У сувязі з гэтым міністр замежных спраў Украіны Андрэй Сыбіга выклікаў пасла Ізраіля ў Кіеве, абвінаваціўшы ўлады краіны ў бяздзейнасці адносна імпарту збожжа з акупаваных Расіяй украінскіх тэрыторый.
Ізраільская штодзённая газета «Гаарец» раней паведамляла, што судна «Панорміціс», якое перавозіла збожжа з акупаваных украінскіх тэрыторый, чакала дазволу на разгрузку ў Хайфе. Высновы газеты пацвердзілі ўкраінскія СМІ. Паводле расследавання партала «Суспільнае», Расія ціха пастаўляе Ізраілю крадзеную ўкраінскую пшаніцу.
«Гаарец» дадала, што ў Ізраілі ўжо былі выгружаны чатыры партыі збожжа з акупаванай Украіны.
Андрэй Сыбіга напісаў на X, што «цяжка зразумець адсутнасць адэкватнай рэакцыі Ізраіля на законны запыт Украіны адносна папярэдняга судна, якое даставіла крадзеныя тавары ў Хайфу».
— Цяпер, калі яшчэ адно такое судна прыбыло ў Хайфу, мы зноў папярэджваем Ізраіль аб непрыняцці крадзенага збожжа і шкодзе нашым адносінам, — канстатаваў ён.
Міністр дадаў, што пасла Ізраіля папрасілі з'явіцца ў МЗС у аўторак, каб Кіеў мог «выказаць ноту пратэсту і запатрабаваць адпаведных дзеянняў».
У сваім адказе, таксама на X, міністр замежных спраў Ізраіля Гідэон Саар заявіў, што гэтае пытанне будзе расследавана, але зазначыў, што «абвінавачванні не зʼяўляюцца доказамі, і ніякіх доказаў не было прадстаўлена».
— Вы нават не падалі запыт аб юрыдычнай дапамозе, перш чым звярнуцца ў СМІ і сацыяльныя сеткі, — напісаў Саар. Дыпламатычныя адносіны «не падтрымліваюцца праз Twitter або ў СМІ, — дадаў ён.
Крыніца ва ўкраінскай дыпламатычнай сферы, якая пажадала застацца ананімнай, заявіла, што калі Ізраіль не адмовіцца ад паставак збожжа, Кіеў «пакідае за сабой права распачаць поўны спектр дыпламатычных і юрыдычных дзеянняў на міжнародным узроўні».
Журналісты «Slidstva.Info» высветлілі, што толькі ў 2023-24 гадах Турцыя набыла больш за 54 тысячы тон збожжа, адпраўленага расійскай кампаніяй з акупаванага Марыўпаля. Частка гэтага збожжа паступіла турэцкай кампаніі «Erisler», якая ўдзельнічае ў Сусветнай харчовай праграме ААН.
PolsatNews/ав