Беларуская Служба

Меланія Трамп: Дзякуючы супрацоўніцтву з Расіяй восем украінскіх дзяцей вернутыя ў сем'і

11.10.2025 08:31
Першая ледзі ЗША Меланія Трамп абвясціла ў пятніцу, што дзякуючы супрацоўніцтву з Расіяй у адказ на яе ліст адносна дэпартаваных у Расію ўкраінскіх дзяцей за апошнія суткі ў семʼі былі вернутыя восем дзяцей.
                .
Першая ледзі ЗША Меланія Трамп выступіла з заявай аб вяртанні ўкраінскіх дзяцей у свае сем'і з Расіі. EPA/SHAWN THEW/PAP

Жонка прэзідэнта выказала меркаванне, што Уладзімір Пуцін прадэманстраваў гатоўнасць да супрацоўніцтва.

Падчас зʼяўлення ў Белым доме Меланія Трамп абвясціла, што атрымала адказ на свой ліст да Уладзіміра Пуціна адносна дзяцей, дэпартаваных Расіяй з Украіны, і што Пуцін прадэманстраваў гатоўнасць да супрацоўніцтва ў гэтым пытанні.

«З таго часу мы з прэзідэнтам Пуціным падтрымлівалі адкрыты канал сувязі (...). За апошнія тры месяцы абодва бакі ўдзельнічалі ў некалькіх неафіцыйных сустрэчах і тэлефонных размовах, заўсёды ў духу добрай волі. Мы дамовіліся супрацоўнічаць дзеля дабра ўсіх, хто ўдзельнічае ў гэтай вайне». «Мой прадстаўнік непасрэдна працуе з апаратам прэзідэнта Пуціна, каб забяспечыць бяспечнае ўзʼяднанне дзяцей з іх семʼямі паміж Расіяй і Украінай», – абвясціла першая лэдзі.

«Сапраўды, восем дзяцей узʼядналіся са сваімі семʼямі за апошнія 24 гадзіны», – сказала яна.

Меланія Трамп дадала, што больш шырокі працэс вяртання дзяцей у семʼі працягваецца, і пасля яе каментарыяў пра дзяцей, якім хутка споўніцца 18 гадоў, чакаецца, што Расія дазволіць ім неўзабаве пакінуць краіну.

Меланія Трамп таксама паведаміла, што атрымала падрабязную інфармацыю з Крамля пра дэпартаваных дзяцей, якую пацвердзіў Белы дом.

«Ужо распрацоўваюцца планы па ўзʼяднанні большай колькасці дзяцей у бліжэйшай будучыні. Спадзяюся, што хутка наступіць мір. Усё можа пачацца з нашых дзяцей», – падсумавала яна.

Ліст першай лэдзі ЗША Уладзіміру Пуціну адносна ўкраінскіх дзяцей быў перададзены расійскаму лідару падчас саміту паміж прэзідэнтамі ЗША і Расіі на Алясцы. Меланія Трамп таксама раней уздымала гэтае пытанне ў размовах з жонкай прэзідэнта Украіны Аленай Зяленскай.

Паводле звестак украінскіх уладаў, Расія вывезла прыблізна 20 000 дзяцей з акупаванай Украіны, некаторых з якіх адправіла на ўсынаўленне ў Расію. Невялікая колькасць дзяцей была вернута ў свае семʼі дзякуючы дзеянням саміх бацькоў і дыпламатычным кантактам паміж Масквой і Кіевам. Справа аб выкраданні дзяцей прывяла да таго, што Міжнародны крымінальны суд абвінаваціў Пуціна ў ваенных злачынствах.

PAP/вх