Беларуская Служба

Беларускія мастакі аднаўляюць фрэскі XVI ст. у Супраслі (ФОТА)

20.02.2020 09:02
Выйшла кніга „Freski supraskie” пра насценны жывапіс царквы XVI стагоддзя на Падляшшы.
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". Эва Залеўская пра фрэскі царквы ў Супраслі.
    Freski supraskie  relikty XVI-wiecznego malarstwa postbizantyńskiego w kolekcji Muzeum Ikon w Supraślu.
Адзін з разваротаў кнігі „Freski supraskie — relikty XVI-wiecznego malarstwa postbizantyńskiego w kolekcji Muzeum Ikon w Supraślu”.Foto: Viktar Korbut

Музей ікон у Супраслі, філіял Падляшскага музея ў Беластоку, выдаў кнігу „Freski supraskie — relikty XVI-wiecznego malarstwa postbizantyńskiego w kolekcji Muzeum Ikon w Supraślu” («Супрасльскія фрэскі — рэлікты поствізантыйскага мастацтва XVI ст. у калекцыі Музея ікон у Супраслі»).

Кніга ўбачыла свет у 2019 г., але ўжо даўно запатрабавана ўсімі, хто цікавіцца гісторыка-культурнай спадчынай беларуска-польскага пагранічча, Вялікага Княства Літоўскага. Тут, на заходніх землях ВКЛ (а цяпер усходняй Польшчы) у стылі готыкі ў пачатку XVI ст. была ўзведзена манументальная царква Звеставання Найсвяцейшай Багародзіцы, распісаная, як мяркуецца, сербскімі мастакамі. Гэты шэдэўр дойлідства быў узарваны ў 1944 годзе. Рэшткі фрэсак сабралі вучоныя і цяпер яны экспануюцца ў Музеі ікон у Супраслі. І толькі ў апошнія гады была адбудавана прыгажуня-царква. А цяпер, нарэшце, убачыла свет комплекснае даследаванне і храма і жывапісу, што яго аздабляў.


Эва Залеўская, кіраўнік Музея ікон у Супраслі, з кнігай „Freski supraskie — relikty XVI-wiecznego malarstwa postbizantyńskiego w kolekcji Muzeum Ikon w Supraślu”. Эва Залеўская, кіраўнік Музея ікон у Супраслі, з кнігай „Freski supraskie — relikty XVI-wiecznego malarstwa postbizantyńskiego w kolekcji Muzeum Ikon w Supraślu”.

Эва Залеўская, кіраўнік Музея ікон у Супраслі: Супрасль — гэта невялікае мястэчка, але з багатай гісторыяй. Яно знаходзіцца за 12 км ад Беластока. Увогуле, узнікненне самога мястэчка звязана з заснаваннем у канцы XV ст. Супрасльскай лаўры. А затым быў узведзены храм, амаль цалкам распісаны арыгінальнымі фрэскамі ў поствізантыйскім стылі.

Гісторыя гэтага месца трагічная. Бо цудоўны храм не захаваўся да нашага часу. Падчас Другой сусветнай вайны, калі гітлераўцы адступалі ў ліпені 1944 года, яны падклалі ўзрыўчатку пад храм, і ад вялікага будынка застаўся толькі друз.

Тое, што ўдалося ўратаваць з-пад руін — 30 фрагментаў фрэсак, цяпер экспануецца ў Музеі ікон.

Эва Залеўская: Кніга «Супрасльскія фрэскі» раскрывае малавядомыя старонкі гісторыі храма і фрэсак. Гэта каталог і збор розных артыкулаў пра супрасльскія фрэскі. Публікуюцца матэрыялы як пра тое, хто быў аўтарам фрэсак, так і пра гісторыю інтэр’ера храма. Таксама раскрываецца гісторыя фрэсак пасля таго, як яны былі зняты са сцен і перанесены ў спецыяльныя памяшканні, дзе іх рэстаўрыравалі, а пасля перадалі ў Музей ікон.

Выданне кнігі фінансавала Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы і маршал Падляшскага ваяводства. Гэта паспрыяла таму, што мы выдалі вельмі прыгожую кнігу, вельмі змястоўную і цікавую для даследчыкаў і ўсіх, каго цікавяць фрэскі.  

Упершыню ў кнізе па-польску ўбачыў свет артыкул Пятра Пакрышкіна, які быў накіраваны Імператарскай археалагічнай камісіяй у Супрасль і тут апісаў храм і фрэскі. Раней гэты артыкул публікаваўся толькі аднойчы па-руску.

Вельмі цікавы артыкул публікуе Аляксандр Мусін — пра дзейнасць Імператарскай археалагічнай камісіі. Гэты артыкул дапаўняюць многа фатаграфій з Супрасля, якія адлюстроўваюць як корпус храма, так і інтэр’ер царквы. Гэта ўнікальныя матэрыялы, якія ўпершыню друкуюцца ў Польшчы.

Даследчыца Яанна Тамальская апісвае каштоўнасці з серабра, якія захоўваліся ў супрасльскай царкве. У артыкуле Юзафа Ядкоўскага выказваецца думка пра тое, што фрэскі звязаны з сербскай іканапіснай традыцыяй. Станіслаў Шыманьскі працягвае пошукі аналогій супрасльскіх фрэсак у Сербіі.

Срэтэн Пэтковіч у сваю чаргу шукае непасрэднага аўтара супрасльскіх фрэсак. Ён задаецца пытаннем, ці быў гэта сербскі манах або епіскап, з якім было звязана стварэнне фрэсак. Даследчык спрабуе ўстанавіць аўтара супрасльскага насценнага жывапісу.

У кнізе «Супрасльскія фрэскі» таксама можна прачытаць артыкул першага рэстаўратара ўнікальнага жывапісу Станіслава Савіцкага, які разам з калегамі збіраў фрагменты жывапісу і нанова складваў іх у сюжэты, каб потым прадставіць у музеі. Наступная рэстаўрацыя фрэсак была праведзена праз 50 гадоў.

Адзін з разваротаў кнігі „Freski supraskie — relikty XVI-wiecznego malarstwa postbizantyńskiego w kolekcji Muzeum Ikon w Supraślu”. Адзін з разваротаў кнігі „Freski supraskie — relikty XVI-wiecznego malarstwa postbizantyńskiego w kolekcji Muzeum Ikon w Supraślu”.

Цяпер арыгіналы фрэсак з царквы Звеставання ў Супраслі можна ўбачыць у Музеі ікон, на тэрыторыі манастыра пра царкве. У царкве Звеставання цяпер вядуцца работы па аднаўленні, наколькі гэта магчыма, насценнага жывапісу.

Эва Залеўская: У артыкуле Аляксандра Сямашкі ў кнізе «Супрасльскія фрэскі» разглядаецца пытанне іканаграфічнай сістэмы інтэр’ера храма. Аднак нават архіўныя матэрыялы Пакрышкіна і Ядкоўскага не дазваляюць аднавіць кожны фрагмент насценнага жывапісу.

Няма на 100% дакладнай крыніцы, якая б дазволіла аднавіць іканаграфію ўсіх сцен і скляпенняў. Але работы па аднаўленні насценнага жывапісу працягваюцца. Імі займаюцца беларускія мастакі Доўнары. І я думаю, артыкул Аляксандра Сямашкі дапаможа ім у гэтай вялікай справе.

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост