У панядзелак, 8 снежня, больш за дзве гадзіны ў Лондане працягваліся перамовы прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага з прэм’ер-міністрам Вялікабрытаніі, прэзідэнтам Францыі і федэральным канцлерам Германіі. Палітыкі абмяркоўвалі падрабязнасці мірнага плана аб заканчэнні вайны, якую Расія развязала супраць Украіны. Перад пачаткам перамоў на Даўнінг-стрыт украінскі Уладзімір Зяленскі падкрэсліў, што еднасць паміж Еўропай, Украінай і ЗША з’яўляецца ключавым элементам падчас мірных перамоў.
«Мы ўсе падтрымліваем Украіну і мір», — сказаў перад пачатак закрытай сустрэчай прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон:
«Мы маем у руках шмат козыраў — фінансаванне і пастаўкі ўзбраенняў; той факт, што ўкраінцы працягваюць супраціўляцца, а таксама тое, што расійская эканоміка пачынае адчуваць наступствы вайны, асабліва пасля нашых апошніх санкцый і дзеянняў ЗША. Цяпер ключавым з’яўляецца збліжэнне пазіцый: еўрапейскай, украінскай і амерыканскай, каб завяршыць мірныя перамовы і перайсці да новай фазы — у найлепшай магчымай сітуацыі для Украіны, для Еўропы і для нашай супольнай бяспекі», — заявіў Макрон.
Федэральны канцлер Германіі падкрэсліў, што Еўропа ўважліва сочыць за перамовамі, якія адбываюцца ў Маскве і ў ЗША. «Мы рашуча стаім на баку Украіны, бо лёс Украіны — гэта лёс Еўропы», — дадаў Фрыдрых Мерц:
«Таму мы тут, мы спрабуем выпрацаваць далейшыя дзеянні, і ніхто не павінен сумнявацца ў нашай падтрымцы Украіны. Менавіта таму мы цвёрда побач з Украінай, хаця вынік гэтых размоў застаецца адкрытым. Я скептычна стаўлюся да часткі пунктаў, якія бачым у дакументах з боку ЗША, але мы павінны іх абмяркоўваць», — сказаў Мерц.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі пасля сустрэчы з кіраўніцтвам краін «кааліцыі ахвотных» у Лондане расказаў журналістам, на якім этапе цяпер знаходзіцца праца над мірным планам.
«Было 28 пунктаў, стала 20. Адкрыта непраўкраінскія пункты адышлі. Настрой амерыканцаў, у прынцыпе, за тое, каб знаходзіць кампраміс. Безумоўна, ёсць складаныя пытанні, якія тычацца тэрыторыі. Там кампраміс пакуль не знойдзены», — паведаміў Зяленскі.
iar/pap/эж