Беларуская Служба

Прадпрымальнік беларускага паходжання набыў у Германіі карціну Станіслава Жукоўскага

09.01.2025 15:21
Павел Падкарытаў (Бераговіч), які аднаўляў палац у Падароску Ваўкавыскага раёна, набыў у Германіі карціну з выявай рэзідэнцыі.
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". П.Падкарытаў набыў карціну С.Жукоўскага.
  . ,  .  ().
Фрагмент карціны С. Жукоўскага, набытай П. Падкарытавым (Бераговічам).https://www.facebook.com/pavel.podkorytov68

Неўзабаве пасля выхаду ў свет двухтомнай манаграфіі Ірыны Сізоненка з Любліна, ураджэнкі Украіны, пра мастака з-пад Ваўкавыска Станіслава Жукоўскага („Stanisław Żukowski (1875–1944). Czas prawdy” і „Obraz ten jest przeze mnie wykonany”. Twórczość malarska i wystawiennicza Stanisława Żukowskiego (1875–1944)” успыхнула цікавасць да асобы і спадчыны жывапісца. Гэта вельмі сімвалічна, бо ў 2025 годзе спаўняецца 150 год з дня нараджэння Жукоўскага.

Прадпрымальнік з беларускімі каранямі Павел Падкарытаў (Бераговіч), які цяпер жыве ў Эстоніі, а яшчэ нядаўна аднаўляў палац у Падароску Ваўкавыскага раёна (пакуль гэты бізнес не быў прыкрыты ўладамі Беларусі), з якім звязана і біяграфія Жукоўскага, які адлюстраваны на многіх яго творах, набыў у Германіі карціну пэндзля жывапісца.


Карціна С. Жукоўскага, набытая П. Падкарытавым (Бераговічам). Карціна С. Жукоўскага, набытая П. Падкарытавым (Бераговічам).

— Станіслаў Жукоўскі неаднойчы гасцяваў у Падароску — захаваліся фатаграфіі, на якіх ён адлюстраваны разам з уласнікам палаца Отанам Бохвіцам. Мастак маляваў і ваколіцы Падароска, і сам маёнтак. Ёсць карціны, на якіх выяўлены палац, яго пакоі, падароскі парк. Два тыдні таму каля паўдня я атрымаў паведамленне з аднаго з сайтаў, якія сочаць за продажамі прадметаў мастацтва, што сёння адбываецца аўкцыён, на якім прадаецца карціна Жукоўскага з адлюстраваннем падароскага палаца. Я адразу наведаў сайт аўкцыённага дома ў ФРГ, але інфармацыі пра аўкцыён там не знайшоў. Пачаў шукаць аўкцыён па нумары: быццам бы ён адбыўся... у сярэдзіне лістапада… Спазніўся я, шкада… Але захацелася даведацца, за колькі быў прададзены твор Жукоўскага. Знайсці вынікаў аўкцыёна таксама не змог. Потым заўважыў, што сайт прапануе зарэгістравацца і даслаць асабістую анкету, каб дазволіць удзел у аўкцыёнах. Я дасылаю анкету і пішу ў лісце, што хацеў бы даведацца пра вынікі продажу карціны Жукоўскага. Праз 5 мінут мне тэлефануе супрацоўніца аўкцыённага дома і кажа, што аўкцыён па Жукоўскім пачнецца... літаральна праз 10 мінут! Дык хіба ж аўкцыён не адбыўся? Не, гаворыць жанчына: ён быў перанесены на сёння. Яна ўдакладняе, ці я прыму зараз удзел па тэлефоне. Трэба тады пацвердзіць першапачатковы кошт лота. Я тым часам успамінаю, што ў аўкцыённым доме Sotheby’s у 2004 годзе эстымэйт (прыблізная ацэнка кошту лота экспертамі аўкцыённага дома) складаў 30-40 тыс. фунтаў стэрлінгаў. Але на тым канцы провада я чую: 1000 еўра. Я адразу пагаджаюся. Пакуль я чакаю падыходу лота, коратка расказваю супрацоўніцы аўкцыённага дома пра палац, намаляваны на карціне, чаму яна мне цікавая і як я пра яе даведаўся. Калі агучваецца нумар лота з палатном Жукоўскага, аказваецца, што заявак, апрача маёй, няма. І карціна трапляе да мяне па ацэначным кошце! Я меў падазрэнні, што гэта мо і не Жукоўскі ўвогуле, а нейкая падробка (ці прынамсі танная копія). Калі я аглядзеў набытак, то зразумеў, што гэта дакладна не той Жукоўскі, які раней быў прададзены ў аўкцыённым доме Sotheby’s. Прапорцыі палаца не зусім дакладныя. Палац больш удала намаляваны на сотбісаўскім экзэмпляры, чым на маім. Але, на маю думку, набытая мною карціна — не падробка. Чаму? «Сотбісаўскае» палатно падпісана мастаком па-польску: Żukowski 1936. А мая карціна падпісана па-руску: С. Жуковскій, без даты. Мастак, бадай, не падпісваў свае работы па-руску пасля таго, як з’ехаў з Масквы ў Польшчу ў 1923 г. Дык, магчыма, ён напісаў гэты твор да 1914 г.? Ці бываў ён у Падароску ў гэты перыяд? Магчыма, нешта падкажа пра гісторыю карціны штамп на абароце палатна: Собрание Е. Р. Ратнера. Ленинград. Я знайшоў звесткі пра выстаўку работ мастака Каровіна ў 1961 г., на якой экспанавалася карціна са збору «Е. Р. Ратнера». Таксама я даведаўся пра ленінградскага калекцыянера Рафаіла Яфімавіча Ратнера 1930-1940 гг. Можа, «Е.Р.» — яго сын? Усё гэта трэба яшчэ высветліць. А карціна Жукоўскага, спадзяюся, некалі будзе экспанавацца ў падароскім палацы.

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

Польскія археолагі ў 1920-я гг. адкрылі пад Ваўкавыскам сляды самых старажытных продкаў беларусаў

31.10.2024 16:01
Археолаг Вераніка Лебедзь вывучае знаходкі польскіх археолагаў 1921-1939 гг. на Панямонні, Заходнім Палессі і Падляшшы.