Польшча будзе фінансаваць доступ Украіны да сістэмы Starlink, якая падтрымлівае сувязь на перадавой, да канца верасня. Пасля гэтага ўкраінскія вайскоўцы могуць застацца без стабільнага інтэрнэту. Гэта вынік апошняга вета прэзідэнта Караля Наўроцкага.
Польшча перадала Украіне і фінансуе прыблізна 30 000 сеткавых тэрміналаў, якія належаць SpaceX Ілона Маска.
Пра наступствы іх адключэння распавёў гендырэктар Thorium Space – кампаніі, якая спецыялізуецца на перадавых спадарожнікавых камунікацыйных сістэмах Павел Рымашэўскі (Paweł Rymaszewski):
- Гэта будзе ствараць значную аператыўную праблему для ўкраінскай арміі, сувязь якой амаль у 100% абапіраецца на сістэму Starlink. Паводле мяне, украінскі бок будзе прымушаны дамовіцца па гэтай справе з амерыканцамі або сам фінансаваць дзеянне сістэмы. Усё ж без доступу да такой сувязі ў іх будзе вялікая праблема.
Пытанні аб падтрыманні доступу Украіны да інтэрнэту праз сістэму Starlink узніклі пасля таго, як прэзідэнт Польшчы наклаў вета на законапраект, які прадугледжвае дапамогу грамадзянам Украіны.
З 2022 па 2024 год Польшча выдзеліла 323 мільёны злотых (амаль 76 мільёнаў еўра) на тэрміналы Starlink для Украіны і фінансаванне іх працы. У гэтым годзе выдаткі на гэтую мэту павінны скласці 77 мільёнаў злотых (больш за 18 мільёнаў еўра). Грошы паступілі з фонду дапамогі, створанага ў адпаведнасці са спецыяльным законам аб дапамозе грамадзянам Украіны, прадаўжэнне дзеяння якога сваім рашэннем прыпыніў прэзідэнт Караль Наўроцкі.
IAR/аз