Беларуская Служба

Сёння ў Польшчы Анджэйкі - дзень варажбы

29.11.2019 18:25
На Анджэйкі дзяўчаты збіраліся і варажылі, а асноўным пытаннем, якое іх цікавіла, было тое, калі і за каго яны выйдуць замуж.
Аўдыё
  • Гэтае свята некалі было надзвычай папулярным, хоць і цяпер арганізоўваюцца розныя мерапрыемствы з пераапрананнем і вечарам варажбы
  ,   , 1867
«Ноч святога Анджэя», карціна Генрыка Семірадзкага, 1867 годфота: pl.wikipedia.org/public domain

30 лістапада ў Польшчы адзначаюцца імяніны Анджэя. Гэты дзень – гэта не толькі нагода павіншаваць мужчын, якія носяць гэтае імя, але і паваражыць. Справа ў тым, што ў Польшчы ў гэты дзень адзначаецца вельмі папулярнае народнае свята, якое называецца Анджэйкі.

Па-беларуску гэтае свята называлася б Андрэйкі – ад імя Андрэй, але будзем гаварыць Анджэйкі, згодна з польскім арыгіналам.

Гэтае свята некалі было надзвычай папулярным, хоць і цяпер арганізоўваюцца розныя мерапрыемствы з пераапрананнем і вечарам варажбы. Згаданы абрад мае доўгую гісторыю і народнае паходжанне. У даўнія часы дзяўчаты збіраліся вечарам 29 лістапада і пачыналі варажыць. Варажба заканчвалася ў ноч на 30 лістапада. У польскай традыцыі Анджэйкі – гэта таксама апошні дзень, калі можна весяліцца і праводзіць розныя забаўляльныя вечарыны, бо пазней пачынаўся Адвэнт – час падрыхтоўкі да Ражджаства, спалучаны з постам.

Дык вось, на Анджэйкі дзяўчаты збіраліся і варажылі, а асноўным пытаннем, якое іх цікавіла, было тое, калі і за каго яны выйдуць замуж. Бо ж вядома, раней замуства для дзяўчыны было самай галоўнай справай у жыцці. Прапануем вашай увазе фрагмент архіўнай перадачы Польскага радыё з 1969 года, прысвечанай менавіта варажбе на Анджэйкі.

- Дзяўчаты хутка хапалі ў хаце бярэмя паленаў і з ім выбягалі на вуліцу, каб там палічыць. Цотны лік азначаў хуткае вяселле. Паненкі таксама лічылі штыкетнік: калі выходзіў цотны лік (пара), то трэба было рыхтавацца да замуства. А з якога боку меў прыехаць кавалер? А з таго, з якога вечарам забрахаў сабака.

На Анджэйкі нельга было плакаць, таму што гэта азначала слёзы цягам цэлага наступнага года. Пры гэтым рэкамендавалася грызці арэхі, каб зубы былі здаровыя. Дзяўчаты, сабраўшыся ў хаце, варажылі на тое, якая з іх першай выйдзе замуж. І так, паненкі сядалі ў кола на падлозе і кожная насупраць сябе насыпала жменю ячменю. Усярэдзіну кола пускалі пеўня. І тая дзяўчына мела першай выйсці замуж, жменьку ячменю якой птушка пачынала першай дзяўбсці.

Увогуле, спосабаў варажбы было шмат, яны адрозніваліся ад рэгіёну. Адным з папулярных, характэрных для многіх куткоў Польшчы, была варажба пры дапамозе растопленага воску. Воск лілі праз вуха ключа ў халодную ваду і пазней глядзелі, што выйшла, ды інтэрпрэтавалі вылітую фігуру. І так, калі, напрыклад, васковая фігура нагадвала ксяндза, то гэта магло азначаць хуткае вянчанне.

Увогуле, паходжанне народнага свята не да канца вывучанае этнографамі. Некаторыя навукоўцы лічаць, што свята прыйшло ў Польшчу з Грэцыі альбо ад германскіх плямён. Раней Анджэйкі адзначаліся на тэрыторыі Германіі, Швейцарыі, Польшчы, Вялікага Княства Літоўскага, у іншых рэгіёнах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы.

На польскіх землях абрад вядомы быў у 16 стагоддзі. А найстарэйшая пісьмовая згадка датуецца 1557 годам: пра Анджэйкі гаворыцца ў тэатральнай пастаноўцы «Камедыя Юстына і Канстанцыі» Марціна Бельскага.

А чаму варажылі менавіта на Анджэйкі? А таму, што святы Анджэй з’яўляецца патронам незамужніх дзяўчат, і каб хутка знайсці адпаведнага кандыдата і выйсці замуж, паненкі ў малітвах прасілі дапамогі менавіта ў гэтага святога. Дарэчы, традыцыя Анджэек была характэрная не толькі для каталікоў, але і для праваслаўных у некаторых рэгіёнах.

Валеры Саўко

перадача падрыхтаваная з выкарыстаннем архіўных матэрыялаў Польскага радыё

слухайце аўдыёфайл

Больш на гэтую тэму: Машына часу