Уначы Расія ўдарыла па ключавых абʼектах энергасеткі Украіны. Акупанты нанеслі ўдары па Бурштынскай ТЭС у Івана-Франкоўскай вобласці і Дабратворскай ТЭС у Львоўскай вобласці. Пра гэта паведаміў прэмʼер Украіны Дзяніс Шмыгаль.
Наталля Забалотная, кіраўнік Вінніцкай абласной ваеннай адміністрацыі, заявіла, што рэгіён падвяргаецца масіраванаму паветранаму нападу.
Паветраныя сілы Украіны таксама паведамілі пра дадатковыя крылатыя ракеты, якія ляцяць у бок Вінніцкай вобласці, а таксама пра ракеты, якія накіроўваюцца ў бок Хмяльніцкай, Цярнопальскай, Івана-Франкоўскай і Львоўскай абласцей. Максім Казіцкі, кіраўнік Львоўскай абласной ваеннай адміністрацыі, заклікаў жыхароў заставацца ў бяспечных месцах.
У Ровенскай вобласці ёсць пашкоджанні жылых дамоў і крытычнай інфраструктуры. Паводле папярэдняй інфармацыі, 2 чалавекі атрымалі раненні. Цяпер у вобласці фіксуюць абясточванне. Могуць узнікаць праблемы з водазабеспячэннем.
Пашкоджаны жылы дом і ў Хмяльніцкай вобласці. Траўміраваны мужчына. Больш падрабязную інфармацыю абяцаюць паведаміць пазней.
Пад атакай таксама апынуліся падстанцыі і лініі электраперадачы 750 і 330 кВ – аснова энергасеткі краіны.
Персанал быў вымушаны разгрузіць блокі АЭС. Цяпер па ўсёй Украіне праводзяцца аварыйныя адключэнні, а ва ўсходніх і паўночных рэгіёнах – узмоцненыя графікі.
«Укрэнерга» папрасіла экстраную дапамогу ў Польшчы.
ПР/юл