Беларуская Служба

Трамп пра Украіну: Гэта можа быць пытанне тыдняў, але нельга выключаць, што пагадненне не будзе дасягнута

29.12.2025 08:22
Ёсць прагрэс, але пагадненне пакуль не падпісана. У Фларыдзе прайшлі ўкраінска-амерыканскія перамовы паміж прэзідэнтамі Трампам і Зяленскім. 
.   .
У. Зяленскі і Д.Трамп PAP/EPA/PRESIDENTIAL PRESS SERVICE HANDOUT

Таксама адбылася відэаканферэнцыя паміж прэзідэнтамі Украіны і ЗША і еўрапейскімі лідарамі, у якой прыняў удзел прэзідэнт Польшчы Караль Наўроцкі.

Падчас прэс-канферэнцыі Дональд Трамп высока ацаніў сваю сустрэчу з Уладзімірам Зяленскім.

«Гэта была выдатная сустрэча; мы абмеркавалі шмат пытанняў. Мы набліжаемся да нашай мэты. Мы таксама размаўлялі з еўрапейскімі лідарамі, і наша сустрэча была плённай, таму што мы ахапілі 95 працэнтаў пытанняў і дасягнулі значнага прагрэсу ў спыненні самага крывавага канфлікту з часоў Другой сусветнай вайны», – сказаў прэзідэнт ЗША.

У сваю чаргу Уладзімір Зяленскі сказаў, што прынцыпы гарантый бяспекі для Украіны былі ўстаноўлены, і ўкраінскія і амерыканскія перамоўшчыкі будуць працаваць над дэталямі.

«Мы абмеркавалі ўсе аспекты мірнага плана і дасягнулі прагрэсу. 20-пунктны мірны план узгоднены на 90 працэнтаў. Амерыканскія гарантыі бяспекі ўзгоднены на 100 працэнтаў. Еўрапейскія гарантыі амаль узгоднены. Ваенныя пытанні ўзгоднены на 100 працэнтаў. Гарантыі бяспекі з'яўляюцца ключом да трывалага міру», – сказаў украінскі лідар.

Ён дадаў, што сустрэча амерыканскай, еўрапейскай і ўкраінскай дэлегацый адбудзецца ў студзені.

«Нашы каманды працягнуць працу над усімі аспектамі ў бліжэйшыя тыдні. Мы таксама дамовіліся, што ў студзені адбудзецца сустрэча паміж прэзідэнтам Трампам, еўрапейскімі лідарамі і ўкраінскай дэлегацыяй. Украіна гатовая да міру», – сказаў Уладзімір Зяленскі.


Украінская дэлегацыя на ланчы з амерыканцамі Украінская дэлегацыя на ланчы з амерыканцамі

Дональд Трамп пацвердзіў, што сустрэча наблізіла Украіну і Расію да спынення вайны. Аднак ён прызнаў, што не можа вызначыць тэрміны дасягнення пагаднення. Калі перамовы пройдуць добра, гэта можа быць пытанне тыдняў, але нельга выключаць, што пагадненне не будзе дасягнута, дадаў амерыканскі лідар.

«Можа здарыцца так, што адно пытанне акажацца настолькі важным, што перашкодзіць дасягненню пагаднення. Гэта вельмі складаныя перамовы, вельмі падрабязныя. Я скончыў восем войнаў. Некаторыя доўжыліся 35 гадоў, і мы скончылі іх за некалькі дзён. Але гэта выключна складанае пытанне», – сказаў прэзідэнт ЗША.

Ён таксама падкрэсліў, што пра спыненне агню ў цяперашні час не можа быць і гаворкі, бо Уладзімір Пуцін на гэта нязгодны.

«Гэта адзін з пунктаў, якія мы абмяркоўваем. Зараз ідуць баі, і калі яны спыняцца, ён не хоча быць тым, хто іх зноў пачынае. Я разумею гэтую пазіцыю, але мы знойдзем спосаб. Я разумею прэзідэнта Пуціна, але я выступаю за мір і за спыненне вайны», – падкрэсліў Трамп.

Прэзідэнты Украіны і ЗША пагадзіліся, што мірны план для Украіны павінен быць ухвалены ўкраінскім парламентам або грамадзянамі на рэферэндуме.

«Мірны план, хутчэй за ўсё, будзе ўхвалены парламентам або рэферэндумам. 91 працэнт грамадзян хочуць спыніць вайну. Як і ўсе, у тым ліку Расія. Я асабіста хачу спыніць яе, таму што не хачу, каб загінула так шмат людзей», – сказаў Дональд Трамп падчас сумеснай прэс-канферэнцыі.

Уладзімір Зяленскі падкрэсліў, што галасаванне па мірным плане будзе неабходным.

«Рэферэндум мае вырашальнае значэнне. Мы можам правесці рэферэндум па кожным з пунктаў гэтага плана. Гэта можа быць рэферэндум, але ёсць таксама магчымасць галасавання ў парламенце. Калі гэты план апынецца складаным, нашым грамадзянам давядзецца выбіраць і галасаваць, таму што іх краіна належыць не аднаму чалавеку, а ўсяму народу», – сказаў украінскі лідар.

ав