Беларуская Служба

Анхела Эспіноса пра перамены ў Беларусі: «Трэба людзям даць інструмент для вяртання нацыянальнай мовы»

04.01.2021 10:49
Паэтка расказала між іншым пра тое, чым трэба будзе заняцца людзям культуры ў Новай Беларусі.
Аўдыё
  • Другая частка інтэрв'ю з іспанска-беларускай паэткай
Анхеля Эспіноса Руіз на Акцыі салідарнасці ў Малазе ў Гішпанііфота ўласнае

На мінулым тыдні мы маглі пачуць, што самая вядомая беларускамоўная паэтка з Іспаніі думае пра пратэст, як расце і салідарызуецца беларуская дыяспара на Іберыйскім Паўвостраве. Сёння ў размове Альберта Ежы Вяжбіцкага з Анхелай Эспіносай Руіз мы пачуем, як паводле яе павінна выглядаць Новая Беларусь і чаго чакаць ад беларускіх дзеячаў культуры.

АЕВ: Анхела, скажы, як, паводле тваіх назіранняў, павялічылася свядомасць іспанцаў наконт Беларусі і той сітуацыі, якая зараз ёсць?

АЭР: Будзе яшчэ адно маё інтэрв’ю ў рускамоўнай рэдакцыі нашага іспанскага радыё. Быў таксама падкаст, да якога вельмі добра падрыхтаваліся маладыя журналісткі. І ведаю, што людзі слухаюць, яны выходзяць на мяне і вядома, ёсць зацікаўленасць і салідарнасць – гэта самае галоўнае. Іспанскі народ у цэлым ведае, бо матэрыялы паказвалі на нацыянальным тэлебачанні ды ў радыё. Цяпер трэба неяк працягваць гэтую справу, працягваць гэтую зацікаўленасць, увагу. Людзі даведаліся і ўзгадалі, што я звязана з Беларуссю і пытаюць «Як там гэтыя твае беларусы?». Але зацікаўленасць расла і вырасла настолькі, што скажу адну гісторыю. Я працую цяпер выкладчыцай польскай мовы ва ўніверсітэце ў Гранадзе. Я пачала, пакуль неафіцыйна, курс беларускай мовы. Я запрапанавала іх спачатку маім студэнтам, раз яны выбралі славістыку, польскую мову, можна і беларускую. Да іх далучыліся людзі нават не з гранадскага ўніверсітэта, не звязаныя са славістыкай, а проста натхнёныя тым, што бачаць. Ім цікава, яны хочуць сачыць. Заўважылі, што і беларуская культура цікавая. Ім проста падабаецца тое, што бачаць.

 

АЕВ: Мы ўсе добра ўсведамляем сабе, што цябе зараз у Беларусь, хутчэй за ўсё, не ўпусцяць, бо ты рэзка выказваешся ў сваіх сацсетках пра беларускі рэжым. Але ўсе таксама спадзяемся на тое, што можна будзе патрапіць ужо ў Новую Беларусі, убачыць яе ці нават прыняць удзел у яе пабудове. Якую Беларусь ты б хацела ўбачыць, калі чарговы раз туды патрапіш?

 

АЭР: Я хачу патрапіць у такую Беларусь, якую хочуць беларусы, таму што відавочна, што цяперашняя ўлада трымаецца толькі на сілавой структуры. Там няма ніякага народнага жадання, ніякага нічога. Я хачу пабачыць больш свабоды, хачу пабачыць больш усмешак людзей. Я хачу патрапіць у такую Беларусь, дзе бяспечна выражаць сваю пазіцыю, нягледзячы на тое, якога тыпу гэта пазіцыя. Я хачу, каб былі вольныя дэбаты. Таму што, канешне, цяпер вельмі прыгожа, што практычна ўсе людзі ў Беларусі аб'ядналіся. Выходзяць зараз усе разам, але я ведаю, што сярод пратэстоўцаў ёсць безліч пазіцый. І я хачу пачуць іх усе! Я хачу, каб было цікава. Каб тыя людзі, якія зараз нараджаюцца ў Беларусі, бо ў маіх знаёмых і сяброў некалькі дзяцей таксама (нарадзілася). Хачу, каб гэтыя дзеці не думалі, што яны абмежаваныя праз тое, што яны нарадзіліся ў Беларусі. Я хачу, каб было наадварот. Каб яны адчувалі, як пашанцавала, што мы нарадзіліся ў 20-тым годзе, калі ў Беларусі пачаліся канчатковыя пратэсты, канчатковы шлях да свабоды і што мы маем безлімітную будучыню, што мы можам дайсці без межаў і не трэба нам думаць пра тое, што ў нас будуць нейкія абмежаванні, праблемы. Што на нас будуць глядзець зверху і з Расеі, і з Еўропы. Я хачу, каб людзі маглі ганарыцца той Беларуссю, якую мы будуем ужо сёння.

 

АЕВ: Ты таксама за час пратэсту пастаянна ствараеш новыя вершы, уражаная тым, што адбываецца ў блізкай твайму сэрцу краіне. Скажы, як паэтка, якая роля мастацтва, паэзіі і ўвогуле людзей культуры ў гэтым пратэсце? Якая яна будзе пасля перамен, што трэба будзе зрабіць для развіцця і пашырэння беларускасці ў Беларусі?

 

АЭР: Я адчуваю, што ёсць вялікая роля, безумоўна, але самая вялікая роля ў паэтаў і ў дзеячаў культуры будзе ўжо пасля пратэстаў, калі будзе ўжо такая глеба, такая ніва для будавання сапраўдных культурніцкіх структур, ужо з падтрымкай новых уладаў. Таму што я хачу, каб у Беларусі былі змены, каб была не толькі адна новая партыя, а каб змяняліся людзі, каб усе ведалі, што калі хтосьці не апраўдвае чаканняў, яго могуць замяніць праз чатыры-пяць гадоў. І сапраўды, гэта будзе вельмі вялікая справа. Велізарная праца нас чакае, бо рэальна многія пачалі вяртацца, нягледзячы на занятасць, да беларускай мовы, пачалі размаўляць па-беларуску. Вось трэба гэтым людзям даць інструмент для вяртання нацыянальнай мовы. Трэба будзе прасоўваць літаратуру, культуру. Пры чым, не толькі ў Беларусі, таксама на міжнароднай арэне. Гэта будзе вельмі важна, рабіць гэта такім чынам, як іншыя народы Еўропы стараюцца прасоўваць сваё, і часта ім удаецца. Я скажу, што славянскія культуры ўсе вельмі цікавыя, вельмі пазітыўна ўспрымаюцца на Захадзе. Трэба будзе і беларусам, і нам, сябрам Беларусі, беларускай культуры заняцца гэтым вельмі сурʼёзна.

 

Вы выслухалі другую частку інтэрвʼю з Анхелай Эспіносай Руіз, іспанскай паэткай, якая піша па-беларуску. Першую частку можаце знайсці на нашым сайце. Мы хочам пажадаць самой Анхелі і ўсім, каму блізкія яе мары, каб беларуская мова і культура сапраўды сталі папулярнымі і «крутымі» не толькі ў Беларусі, але і за мяжой!

аев 

Анхела Эспіноса Руіз пра водгукі аб беларускім пратэсце ў Гішпаніі

27.12.2020 21:37
Колькасць беларусаў у Гішпаніі расце, а іх салідарнасць бачна ўсё больш і больш.