У Выдавецтвах Варшаўскага ўніверсітэта выйшла кніга вядомага польскага гісторыка, даследчыка гісторыі Беларусі і Польшчы перыяду Другой сусветнай вайны і эміграцыі, выкладчыка Варшаўскага ўніверсітэта беларусазнаўца Юрыя Грыбоўскага (Ежы Гжыбоўскага) W kraju i na obczyźnie. Kapelani wojskowi wyznania prawosławnego w armii II Rzeczypospolitej i Polskich Siłach Zbrojnych na Zachodzie («У краіне і на чужыне. Вайсковыя капеланы праваслаўнага веравызнання ў арміі ІІ Рэспублікі Польшча і і Польскіх узброеных сілах на Захадзе»).
У манаграфіі змешчаны нарысы жыцця і дзейнасці праваслаўных свяшчэннікаў, якія служылі капеланамі ў Войску Польскім з 1919 да 1949 г. Іх лёсы прадстаўлены на фоне грамадска-палітычных і міжнародных падзей, якія адбываліся ў Польшчы і свеце ў той час.
Капелан — гэта свяшчэннік у арміі прыраўнаваны да намесніка камандзіра палка або батальёна, якому прадстаўляецца асабісты ўзброены ад'ютант. Капелан адказны за духоўнае выхаванне радавых салдат, матросаў, афіцэраў і іх сямей. У яго функцыі ўваходзіць богаслужэнне сярод ваеннаслужачых, кантроль за іх маральным станам, адпяванне памерлых (загінуўшых) і г.д.
Юры Грыбоўскі: — У першым раздзеле кнігі расказваецца пры інстытут капеланаў у Войску Польскім падчас польска-савецкай вайны пачатку 1920-х гг. і ў мірны час, а таксама ў гады Другой сусветнай вайны, калі вайсковыя свяшчэннікі служылі ў эміграцыі.
Другі раздзел працы цалкам прысвечаны капеланам даваеннага перыяду, у тым ліку галоўным вайсковым свяшчэннікамі праваслаўнага веравызнання: а. Васілію Мартышу і а. Сімяону Федаронку. У гады вайны ўсіх іх напаткаў лёс пакутнікаў за бацькаўшчыну — Польшчу і праваслаўную веру.
У трэцім раздзеле Юры Грыбоўскі расказвае пра ваенных свяшчэннікаў, якія выконвалі свой духоўны абавязак як у мірны час, так і ў гады Другой сусветнай вайны.
Вокладка кнігі Ю. Грыбоўскага W kraju i na obczyźnie. Kapelani wojskowi wyznania prawosławnego w armii II Rzeczypospolitej i Polskich Siłach Zbrojnych na Zachodzie. На вокладцы: айцец Усевалад Яськоў сярод польскіх праваслаўных салдат падчас адзначэння свята Іардана (каля царквы Святой Марыі Магдаліны). Іерусалім, 19 студзеня 1945 г.
Чацвёрты раздзел з'яўляецца біяграфіяй а. Міхаіла Бажар’янава, якому было наканавана стаць капеланам ваенных бежанцаў у Іране і Усходняй Афрыцы. Асоба гэтага свяшчэнніка ўжо была прадметам даследаванняў у Польшчы і за мяжой, але ў кнізе Юрыя Грыбоўскага ўпершыню прадстаўлена найбольш поўная яго біяграфія.
Апошняя, пятая, глава манаграфія варшаўскага вучонага прысвечана жыццю і дзейнасці епіскапа Матфея (Канстанціна Сямашкі), які прайшоў шлях духоўнага пастыра ад прыходскага свяшчэнніка і капелана да іерарха Польскай аўтакефалькай праваслаўнай царквы і кіраўніка Польскай праваслаўнай царквы ў эміграцыі (у Вялікабрытаніі).
Юры Грыбоўскі: — На прыкладзе лёсу свяшчэннікаў можна прасачыць гісторыю польскага праваслаўя ў ХХ стагоддзі. Біяграфіі капеланаў наглядна дэманструюць складаныя рэаліі, у якіх давялося жыць і працаваць духавенству. У даваенны перыяд узаемаадносіны паміж польскай дзяржавай і Праваслаўнай царквой былі вельмі складаныя і неадназначныя. У гады Другой сусветнай вайны праваслаўныя грамадзяне Польшчы неслі ўвесь цяжар адказнасці за лёс іх бацькаўшчыны. Нягледзячы на тое, што большасць праваслаўных капеланаў не з'яўляліся палякамі па нацыянальнасці (сярод іх пераважалі ўкраінцы, а таксама рускія і беларусы), яны годна выканалі свой грамадзянскі абавязак у адносінах да сваёй радзімы. Яны таксама былі ўзорнымі пастырамі сваёй Мацеры-Царквы: верна служылі польскай дзяржаве і Праваслаўнай царкве ў перыяд цяжкіх выпрабаванняў.
Віктар Корбут
Слухайце аўдыё