Варшаўскі Музей Незалежнасці падрыхтаваў да 80-годдзя пачатку Другой сусветнай вайны ўнікальную экспазіцыю. Аматары гісторыі змогуць даведацца пра лёс аднаго з самых элітарных пяхотных падраздзяленняў даваеннага Варшаўскага гарнізона.
Выстава „Сталічны батальён у абароне Варшавы ў 1939 годзе” будзе працаваць з 30 жніўня па 6 кастрычніка ў галерэі „Белянская брама” ў Музеі 10-га павільёна Варшаўскай цытадэлі. Да выставы быў выдадзены каталог, у якім апісаная гісторыя Сталічнага батальёна.
Унікальнай падзеяй стане таксама прэзентацыя сцяга Сталічнага батальёна. Яго рэканструкцыяй займалася Гістарычная асацыяцыя „Цытадэль”, якая гадамі шукала пісьмовых і вусных крыніц, якія б дазволілі рэканструяваць унікальны сцяг, што згарэў падчас Варшаўскага паўстання.
Сталічны батальён быў элітарным пяхотным падраздзяленнем даваеннага Варшаўскага гарнізона. Яго афіцэры і жаўнеры неслі службу ў самых стратэгічных месцах у горадзе. У яго склад уваходзілі найлепшыя салдаты з цэлай краіны.
Падчас баёў за сталіцу загінула больш за палову жаўнераў Сталічнага батальёна. Астатнія афіцэры і салдаты 5 кастрычніка 1939 года канчаткова пакінулі Варшаву.
аз