Расія пачала актыўна ўмацоўваць свае авіябазы пасля аперацыі «Павуцінне», якую СБУ рэалізавала 1 чэрвеня. Як сведчаць спадарожнікавыя здымкі, на аэрадроме Сакі ў анексаваным Крыме ўзводзяцца бетонныя бункеры, ангарападобныя ўкрыцці і ўзмоцненыя ахоўныя збудаванні. Пра гэта гаворыцца ў справаздачы Інстытута вывучэння вайны, на якую спасылаецца партал «Крым. Рэаліі».
Авіябаза «Сакі» – ваенны аэрадром першага класу ў Крыме, на якім знаходзіцца вучэбна-трэніровачны комплекс «НІТКА» для падрыхтоўкі лётнага складу палубнай авіяцыі. З 2014 года там базіруецца 43-ці знішчальны авіяцыйны полк ВПС Расіі, на ўзбраенні якога стаяць бамбавікі Су-24 і знішчальнікі Су-30. Самалёты з гэтага аэрадрома выкарыстоўваліся падчас поўнамаштабнага ваеннага ўварвання Расіі ва Украіну, у прыватнасці, для атакаў на паўднёвыя вобласці.
Сляды прац па будаўніцтве ўкрыццяў можна ўбачыць на спадарожнікавых здымках аэрадромаў у Кіраўскім, Гвардзейскім і Саках, а таксама ў Севастопалі.
Падчас аперацыі «Павуцінне», праведзенай Службай бяспекі Украіны 1 чэрвеня, дроны атакавалі ваенныя аэрадромы ў чатырох рэгіёнах Расіі. Паводле ацэнак заходняй разведкі, у выніку атакі было пашкоджана каля 40 расійскіх самалётаў, 10-13 з якіх знішчаныя.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што пашкоджанні атрымаў 41 самалёт, а аднаўленню не падлягае палова.
вс