Узровень Сусветнага акіяну падымаецца на 199 метраў, значная частка Беларусі пакрываецца вадою. Сінявокая ператвараецца ў архіпелаг розных выспаў, а яе сталіца падзеленая стыхіяй на два варожыя дзяржаўныя ўтварэнні: Менск і Горад-герой. Аднак, навукоўцы, якім цудам удалося перажыць спачатку Вялікі выбух потым і Вялікую ваду цвердзяць, што вада хутка сыдзе. А чакаць – гэта нацыянальны від спорту беларусаў.
Менавіта ў такіх постапакаліптычных дэкарацыях разгортваюцца дзеянні новага раману Севярына Квяткоўскага. Значная частка раману «Калардская пушча» грунтуецца на сатырычным асэнсаванні беларусаў, іх спадзеваў ды страхаў.
Спадар Севярын, у Вашага твора досыць правакацыйная назва. У ёй спалучаюцца два супрацьлеглыя аспекты беларушчыны. З аднаго боку «каларадская» – узнікаюць асацыяцыі з апошнімі падзеямі ва Украіне, з савецкасцю і г.д. З іншага боку «пушча» – адзін з архетыпічных вобразаў Беларусі. Чаму вы наўмысна вырашылі спалучыць неспалучальныя рэчы?
-Гэта правакацыя, свядомая правакацыя. Спецыяльна зрабіў такую назву, спецыяльна зрабіў правакацыюную вокладку. Сатыра павінна быць едкая, яна мае вырваць табе вока, сарваць дах! Сатыра – рэзкі і правакацыйны жанр.
Назву «Калардская пушча» прыдумаў дызайнер Артур Вакараў яшчэ задоўга да падзеяў ва Украіне. Ён хацеў пасцябацца, хацеў пасмяецца з беларускай бульбянасці. Гэта было ў 2011-12 гадах, а праз два гады пачалася інтэрвенцыя Расіі ва Украіне і наша назва набыла больш сур’ёзнае значэнне. Безумоўна для кнігі яно вельмі важнае.
Звышзадачу, якую я перад сабой паставіў, як перад пісьменнікам, перад творцам — гэта зразумець псіхалогію савецкага чалавека. Мае «каларады» – гэта савецкія людзі. Калі казаць коратка, ў савецкіх людзей фантазія замяняе наркотык. Яны самі сабе прыдумляюць жыццё, але яны не жывуць ім; яны жывуць выключна ілюзіяй, фантомамі.
Натуральна, у тэксце я напрыдумляў жартаў, гегаў, мемаў. Я вельмі хацеў, каб чалавек, які будзе чытаць мае развагі на цывілізацына-палітычныя тэмы, таксама адпачываў. Справа густу: камусьці гэта спадабаецца, камусьці не. (...)
Зараз вы казалі пра савецкасць, пра савецкасць беларусаў. Каб гэта падкрэсліць вы ўжылі цікавы мастацкі сродак – Вялікі выбух потым Вялікую ваду. Вада аддзяліла «калхозных беларусаў» ад «нацыянальна арыентаваных», навошта вы ўжылі такі прыём?
-Сапраўды, я спецыяльна развёў іх у розныя бакі. Бо ў рэальным жыцці ўсё складаней, усе і ўсё перамешаныя. Суіснуюць розныя людзі.
Казаць «савецкасць» надзвычай проста. Можна прыдумаць інакш, у мяне, у рамане, яны называюцца «жукамі». «Жукі» ёсць у Парагваі, у Малі, у Канадзе, я думаю, такія людзі ёсць нават у Японіі. Людзі, якія свядома не хочуць займацца сваім лёсам, займаюцца сваёй лядоўняй і ўсё...
Яны знаходзяць тысячы апраўданняў, яны жывуць ілюзіяй. Пагадзіцеся, гэта не толькі беларуская, але агульначалавечая з’ява. У розных краінах яна выглядае па рознаму, але яна прысутная паўсюль. У першую чаргу «Каларадская пушча» менавіта пра гэта. (...)
Вядомы беларускі журналіст і пісьменнік Севярын Квяткоўскі прыехаў у Варшаву спецыяльна, каб прэзентаваць свой раман, парадыйную антыўтопію «Каларадская пушча». Прэзентацыя новай кнігі прайшла ў Беларускім доме ў Варшаве.
Эдуард Жолуд
Слухайце аўдыё!