14 жніўня ў Гродзенскім абласным судзе да 15 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму асудзілі палітзняволенага курсанта МУС Іллю Нарышкіна. Таксама ён мусіць выплаціць 600 базавых велічынь штрафу (24 тысячы рублёў), паведамляе ПЦ «Вясна».
Яго прызналі вінаватым паводле ч. 1 арт. 361-3 (удзел ці падрыхтоўка грамадзяніна Рэспублікі Беларусь на тэрыторыі замежнай дзяржавы ў ваенных дзеяннях без упаўнаважання дзяржавы, ч. 2 арт. 356 (здрада дзяржаве) Крымінальнага кодэкса. Справу ў закрытым рэжыме з 22 ліпеня па 14 жніўня 2024 года разгледзеў суддзя Юрый Казакевіч.
Ілля родам са Слоніма, але частку дзяцінства правёў у Гродне.
Ягоны бацька — украінец, нарадзіўся ў Крывым Рогу. Ён яшчэ ў савецкі час скончыў авіяцыйную вучэльню, але працаваў інжынерам-механікам у розных краінах. З маці хлопца яны вельмі даўно не жывуць разам.
Нарышкін паступіў у акадэмію Міністэрства ўнутраных справаў. Цяпер ён мусіў бы скончыць трэці курс крымінальна-выканаўчага факультэта.
Вядома, што падчас вучобы ён жыў актыўным жыццём: выступаў у розных конкурсах і ўдзельнічаў у інтэлектуальнай гульні ад тэлеканала «Беларусь-2», якая называецца «Вежа». Апошнія публічныя даныя аб ім датуюцца сакавіком 2023 года.
Магчыма, 21-гадовы Ілля Нарышкін хацеў далучыцца да беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне. Па артыкулах, якія яму прад'яўляюць, у апошні час часцей за ўсё судзілі людзей, якія выказвалі намер паехаць ваяваць на баку Украіны. Некаторыя з гэтых людзей перапісваліся з фэйкавымі ботамі палка Каліноўскага, створанымі спецслужбамі РБ.
вх