У Варшаве прайшла прэзентацыя фотавыставы Вікторыі Ляшкевіч «Палессе». Маладая беларуская фотамастачка падзялілася ўласным бачаннем колішняга «Мора Герадота». Вікторыя сваімі фатаграфіямі намагалася прадэманстраваць трансгранічнасць унікальнага этнакультурнага рэгіёна – Палесся, які размяшчаецца адразу ў чатырох краінах. Фотавыстава «Палессе», якая зараз месціцца ў Беларускім доме, прысвечана палескаму памежжу Польшчы, Беларусі ды Украіны. Аўтар вернісажу, паляшучка Вікторыя Ляшкевіч распавядае пра тое, як паўстала фотавыстава.
- Выстава блізкая мне па духу, я паляшучка, са Століна. Падарожнічала па Палессі і рабіла фота. Мне падаецца, што палессе не можна дзяліць. Палессе – гэта адна краіна, якая месціцца адразу у трох дзяржавах. (...)
Маё любімае, гэта здымак з хлопчыкам, які сядзіць на беразе рачулкі. Калі я падыходзіла да берага, усе дзеці паўцякалі, бо пачыналася залева. Той малы застаўся, нібы спецыяльна, каб я зрабіла яго фатаграфію. Мне задаецца, што гэны момант вельмі характэрны і спецыфічны. Хіба гэта мая любімая фатаграфія.
.
.
.
Фотавыстава «Палессе» гэта дыпломная работа выкананая ў рамках навучання на Факультэце журналістыкі Варшаўскага ўніверсітэту. Кіраўніком дыплому быў выкладчык Варшаўскага ўніверсітэту Войцех Стэрнак.
- Дыплом Вікторыі Ляшкевіч адрознівае транспамежнасць выставы, зрэшты, гэта вынікае з назвы. Фотавыстава прысвечана Палессю, рэгіёну надзвычай унікальнаму. Нягледзячы на тое, што Палессе заходзіцца на тэрыторыі трох розных краінаў: Украіны, Польшчы ды Беларусі, яно мае такія характэрныя рысы, што гледзячы на фота немагчыма зразумець у якой дзяржаве яны былі зробленыя – усе фота палескія.
Выстава Вікторыі выдатна паказвае штучнасць усіх межаў. Культуры і ўзаемаадносіны розных культур ствараюць звычайныя людзі, а межы гэта штучнае стварэнне, прыдуманае палітыкамі. На жаль, межы нас дзеляць, а не яднаюць.
Адзін з прагістарычных славянскіх міфаў цвердзіць, што менавіта Палессе – гэта калыска славянскай цывілізацыі. Менавіта з гэтай калыскі праславянскія народы пачалі распаўсюджвацца на поўнач, поўдзень, на захад і ўсход. Гэта таксама дадатковая вартасць дадзенай фотавыставы, мы бачым праявы той культуры, якая ляжыць у аснове ўсяго славянскага.
Адкрыццё фотавыставы Вікторыі Ляшкевіч "Палессе" Аўтар: Беларускі дом у Варшаве
Нягледзячы на глабалізацыю, нягледзячы на меліярацыю Палесся, яно дагэтуль застаецца ўнікальным этнакультурным рэгіёнам, які прываблівае да сябе погляды маладых творцаў. Фотавыстава Вікторыі Ляшкевіч – чарговае гэтаму пацвярджэнне.
Эдуард Жолуд
Слухайце аўдыё!