Тэмпы прасоўвання расійскіх войскаў у першай палове 2026 года скараціліся больш чым удвая, а колькасць напрамкаў, на якіх Расія праводзіць наступальныя аперацыі, скарацілася з трынаццаці да шасці-сямі, паведаміў у Telegram галоўнакамандуючы Узброенымі сіламі Украіны генерал Аляксандр Сырскі.
Паводле яго слоў, Узброеныя сілы Украіны працягваюць абаронную аперацыю, спалучаючы яе са стабілізацыйнымі дзеяннямі, а на некаторых напрамках вядуць актыўныя аперацыі. У цяперашні час суадносіны штурмавых аперацый украінскіх Сіл абароны да расійскіх аперацый — прыкладна 40 да 60.
— Мы паслядоўна рэалізуем стратэгію знясілення расійскага агрэсара. Па тэмпах ваеннага прасоўвання абодва бакі наблізіліся да парытэту. Суадносіны тэрыторыі, вызваленай Украінскімі сіламі абароны, да раёнаў, дзе праціўнік прасоўваецца, павялічваюцца, — адзначыў Сырскі.
Галоўнакамандуючы паведаміў, што за апошнія шэсць месяцаў з выкарыстаннем сродкаў «Deep Strike» (удараў на вялікія адлегласці) было атакавана 697 аб'ектаў на тэрыторыі Расіі. Сума прамых і ўскосных эканамічных страт, нанесеных Расіі, ацэньваецца як мінімум у 6,1 мільярда долараў. З выкарыстаннем сродкаў «Middle Strike» (удару сярэдняй далёкасці) было атакавана 7028 абʼектаў у Расіі.
Пры гэтым Сырскі падкрэсліў, што расіян нельга недаацэньваць. Паводле яго слоў, Крэмль імкнецца пашырыць маштабы наступальных аперацый у Днепрапятроўскай і Запарожскай абласцях, а таксама стварыць і пашырыць так званую буферную зону ў паўночных рэгіёнах Украіны.
PAP/яс