дадому», — растлумачыў консул.
Салдаты легіёну таксама маюць права вярнуцца за мяжу ў водпуск, напрыклад, у краіну, дзе яны раней жылі са сваёй сям'ёй.
На пытанне, што будзе з украінскім легіёнам пасля заканчэння вайны, консул адказаў, што пакуль гэта дзеянні па ўмацаванні абараназдольнасці Украіны. «Добра падрыхтаваныя вайскоўцы заўсёды будуць патрэбныя. Нават калі ваенныя дзеянні будуць прыпыненыя або спыненыя, нам усё роўна спатрэбіцца моцная і прафесійная армія. Гэты патэнцыял дакладна не будзе растрачаны», — упэўнены Алег Куц.
Жадаючыя ўступіць у Легіён могуць падаваць заяўкі праз афіцыйны сайт legion.army.gov.ua або ў консульствах і амбасадах Украіны.
dziennikwschodni.pl/вх