ЗША пачынаюць рэалізацыю пакета ваеннай дапамогі Украіне коштам 400 млн долараў. Аднак ракеты для сістэм супрацьпаветранай абароны Patriot у яго, імаверна, не ўвойдуць, паведамляе Reuters.
Рашэнне аб выдзяленні дапамогі Кангрэс ЗША прыняў у канцы 2025 года. На пачатак гэтага тыдня кантракты заключылі ўжо на 307 млн долараў. Да 30 верасня адміністрацыя Дональда Трампа плануе размеркаваць астатнія 93 мільёны.
Пакет прадугледжвае, сярод іншага, пастаўкі запасных частак для бронетэхнікі, якую выкарыстоўваюць украінскія вайскоўцы. Першыя пастаўкі павінны пачацца ўжо ў верасні, а цалкам праграму плануюць выканаць не пазней за кастрычнік 2029 года.
Паводле Reuters, ракеты Patriot у пакет не ўключаныя. Для Украіны яны маюць ключавое значэнне пры перахопе расійскіх балістычных ракет. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі раней заяўляў, што ўзімку краіне спатрэбіцца каля 300 такіх ракет для абароны энергетычнай інфраструктуры.
pap/эж