Польшча павінна быць пастаянным удзельнікам перамоваў па Украіне. Спадзяюся, што палякі будуць у Белым доме, калі еўрапейцы наступным разам туды паедуць.
«Шкада, што Польшчы не было там у жніўні. У Польшчы больш важкія падставы прысутнічаць на перамовах, чым, напрыклад, у Італіі», – кажа старшыня Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы Вольфганг Ішынгер у інтэрв’ю агенцтву PAP.
Паводле яго, ёсць «верагодна, дзве прычыны» адсутнасці Польшчы на нядаўняй сустрэчы лідараў групы E3, то бок канцлера Германіі Фрыдрыха Мерца, прэм'ера Вялікабрытаніі Кіра Стармера і прэзідэнта Францыі Эмануэля Макрона.
Па-першае, гэта стабільны фармат групы, якая існуе ўжо больш за 20 гадоў. Па-другое, «ў некаторых адносінах польская Канстытуцыя стварае даволі складаную сітуацыю». «Прэмʼер-міністр прадстаўляе Польшчу па адных пытаннях, прэзідэнт – па іншых. Гэта, я лічу, можа стварыць пэўную перашкоду для ўключэння Польшчы», – заявіў старшыня Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы.
«Асабіста я рашуча падтрымліваю ўключэнне Польшчы, калі гэта магчыма. Польшча павінна мець пастаяннае месца ў перамовах па Украіне. Гэта мая асабістая думка», – сказаў дасведчаны дыпламат.
Адказваючы на пытанне аб цяперашніх мірных перамовах, Ішынгер падкрэсліў, што «Амерыка вядзе перамовы з Расіяй на двухбаковым узроўні, не ўцягваючы Еўропы ў гэты працэс».
«На маю думку, гэта была сурʼёзная памылка нашых амерыканскіх сяброў, што яны не пагадзіліся на стварэнне класічнай кантактнай групы, калі пачаліся перамовы з Украінай і Расіяй аб спыненні вайны», – сказаў Ішынгер.
Паводле яго, амерыканская тактыка самастойных дзеянняў мае пэўныя перавагі і апраўдала сябе ў Сектары Газа, але «ўкраінскае пытанне адрозніваецца ад пытання Газы».
«У выпадку з Украінай я не магу ўявіць, што якое-небудзь завяршэнне канфлікту можа быць рэалізавана без актыўнага ўдзелу такіх краін, як Польшча, Германія ці ўвесь Еўрапейскі Саюз. Давайце паглядзім, напрыклад, на лагістыку – калі мы хочам даставіць Украіне ваенную, фінансавую і эканамічную дапамогу, то якім чынам яна паступае ва Украіны? Праз Польшчу (…) Таму я лічу, што Польшча з першага дня павінна быць цалкам уцягнутая ў перамовы», – канстатаваў былы нямецкі дыпламат, старшыня Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы Вольфганг Ішынгер у размове з агенцтвам PAP.
PAP/аз