Polskie Radio

Беларускія дэмакратычныя актывісты абвешчаныя Расіяй у вышук

Ostatnia aktualizacja: 02.07.2024 09:50
Прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінета па абароне і нацыянальнай бяспецы Валерый Сахашчык і былы мінскі рэстаратар, грамадскі дзеяч Вадзім Пракоп’еў абвешчаныя ў вышук Міністэрствам унутраных спраў Расіі.
 ,
Вадзім Пракоп'еў, Валерый Сахашчык Ілюстрацыйны здымакFoto: screenshot z Youtube/БЕЛСАТ NEWS

Адпаведная інфармацыя апублікаваная ў базе вышуку расійскага ведамства, якое назвала Сахашчыка і Пракоп’ева «арганізатарамі вайсковага фарміравання «Пагоня».

Аб стварэнні палка «Пагоня» ў складзе Інтэрнацыянальнага легіёна Узброеных сіл Украіны (УСУ) Пракоп’еў абвясціў 30 сакавіка 2022 года. Медыя называлі сузаснавальнікам фарміравання Сахашчыка – экс-камандзіра 38-й Брэсцкай дэсантна-штурмавой брыгады.

У чэрвені паведамлялася, што першая група добраахвотнікаў палка падпісала кантракты з Сіламі спецыяльных аперацый УСУ. У тым жа месяцы адзначалася, што байцоў «Пагоні» трэніруе амерыканец Мэцью Паркер, адзін з інструктараў Інтэрнацыянальнага легіёну.

У верасні 2022 года стала вядома, што Пракоп’еў пакінуў полк, у якім займаў пасаду памочніка камандзіра. 10 ліпеня 2023 года «Радыё Свабода» паведаміла, што полк «Пагоня» «фактычна спыніў існаванне».

У чэрвені 2023-га паведамлялася аб стварэнні асобнай беларускай дэсантна-штурмавой групы ў складзе УСУ, камандаванне якой прыняў Сахашчык. Паводле яго слоў, гэта рота, «якую ўкамплектоўвалі самі беларусы». Паводле паведамлення, «беларуская рота другі месяц выконвае баявыя задачы на адным з самых цяжкіх участкаў фронту на паўднёвым усходзе Украіны і атрымлівае баявы досвед, неабходны для стварэння новага, высокатэхналагічнага і высокаэфектыўнага беларускага войска».

Брэсцкі абласны суд 26 снежня 2023 года завочна прыгаварыў Пракоп’ева да 25 гадоў пазбаўлення волі, прызнаўшы яго вінаватым у паклёпе ў дачыненні да прэзідэнта, абразе прэзідэнта, распальванні варожасці, закліках да санкцый. У Беларусі Пракоп’еў уключаны яшчэ ў спіс асоб, «датычных да тэрарыстычнай дзейнасці». У маі бягучага года экс-рэстаратар стаў яшчэ раз абвінавачаным, гэтым разам па «справе Каардынацыйнай рады».

Крыніца: Позірк.