30 сакавіка стала вядома, што ў весцы Жылічы Кіраўскага р-на Магілёўскай вобласці супрацоўнікамі МУС быў затрыманы вядомы мастак Алесь Пушкін, - нагадвае ПЦ "Вясна".
Дадзенаму затрыманню папярэднічала ўзбуджэнне 26 сакавіка пракуратурай г. Гродна крымінальнай справы ў дачыненні да кіраўніка прыватнай установы “Цэнтр гарадскога жыцця” Паўла Мажэйкі і Алеся Пушкіна, а таксама іншых асобаў “за здзяйсненне наўмысных дзеянняў, скіраваных на рэабілітацыю і апраўданне нацызма”, па ч.3 арт. 130 КК (распальванне варажнечы). Павел Мажэйка быў затрыманы, але пазней вызвалены без прад’яўлення якіх-небудзь абвінавачванняў.
Як паведамілі ў пракуратуры, падставай для ўзбуджэння крымінальнай справы стала размяшчэнне на выставе, якая праходзіла ў памяшканні ўстановы “Цэнтр гарадскога жыцця” 19 сакавіка, партрэта Яўгена Жыхара з аўтаматам на плячы аўтарства мастака Алеся Пушкіна. Паводле паведамлення пракуратуры, у ходзе выставы Алесь Пушкін “характэрызаваў Жыхара як чалавека з беларускага супраціву, змагара з бальшавікамі, чым праслаўляў і ўхваляў ягоныя дзеянні”.
У сувязі з затрыманнем і прад’яўленнем абвінавачванняў Алесю Пушкіну мы, прадстаўнікі праваабарончых арганізацый Беларусі, адзначаем наступнае:
Выкананне мастаком Алесем Пушкіным партрэта ўдзельніка антысавецкага пасляваеннага партызанскага падполля Яўгена Жыхара ніякім чынам не з’яўляецца апраўданнем ідэалогіі і практыкі нацызму, ухваленнем учыненых нацыстамі злачынстваў супраць міру і бяспекі чалавецтва, у тым ліку вайсковых злачынстваў, ухваленнем ці апраўданнем дзейнасці арганізацый і асобаў, якія былі прызнаныя злачыннымі прысудамі Міжнароднага вайсковага трыбуналу ці прысудамі іншых судоў, заснаваных на прысудзе Міжнароднага вайсковага трыбунала.
Антысавецкі супраціў, які ажыццяўляўся на тэрыторыі Беларусі ў паваенны перыяд супраць таталітарнага і скрайне рэпрэсіўнага сталінскага камуністычнага рэжыму, таксама з’яўляецца часткай гісторыі нашай краіны. Характарызуючы асобу, якую ён намаляваў на партрэце, Алесь Пушкін не распальваў гэтым варажнечу па нацыянальнай, расавай, рэлігійнай ці іншых прыкметах, не ажыццяўляў прапаганды вайны, не рабіў заклікаў да якіх-небудзь гвалтоўных дзеянняў. Адпаведна ў ягоных дзеяннях адсутнічае склад злачынства, прадугледжаны арт. 130 КК.
Узбуджэнне крымінальнай справы ў дадзеным канктэксце носіць скрайне палітызаваны характар, які заснаваны на ідэалагічным падмурку савецкай гісторыяграфіі, як адзіным верным дагматычным падыходзе да гісторыі.
Мы перакананыя, што пакаранне за выказванне меркавання аб гістарычных фактах несумяшчальныя з замацаванымі ў Міжнародным пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах абавязацельствамі дзяржаў-удзельніц паважаць свабоду меркаванняў і права на іх свабоднае выказванне. Абмежаванні на свабоду меркаванняў не павінны навязвацца ні пры якіх умовах, а абмежаванні ў дачыненні да права на свабоднае выказванне меркаванняў не павінны выходзіць за рамкі патрабаванняў, прадугледжаных п.3 арт. 19 і арт. 20 Пакта.
Ацэньваючы дадзеную інфармацыю ў сукупнасці, мы прыходзім да высновы аб відавочным палітычна матываваным характары крымінальнага пераследу Алеся Пушкіна і прызнаем яго палітычным зняволеным.
У сувязі з гэтым, мы прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці, патрабуем ад уладаў Рэспублікі Беларусь:
Неадкладна вызваліць з-пад варты палітвязня Алеся Пушкіна і спыніць крымінальны пераслед у дачыненні да яго;
Спыніць выкарыстанне артыкула 130 Крымінальнага кодэкса ў мэтах пакарання за выказванне меркаванняў аб гістарычных фактах, што з'яўляецца несумяшчальным з абавязальніцтвамі Рэспублікі Беларусь па Міжнародным пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах.
Праваабарончы цэнтр "Вясна";
РГА "Прававая ініцыятыва”;
Беларускі дакументацыйны цэнтр;
РПГА "Беларускі Хельсінкскі камітэт";
Беларускі ПЭН-цэнтр;
Кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве "Хьюман Канстанта";
Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend.