Прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск сустрэўся з Уладзімірам Зяленскім. Размова адбылася, калі ўкраінскі прэзідэнт быў запрошаны на пасяджэнне Еўрапейскай рады ў Бруселі.
Кіраўнік польскага ўрада выказаў спачуванні ў сувязі з маштабнымі расійскімі атакамі, якія прывялі да гібелі і ранення многіх мірных жыхароў. Дональд Туск падкрэсліў, што гэта недапушчальна, і дадаў, што цяпер цяжкі перыяд, які ўскладняецца палітычнай нестабільнасцю.
— Я хачу запэўніць вас — як я ўжо публічна заявіў тут, у Бруселі, — што Украіна, яе народ і вы, мой дарагі брат, можаце разлічваць на нас. Мы побач з вамі. У наш час няпроста адкрыта выказваць крытычныя ацэнкі таго, што адбываецца вакол. Аднак адно павінна быць абсалютна ясным: у Еўрапейскага Саюза няма ніякіх падстаў для паслаблення санкцый супраць Расіі ці дазволу на фінансаванне расійскай ваеннай машыны. Што тычыцца рашэнняў, якія прымаюцца, я абсалютна перакананы: вы можаце разлічваць не толькі на мяне і Польшчу, але і на Еўрапейскі Саюз.
Прэм'ер-міністр Дональд Туск выказаў упэўненасць у тым, што ні Еўропа, ні Польшча не пагодзяцца ні на што, што магло б дапамагчы Пуціну і Расіі ў вядзенні вайны.
Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі выказаў удзячнасць за падтрымку.
— Мы глыбока ўдзячныя вам асабіста, вашай камандзе, вашаму ўраду і ўсім грамадзянам Польшчы за тое, што вы стаіце побач з намі ў гэтай абсалютна варварскай вайне, якую Расія вядзе супраць Украіны. Дзякуй за вашу падтрымку. Цяпер вельмі цяжкія часы. Нас атакуюць не толькі ноччу ці днём — атакі працягваюцца кругласутачна, сем дзён на тыдзень. Мы дзякуем усяму польскаму народу за падтрымку. Я таксама ўдзячны за вашу палітычную і геапалітычную падтрымку.
Украінскі лідар падкрэсліў, што абарона краіны і яе сталіцы ад маштабных нападаў — гэта складаная задача. Ён выказаў удзячнасць за ваенную падтрымку — у тым ліку, сярод іншага, за 20-міліметровыя боепрыпасы, якія ён запытваў у розных краін. Ён таксама адзначыў, што ўся Еўропа цяпер дапамагае Украіне і што ў яе ёсць моцны партнёр — Еўрасаюз.
IAR/нг