У Польшчы прайшлі прэзідэнцкія выбары. Удзел у выбарах прымала 13 кандыдатаў – як прадстаўнікі палітычных партый, так і незалежныя кандыдаты. Ніхто з прэтэндэнтаў на пасаду кіраўніка краіны не набраў больш за 50%, што дазволіла б перамагчы ў першым туры.
Паводле вынікаў экзіт-полу, праведзенага сацыялагічнай кампаніяй Ipsos для тэлебачанняў TVP, TVN i Polsat, у першым туры найбольш грамадзян Польшчы прагаласавала за прадстаўніка кіруючай партыі «Грамадзянская платформа», мэра Варшавы Рафала Тшаскоўскага (30,8%). Другое месца заняў Караль Наўроцкі, якога падтрымлівае буйнейшая апазіцыйная кансерватыўна-каталікая партыя «Права і справядлівасць» (29,1%), а трэцяе – прадстаўнік нацыяналістычнай «Канфедэрацыі» Славамір Мэнцэн (15,4%).
Чарговыя месцы занялі Гжэгаж Браўн (6,2%), Адрыян Зандберг (5,2%), Шыман Галоўня (4,8%), Магдалена Беят (4,1%), Яанна Сэнышын (1,3%), Кшыштаф Станоўскі (1,3%), Марэк Якубяк (0,8%), Артур Барташэвіч (0,5%), Мацей Мацяк (0,1%) і Марэк Вох (0,1%).
Другі тур выбараў прэзідэнта Польшчы адбудзецца 1 чэрвеня.
Аддаць свой голас у выбарах можа кожны грамадзянін Польшчы па дасягненні 18-гадовага ўзросту. Для ўдзелу ў выбарах прэзідэнта зарэгістравана каля 29 млн чалавек.
У Польшчы працавала больш за 32 тыс. выбарчых участкаў, якія былі адкрытыя з 07:00 да 21:00 па варшаўскім часе. Выбарчыя ўчасткі таксама працавалі за мяжой, у тым ліку на марскіх суднах і буравых платформах.
Дзяржаўная выбарчая камісія паведаміла, што афіцыйныя вынікі першага туру будуць аб’яўленыя найпазней у аўторак раніцай.
У Польшчы прэзідэнт выбіраецца падчас усеагульнага галасавання на пяць гадоў. Пасаду кіраўніка дзяржавы можна займаць максімальна два прэзідэнцкія тэрміны.
Другі тэрмін паўнамоцтваў актуальнага прэзідэнта Анджэя Дуды завяршаецца 6 жніўня 2025 года.
вс