Вядомы беларускі гісторык, кандыдат гістарычных навук ды спецыяліст па беларуска-польскіх адносінах Ігар Мельнікаў арганізуе выставу ў Мінску. Экспазіцыя называецца «Мяжа была пад Мінскам» і прысвечаная гэтак званай рыжскай мяжы – даваеннай польска-савецкай граніцы. На выставе будуць паказаныя фотаздымкі, дакументы і артэфакты, у тым ліку рэдкія.
Паводле Ігара Мельнікава, над пытаннем польска-савецкай мяжы ён працуе больш за 10 гадоў. Спецыяліст кажа, што ў міжваенны перыяд мяжа была надзвычай цікавым і адначасова небяспечным месца: «кантрабандысты, якія туды сюды хадзілі, вайна разведак». А яшчэ праз мяжу следаваў славуты транссібірскі экспрэс Уладзівасток – Парыж, у вагонах якога ехалі славутыя людзі таго часу. Праўда, на граніцы ім прыходзілася рабіць перасадку з-за розніцы ў шырыні каляіны.
А што будзе на выставе? Ігар Мельнікаў сказаў, што ўпершыню будуць паказаныя ў Беларусі мундзіры даваеннай польскай Памежнай службы, амерыканскі пашпарт з польскай транзітнай ды савецкай уязной візамі, арыгінальныя шыльды польскіх і савецкіх памежных слупоў, а таксама арыгінальны польскі арол – герб Польшчы, які быў на адной з польскіх заставаў.
Экспазіцыя будзе адкрытая 17 верасня а 17-й гадзіне ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы ў беларускай сталіцы. Гэта вуліца Янкі Купалы, 4.
З гісторыкам размаўляе Валеры Саўко.
падрабязнасці – слухайце аўдыёфайл