Беларуская Служба

Беларусь прадставілі на варшаўскім Фестывалі навукі 2019

25.09.2019 17:17
Полька пра Беларусь: У Беларусі вельмі зычлівыя людзі, прыгожая прырода, свежае паветра – карацей, для мяне гэта ідэальнае месца для жыцця.
Аўдыё
  • Наведнікі фестывалю маглі даведацца пра магчымасці ўезду у Беларусь ці тэндэнцыі ў сучаснай беларускай літаратуры
Mińsk
Mińskpixabay.com

У апошнія дні ў варшаўскіх універсітэтах праходзіць Фестываль навукі. У ягонай праграме, між іншым, прайшлі сустрэчы пад агульнай назвай «Беларусь вядомая і невядомая», якія былі падрыхтаваныя выкладчыкамі і студэнтамі Кафедры беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта.

На некаторых сустрэчах можна было даведацца пра турыстычны патэнцыял Беларусі і магчымасці наведвання краіны. Аб выніках сустрэч расказвае загадчыца Кафедры беларусістыкі доктар Вольга Трацяк.

- Першая сустрэча датычыла Беларусі ў інтэрнэт-прасторы (...). На сустрэчы было вельмі шмат зацікаўленых асоб, якія ніколі не сустракаліся з влогерамі, увогуле з новай формай прадстаўлення рэчаіснасці, якой з’яўляецца влог.

Другая сустрэча датычыла тэмы нацыянальных паркаў Беларусі і архітэктуры галоўных гарадоў Беларусі. На сустрэчу прыйшло вельмі шмат асоб, якія былі зацікаўленыя не толькі гісторыяй і натуральным багаццем Беларусі, але таксама хацелі здабыць практычныя веды, як паехаць у Беларусь, як атрымаць візу, дзе можна затрымацца, пажыць. Гэта нас вельмі цешыла, бо такой менавіта сустрэчы мы і чакалі.

Нам бы вельмі хацелася, каб Беларусь пачалі наведваць палякі, бо ў нас ёсць вельмі шмат натуральных багаццяў і цікавая супольная спадчына. Такую магчымасць дае цяпер сітуацыя бязвізавага ўезду, а таксама спрошчаны візавы кантроль ці сітуацыя, калі мы можам на самалёце прыляцець у Мінск і атрымаць бясплатную візу на 30 дзён і падарожнічаць па Беларусі без візы.

Сваімі ўражаннямі пра наведванне Беларусі падзяліліся з намі і ўдзельнікі сустрэчаў, якія прайшлі ў Варшаўскім універсітэце. Гаворыць удзельніца Анна Гадэцка.

- Я прыйшла на сустрэчу, таму што я ўжо была ў Беларусі. Мне там так спадабалася, што хачу туды вярнуцца. А вось тут я магла даведацца больш пра розныя цікавыя месцы, якія можна пабачыць у Беларусі. У Беларусі вельмі зычлівыя людзі, прыгожая прырода, свежае паветра – карацей, для мяне гэта ідэальнае месца для жыцця.

На фестывалі ўдзельнікі маглі таксама пачуць пра культурныя асаблівасці Беларусі, у тым ліку пра сучасную літаратуру. Мы запыталіся ў выкладчыцы беларускай філалогіі Варшаўскага ўніверсітэта доктара Катажыны Дрозд, чым беларуская літаратура можа захапіць польскіх чытачоў?

- Беларуская літаратура ў апошнія гады займаецца падобнымі тэмамі і тэндэнцыямі, якія заўважальныя ў агульнаеўрапейскай творчасці. Менавіта гэтае супадзенне з агульнымі трэндамі можа прыцягваць увагу палякаў. Зараз у беларускай літаратуры моднай з’яўляецца тэма гарадской прасторы, а таксама грамадска-палітычныя абставіны, у тым ліку і сітуацыя беларускай мовы.

У наступным годзе Кафедра беларусістыкі таксама плануе правесці мерапрыемствы, якія прысвечаныя Беларусі.

Альберт Ежы Вежбіцкі

слухайце аўдыё