Беларуская Служба

Тэатральныя калектывы з 13 краін прымаюць удзел у фестывалі „Белая вежа”

11.09.2019 13:01
XXIV Міжнародны тэатральны фестываль "Белая вежа" пройдзе па 15 верасня.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo:HolgersFotografie/CC0 Public Domain

У Брэсцкім акадэмічным тэатры драмы ўрачыста адкрыўся XXIV Міжнародны тэатральны фестываль „Белая вежа”, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Тэатральны форум стаў заключным акордам святочных мерапрыемстваў, якія праходзяць у Брэсце ў гонар 1000-гадовага юбілею. У фэстывалі ўдзельнічаюць прадстаўнікі 13 краін - 28 тэатральных калектываў з Беларусі, Расіі, Украіны, Малдовы, Польшчы, Германіі, Францыі, Казахстана, Арменіі, Балгарыі, Венгрыі, Грузіі, Літвы.

Конкурсную праграму адкрыў спектакль „Сымон-музыка” ў пастаноўцы Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Я. Коласа.

У фестывальнай афішы заяўлены і монаспектаклі, пастаноўкі для дзяцей і лялечныя спектаклі, пластычныя і балетныя пастаноўкі. Асаблівая ўвага пры складанні праграмы была ўдзелена калектывам з гарадоў-пабрацімаў. У прыватнасці, сваю творчасць прадставяць тэатры з польскага Любліна, балгарскага Плевена, расійскай Цюмені, украінскіх Луцка і Адэсы, грузінскага Батумі.

Ацэньваць пастаноўкі будзе інтэрнацыянальная каманда прафесійных крытыкаў з Германіі, Літвы, Расіі, Эстоніі, Беларусі.

XXIV Міжнародны тэатральны фестываль "Белая вежа" пройдзе па 15 верасня. Арганізатарамі форуму выступаюць Брэсцкія абласны і гарадскі выканаўчыя камітэты, Міністэрства культуры, Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы.-

аз