Беларуская Служба

Гісторык: Каталіцкая царква была заложнікам СССР у адносінах з Польшчай

08.07.2021 10:02
У Варшаве выйшаў зборнік дакументаў Bolszewicy w walce z religią. Kościół rzymskokatolicki w Związku Sowieckim w polskich dokumentach dyplomatycznych (1922–1938).
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". А.Шабацюк пра кнігу Bolszewicy w walce z religią.
  Bolszewicy w walce z religią. Kościół rzymskokatolicki w Związku Sowieckim w polskich dokumentach dyplomatycznych (19221938);          ,  ,    ,   .  1941 .
Вокладка кнігі Bolszewicy w walce z religią. Kościół rzymskokatolicki w Związku Sowieckim w polskich dokumentach dyplomatycznych (1922–1938); інтэр'ер кафедральнага касцёла ў Менску ў першыя дні нямецкай акупацыі, калі храм, закрыты пры савецкай уладзе, быў вернуты вернікам. Чэрвень 1941 г.Cprdip.pl; Bundesarchiv, Bild 101I-137-1008-24 / Kessler, Rudolf / CC-BY-SA 3.0

Bolszewicy w walce z religią. Kościół rzymskokatolicki w Związku Sowieckim w polskich dokumentach dyplomatycznych (1922–1938) («Бальшавікі ў барацьбе з рэлігіяй. Рымска-каталіцкая царква ў Савецкім Саюзе ў польскіх дыпламатычных дакументах (1922-1938)» — кнігу пад такой назвай выдаў у канцы чэрвеня варшаўскі Цэнтр польска-расійскага дыялогу і паразумення. Гэта першае ў Польшчы і ў свеце выданне, якое дазваляе прасачыць гісторыю Каталіцкай царквы ў Савецкім Саюзе і, у прыватнасці, у БССР у міжваенны перыяд праз прызму дакументаў польскай дыпламатыі.

«Да 1 мая 1937 г. на ўсёй тэрыторыі Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік не павінна застацца ніводнага малітоўнага дома, а само паняцце бога павінна быць выкраслена як рэлікт Сярэдневякоўя, як інструмент прыгнёту працоўных мас», — пад такім лозунгам бальшавікі пачыналі ў 1932 годзе антырэлігійную пяцігодку, якая ў Беларускай ССР закранула між іншым Рымска-каталіцкую царкву, а разам з ім і беларускую і польскую традыцыйную культуру.

Увесь апарат савецкай дзяржавы ажыццяўляў дзейнасць, накіраваную на ліквідацыю духавенства і месц культу, праводзіў атэізацыю грамадства. І гэта закранала не толькі сярэдневяковыя перажыткі, але і глыбінныя асновы культуры насельніцтва Савецкай Беларусі, у выпадку католікаў — беларусаў і палякаў.

У міжваенны перыяд у Савецкім Саюзе жыло больш за паўтара мільёна вернікаў Каталіцкай царквы. Пераважная большасць з іх лічыла сябе палякамі, у т.л. у БССР. Дапамагчы ім захаваць свае рэлігійныя традыцыі і шчыльна звязаную з імі нацыянальную ідэнтычнасць спрабавала польская дыпламатыя. Гарантыя рэлігійных свабод для палякаў у СССР была заключана ў Рыжскім дагаворы 1921 года. Аднак гэта норма не выконвалася бальшавікамі.

Анджай Шабацюк, ад’юнкт кафедры тэорыі палітыкі і ўсходніх даследаванняў Інстытута навук пра палітыку і кіраванне факультэта грамадазнаўства Люблінскага каталіцкага ўніверсітэта імя Яна Паўла ІІ, навуковы рэдактар кнігі Bolszewicy w walce z religią. Kościół rzymskokatolicki w Związku Sowieckim w polskich dokumentach dyplomatycznych (1922–1938):Пасля ўсталявання бальшавіцкай улады на тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай Каталіцкая царква апынулася пад моцным ціскам улады, якая змагалася з усімі рэлігіямі. Як мы ведаем, яшчэ Карл Маркс называў рэлігію опіумам для народу, лічыў элементам, які асляпляе грамадства і не дазваляе чалавеку рацыянальна ацаніць сітуацыю, у якой ён апынуўся. Бальшавікі пачалі ажыццяўляць тыя намеры, якія раней акрэсліў Карл Маркс — выганяць рэлігію з грамадска-палітычнага жыцця.

І Каталіцкая царква, таксама як праваслаўныя, іудзеі, мусульмане, паступова выцяснялася з жыцця савецкага грамадства, праследавалася.

Першай важнай падзеяй у пачатку 1920-х гг. была канфіскацыя царкоўнай маёмасці. Гэта датычыла ўсіх веравызнанняў на тэрыторыі, што кантралявалася бальшавікамі. Нагодай для такіх дзеянняў стаў голад, які ахапіў у той час Паволжа. Бальшавікі заклікалі падтрымліваць тых, хто галадаў, канфіскоўваючы царкоўную маёмасць, якая пазней павінна была быць прададзена, а на выручаныя сродкі набыты спажывецкія тавары для тых, хто галадаў. Мы ведаем, што гэтага не адбылося. Голад быў толькі нагодай, а мэтай з’яўляўся ўдар па рэлігійных супольнасцях. 

