Да 16 чэрвеня можна падаваць скаргі на падлік галасоў падчас другога тура выбараў прэзідэнта Польшчы. Нагадаем, галасаванне прайшло 1 чэрвеня.
Найбольш галасоў атрымаў незалежны кандыдат Караль Наўроцкі (Karol Nawrocki), якога падтрымлівае партыя правага крыла палітычнай сцэны краіны - “Права і справядлівасць”. За яго галасавала 10 606 877 чалавек (50,89%). А за Рафала Тшаскоўскага (Rafał Trzaskowski), намесніка старшыні партыі “Грамадзянская платформа”, — 10 237 286 асоб (49,11%).
Такім чынам, розніца паміж кандыдатамі склала 369 591 голас, або 1,78 працэнтнага пункта. Гэта была самая малая розніца ў гісторыі другіх тураў выбараў у Трэцяй Рэчы Паспалітай.
У сераду, 11 чэрвеня Караль Наўроцкі атрымаў у Каралеўскім замку ў Варшаве пасведчанне аб абранні новым кіраўніком дзяржавы. Дзяржаўная выбарчая камісія яшчэ не прыняла рэзалюцыі аб выніках прэзідэнцкіх выбараў, паколькі ў гэтую ўстанову, а таксама ў Палату па надзвычайным кантролі і грамадскіх справах Вярхоўнага суда паступаюць скаргі на ход галасавання і падліку галасоў.
Уручаючы Каралю Наўроцкаму дакументы аб яго абранні на высокую пасаду, старшыня Дзяржаўнай выбарчай камісіі Сыльвэстар Марціняк (Sylwester Marciniak) заявіў:
— Мне ўжо надакучыла польска-польская вайна, таксама мне надакучыла вайна паміж суддзямі. Я спадзяюся, што спадару прэзідэнту ў яго супрацоўніцтве з вышэйшымі органамі польскай дзяржавы ўдасца вырашыць гэтыя праблемы.
У сваю чаргу, Караль Наўроцкі абяцаў, што ён будзе прэзідэнтам усіх палякаў.
— Неабходна разбурыць мур нянавісці і пачаць цывілізаваную палітычную размову. А нянавісць не павінна быць альтэрнатывай неэфектыўным уладам.
Да серады вечара Вярхоўны суд зарэгістраваў 108 скаргаў, звязаных з арганізацыяй і правядзеннем выбараў. Пакуль што ніводная скарга не была прызнаная настолькі сур’ёзнай, што парушэнні, на якія яна ўказвала, маглі б паўплываць на вынік выбараў. Чаму суд адхіляе скаргі? Па некалькіх прычынах, пакуль што гэта чыста фармальныя прычыны, - адзначае афіцыйная прадстаўніца ўстановы Моніка Дрваль (Monika Drwal).
— Напрыклад, калі скарга была ўнесеная чалавекам, які не мае на гэта права, калі пратэст парушае фармальныя правілы, калі ён быў унесены з парушэннем тэрміну. Скаргу адхіляем, калі яна не ўтрымлівае канкрэтных закідаў, а таксама, калі не ўтрымлівае доказаў парушэнняў.
Такую скаргу можа падаць у пісьмовым выглядзе кожны выбаршчык, а таксама ўпаўнаважаныя выбаршчыкаў і старшыні выбарчых камісій. А наколькі вялікая магчымасць памылкі падчас падліку галасоў? Нават не кажучы пра фальсіфікацыю, а проста звычайную, чалавечую памылку? Гэта пытанне да майго калегі, Эдуарда Жолуда, які быў падчас выбараў членам адной з выбарчых камісій і, адпаведна, удзельнічаў у працэсе падліку галасоў.
