Украінская армія здзейсніла контрнаступальную аперацыю пад кодавай назвай «Велес» у Харкаўскай вобласці. Паводле звестак 2-га корпуса Нацыянальнай гвардыі Украіны «Хартыя», украінскія салдаты ўзялі ў палон больш за 30 расійскіх вайскоўцаў, а страты расійскай арміі перавысілі 100 чалавек.
Перад аперацыяй салдат рыхтавалі да дзеянняў у абмежаванай прасторы. Быў размечаны падземны маршрут і ўкаранёныя ўласныя тэхналагічныя рашэнні для сувязі, навігацыі і жыццезабеспячэння. Падземныя і наземныя аперацыі каардынаваліся з дапамогай удараў беспілотнікаў, у тым ліку праз сумесны каардынацыйны цэнтр з брыгадай «Ахілес», паведаміла ўкраінскае фармаванне.
Паводле звестак 2-га корпуса, украінскія салдаты пераадолелі 15 км па газаправодах, дзе не было святла, доступу да GPS і стабільнай радыёсувязі. Аперацыя дазволіла здзейсніць прарыў на Купянскім участку фронту і перашкодзіла расійскім войскам выйсці ў тыл украінскіх войскаў каля Купянску.
— Мы ведалі, што праз Харкаўскую вобласць праходзяць газаправоды, і былі ўпэўненыя, што вораг паспрабуе імі скарыстацца. Расіяне мелі намер выкарыстаць газаправоды, каб прарвацца ў тыл нашых сіл, таму мы самі сышлі пад зямлю, каб іх спыніць, — растлумачыў камандзір «Хартыі» генерал Ігар Абаленскі.
Вайсковец дадаў, што ўкраінскія салдаты з самага пачатку назіралі за падземнымі аперацыямі праціўніка і аналізавалі яго метады.
— Мы прааналізавалі іх дзеянні (...) і ператварылі гэтую пагрозу ў сваю перавагу, — падсумаваў ён.
«Хартыя» ахарактарызавала аперацыю як першае ў свеце контрнаступленне такога маштабу, праведзенае пад зямлёй.
Украінскія СМІ раней паведамлялі пра выкарыстанне расійскімі войскамі падземнай інфраструктуры падчас баявых дзеянняў — не толькі газаправодаў, але і водаправодных і каналізацыйных труб. Такія выпадкі былі зафіксаваны, сярод іншага, пад Аўдзееўкай у Данецкай вобласці ў студзені 2024 года, падчас бітвы за Суджу ў Курскай вобласці ў Расіі ў сакавіку 2025 года і на Купянскім кірунку ў Харкаўскай вобласці ў верасні 2025 года.
PAP/юл