У адносінах бальшавікоў і Каталіцкай царквы ў СССР, у т. л. у БССР, быў важны міжнародны аспект. Кіраўніком Каталіцкай царквы з’яўляўся Папа Рымскі, цэнтр царквы знаходзіўся ў Рыме, важным яе цэнтрам была Польшча, і ксяндзоў у СССР успрымалі як шпіёнаў. Пры гэтым працавала схема, паводле якой католікі і палякі разглядаліся як нешта адно цэлае і чужое, нелаяльнае да савецкай улады — і яны пастаянна знаходзіліся пад пільным наглядам спецслужб.

Анджай Шабацюк:Лёс католікаў і палякаў у 1920-я гады быў падобны. А ў 1930-я гады гэтыя супольнасці сталі ахвярамі рэпрэсій. У першую чаргу гэтыя рэпрэсіі ўдарылі па духавенстве. У 1920-я гады ксяндзоў прымушалі падпарадкоўвацца савецкай уладзе. Савецкія ўлады таксама абмяжоўвалі кантакты каталіцкага духавенства з польскімі дыпламатычнымі прадстаўніцтвамі. Бо не сакрэт, што ўлады Польшчы стараліся па магчымасці падтрымліваць Каталіцкую царкву ў СССР. І для гэтага была прававая аснова — Рыжскі мірны дагавор, які гарантаваў як праваслаўнаму насельніцтву ў Польшчы, так і каталіцкаму ў СССР пэўныя правы. Пры гэтым бальшавікі не прымалі аргументаў польскіх улад і часцей за ўсё абвінавачаныя ў шпіянажы абменьваліся на камуністаў арыштаваных на тэрыторыі Польшчы. Такім чынам, Каталіцкая царква была заложнікам СССР у адносінах з Польшчай.

Анджай Шабацюк адзначае, што гэта тэндэнцыя зноў праявілася ў нашы дні. У апошнія гады Каталіцкая царква ў Беларусі і Расіі з’яўляецца аб’ектам ціску з боку ўлад гэты дзяржаў.

Анджай Шабацюк:І гэты прэсінг адлюстроўвае ўзровень адносін паміж Польшчай і гэтымі дзяржавамі. Натуральна, цяжка параўноўваць цяперашнюю сітуацыю з тым, што адбывалася ў 1920-1930-я гады. Тым не менш, на мой погляд, пэўныя аналогіі тут можна правесці.

Анджай Шабацюк лічыць, што зборнік дакументаў Bolszewicy w walce z religią. Kościół rzymskokatolicki w Związku Sowieckim w polskich dokumentach dyplomatycznych (1922–1938) мае вялікае павучальнае значэнне — як урок гісторыі для сучасных палітыкаў.

Анджай Шабацюк:Гэта кніга паказвае кулісы дзейнасці польскіх улад у адносінах да Каталіцкай царквы і польскай нацменшасці за ўсходняй граніцай Польшчы. Сёння мы часта не ведаем, што дакладна польскія ўлады робяць для Каталіцкай царквы і польскай нацменшасці ў Расіі, Беларусі, Украіне. Гэтым пытаннем задаюцца журналісты, інтэлектуалы. Але многія аспекты з’яўляюцца сакрэтнымі. Гэты зборнік дакументаў не дае поўнай карціны дзейнасці польскіх улад у адносінах да польскай нацменшасці і католікаў, але паказвае галоўныя галіны, у якіх яны дзейнічалі. З дакументаў мы даведваемся пра перагаворы, якія вялікі польскія ўлады з бальшавікамі. Таксама мы даведваемся пра тыя формы ціску на бальшавікоў, якія ажыццяўлялі заходнія дзяржавы — Англія, Італія, Ватыкан, Францыя. Захад быў інфармаваны Польшчай пра тое, што адбывалася ў СССР. Уплывовыя амерыканскія і брытанскія пісьменнікі заахвочваліся да таго, каб у прэсе, кнігах гэта праблема адлюстроўвалася — гэтыя людзі забяспечваліся адпаведнымі матэрыяламі. Мы бачым, што польскія ўлады праводзілі вельмі актыўную дзейнасць. А абвінавачванне іх у пасіўнасці, у тым, што яны не ўсведамлялі, што адбывалася ў СССР, беспадстаўныя. Бо польскія ўалды досыць добра арыентаваліся ў становішчы Каталіцкай царквы і польскай нацменшасці за ўсходняй граніцай Польшчы. І рабілі тое, што маглі.

І сёння мы назіраем аналагічную сітуацыю і падобныя дзеянні, але часткова сакрэтныя. І мы не ведаем усіх падрабязнасцей перагавораў улад Польшчы з уладамі Беларусі ці РФ. Але яны могуць выглядаць так жа, як і ў міжваенны перыяд. Натуральна, што нельга параўноўваць цяперашнія палітычныя сістэмы і рэаліі з тагачаснымі, бо гэта розныя рэчаіснасці. Бо 1930-я гг. былі часам фізічнага знішчэння польскай нацменшасці ў СССР.

У дакументах мы маем цікавыя сведчанні. Яны паказваюць узровень ведаў польскіх улад на тэму рэальнага становішча Каталіцкай царквы і польскай нацменшасці за ўсходняй граніцай Польшчы.

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

Гісторык: Савецкая хлусня пра падзеі верасня 1939 г. выкарыстоўваецца прапагандай Лукашэнкі

03.06.2021 10:03
Цэнтр польска-расійскага дыялогу і паразумення выдаў кнігу „Za pierwszych Sowietów. Polsko-białoruskie pogranicze 1939–1941 w relacjach mówionych mieszkańców Białorusi”.