— Чалавек – істота недасканалая, таму памылкі магчымыя. Але камісіі ў Польшчы фарміруюцца такім чынам, што туды высоўваюцца прадстаўнікі выбарчых камітэтаў. То бок, падлікам галасоў займаюцца людзі, якія маюць супрацьлеглыя палітычныя погляды, якія падтрымліваюць розных палітычных кандыдатаў. І яны глядзяць адзін аднаму на рукі. На ўчастку, дзе я працаваў, у спісе выбаршчыкаў было больш за 2000 чалавек, была велізарная яўка, больш за 70%, адпаведна, трэба было падлічыць больш за 1800 бюлетэняў, унесці ўсё ў пратаколы. Памылкі здараюцца, але яны не ўплываюць на вынік, агульны вынік па краіне. Бо ў гэтым і сэнс, каб галасаванне было празрыстай працэдурай. Вельмі цяжка сабе ўявіць, што ўсе чальцы выбарчай камісіі як адзін памыліліся і не ўнеслі адпаведных заўваг у пратакол.
А калі б члены камісіі хацелі нейкім чынам падтасаваць вынікі выбараў, перанесці крыху галасоў з аднаго кандыдата на іншага? Паводле заканадаўства, у склад камісіі ўваходзіць як мінімум 5 чалавек. Зразумела, што, скажам, дваім людзям было б прасцей дамовіцца, чым пяці, сямі ці больш. І ці ёсць назіральнікі падчас падліку?
— Два чальцы - гэта немагчыма, трэба, каб была няцотная колькасць, то бок, 5, 7, 9... Абавязкова павінны быць намеснік і старшыня камісіі. Ці могуць прысутнічаць назіральнікі? Так, безумоўна. У Польшчы ёсць тры асноўныя інстытуты назіральнікаў. Гэта міжнародны назіральнік, плюс ёсць такі інстытуты, як mąż zaufania. Гэта давераная асоба. Гэта назіральнікі, якія высоўваюцца выбарчым камітэтам. То бок, прадстаўнік кандыдата, які мае права сачыць абсалютна за ўсімі дзеяннямі. На тым участку, дзе я працаваў, за ўсім сачыў прадстаўнік апазіцыйнага кандыдата Караля Наўроцкага. У другім туры, вядома, могуць быць прадстаўнікі толькі двух кандыдатаў, таму што два прозвішчы ў бюлетэнях. Але, напрыклад, у першым туры на кожным выбарчым участку магло быць аж 13 давераных асоб. Нядаўна ў Польшчы з'явіўся такі заканадаўчы тэрмін, як społeczni obserwatorzy – грамадзянскія назіральнікі. Грамадзянскіх назіральнікаў высоўваюць няўрадавыя арганізацыі, якія сярод іншага ў мэтах сваёй статутнай дзейнасці маюць развіццё дэмакратыі і грамадзянскай супольнасці. Раней такога інстытуту не было, зараз ён ёсць.
Ці суд мог бы загадаць паўторны падлік галасоў у нейкай асобна ўзятай камісіі ці агулам па ўсёй краіне?
— Гэта вельмі цікавае пытанне, тому што, калі глядзець выключна на заканадаўства, на выбарчы кодэкс Польшчы, то на самой справе не прадугледжаны падчас прэзідэнцкіх выбараў механізм пераліку ўсіх галасоў. Вышэйшы суд можа вынесці пастанову аб тым, што выбары несапраўдныя і тады ўвесь выбарчы працэс павінен пачацца ад пачатку. Але, калі ідуць асобныя справы, тады суд, пракуратура могуць звернуцца па выбарчы матэрыял, у тым ліку па ўсе бюлетэні і праверыць, ці ўсё там было добра, ці ўсё адпавядае нормам заканадаўства. Пракуратура ці суд могуць запатрабаваць прадставіць бюлетэні і правесці следчыя дзеянні. Але, каб узяць і пералічыць усе галасы на прэзідэнцкіх выбарах, - такая магчымасць выключана.
Відаць, калі б парушэнні былі настолькі сур’ёзнымі, што трэба было б правесці паўторны падлік галасоў, суд загадаў бы распісаць паўторнае галасаванне, каб грамадзяне не мелі сумненняў у якасці дэмакратычных працэсаў. Але дагэтуль такія сітуацыі ў Польшчы не здараліся.
IAR/нг