Беларуская Служба

Расійскія акаўнты распаўсюджваюць ілжывую інфармацыю пра польскія прэзідэнцкія выбары

15.04.2025 14:49
Які можа быць адказ Польшчы на гэтыя варожыя дзеянні?
.
.buffaloboy/Shutterstock

Расійскія кіберзлачынцы распачалі кампанію, якая мае на мэце паўплываць на ход прэзідэнцкіх выбараў у Польшчы — піша Rzeczpospolita. Выданне спасылаецца на інфармацыю з цэнтра ЕС «EU versus Disinfo». Паведамляецца, што расіяне распаўсюдзілі ў ангельскамоўным інтэрнэце ілжывую інфармацыю пра тое, што Еўрапейскі Саюз збіраецца перашкодзіць Славаміру Мэнцэну балатавацца на майскіх прэзідэнцкіх выбарах, а нават намераны... адмяніць самі выбары.

Папярэджанне аб расійскай дэзінфармацыі выпусціла і агенцтва NASK, якое займаецца барацьбой з кіберзлачыннасцю ў Польшчы. Расійская кампанія, у якой прасоўваюць фэйкі, праводзіцца ў асноўным на партале X, прычым, маніпулятыўныя тэксты публікуюць акаўнты, якія раней прасоўвалі антыўкраінскія наратывы.

Эксперты, якіх цытуе газета, папярэджваюць, што чым бліжэй да прэзідэнцкіх выбараў, тым больш масавымі могуць стаць расійскія кампаніі. Гэта ўключае і хакерскія атакі, такія як атака на ІТ-інфраструктуру партыі «Грамадзянская платформа», але магчымы і фізічны сабатаж. Атакі могуць быць накіраваныя на сістэмы рэгістрацыі выбаршчыкаў і машыны для галасавання. У выніку аварыі, членам выбарчых камісій прыйдзецца лічыць галасы ўручную, як гэта адбылося ў 2022 годзе ў Вялікабрытаніі. Кібератакі былі здзейсненыя таксама падчас выбараў у Германіі, Малдове і Румыніі.

Які можа быць адказ Польшчы на гэтыя варожыя дзеянні? Польшча і Чэхія прапануюць увесці забарону перасоўвання па Шэнгенскай зоне расійскіх дыпламатаў. ЕС пакуль што не прыняў адпаведнага рашэння.  

нг