Беларуская Служба

64 гады таму ў Канах фільм «Канал» Анджэя Вайды атрымаў Сярэбраную пальмавую галінку

29.04.2021 20:49
«Канал» стаў адным з першых фільмаў у пасляваеннай Польшчы, які атрымаў гэтак прэстыжны прыз.
Аўдыё
  • 64 гады таму ў Канах фільм «Канал» Анджэя Вайды атрымаў Сярэбраную пальмавую галінку
Кадр з фільму «Канал» рэжысёра Анджэя Вайды screen WFDiF - Studio Filmowe Kadr

64 гады таму на Канскім кінафестывалі фільм «Канал» рэжысёра Анджэя Вайды атрымаў Сярэбраную пальмавую галінку. Гэта была адна з першых важнейшых кінаўзнагарод у пасляваеннай Польшчы.

У 1957 годзе, падчас славутага Канскага кінафестывалю, які праходзіў 10-ы па ліку раз, фільм «Канал» маладога ў той час польскага рэжысёра Анджэя Вайды стаў адным з пераможцаў прэстыжнага мастацкага форума. Кінакарціна была ўзнагароджаная Сярэбранай пальмавай галінкай, уступіўшы толькі фільму «Сёмая пячатка» славутага Інгмара Бергмана, які быў уганараваны Залатой галінкай.

Фестываль у Канах пачаўся 2 мая 1957 года і закончыўся 17 мая.

«Канал» стаў адным з першых фільмаў у пасляваеннай Польшчы, які атрымаў гэтак прэстыжны прыз. Можна сказаць, што менавіта з гэтага моманту пачалася міжнародная рэжысёрская кар’ера Анджэя Вайды. Варта таксама зазначыць, што ў адрозненні ад еўрапейскіх спецыялістаў, польскія кінакрытыкі фільм успрынялі даволі стрымана.
1957 год для польскай кінематаграфіі быў знакавым, таму што менавіта тады былі знятыя два важныя ваенныя фільмы – менавіта «Канал» Вайды і «Героіка» Анджэя Мунка. Сцэнарыі двух кінастужак напісаў Ежы Стэфан Ставіньскі на падставе сваіх ваенных апавяданняў. Лічыцца, што гэтыя фільмы, і асабліва «Канал», з’яўляюцца пачаткам гэтак званай польскай кінашколы.

У фільме Вайды апавядаецца трагічная гісторыя варшаўскіх паўстанцаў, якія ў канцы збройнага чыну, у верасні 1944 года, разумеючы, што паўстанне завершыцца паразай з-за перавагі гітлераўскіх сіл, прабіраюцца з акружэння з цэнтра Варшавы па каналізацыйных каналах. Фільм атрымаўся вельмі чалавечым і антыгеройскім, бо ў ім былі паказаныя не героі, а звычайныя людзі ў трагічнай жыццёвай сітуацыі, у сітуацыі амаль без выхаду. І таму польскія кінакрытыкі, якія ўжо былі пад уплывам камуністычнай прапаганды, даволі стрымана ўспрынялі кінакарціну. Больш за тое, фільм трапіў таксама пад крытыку ветэранаў, удзельнікаў Варшаўскага паўстання.

У сваю чаргу сусветная крытыка была проста ў захапленні ад твору Вайды. Вядомая газета Le Figaro пісала, што «рэжысёр паказаў трагізм галоўных герояў, якія праз гэта сталі несмяротнымі постацямі польскай гісторыі».

Дарэчы, і фільм Вайды, і фільм Мунка ўдалося зняць дзякуючы палітычнай адлізе, якая закранула Польшчу пасля смерці Сталіна. Бо ж галоўнымі героямі «Канала» з’яўляюцца салдаты падпольнай Арміі Краёвай, якая падпарадкоўвалася польскаму эміграцыйнаму ўраду ў Лондане.

У Канах «Канал» быў адным з наймацнейшых фільмаў у эмацыйным плане. Яшчэ была жывая памяць пра вайну, яшчэ не зажылі ваенныя раны, а Вайда паказаў падзеі, якія мелі месца 12 гадоў таму, вельмі рэальна і праўдзіва.

Кінакарціна «Канал» – гэта другая частка трылогіі Анджэя Вайды пра Другую сусветную вайну. У трылогію таксама ўваходзяць фільмы «Пакаленне» ды «Попел і дыямент».
Анджэй Вайда – вядомейшы польскі кінарэжысёр. Нарадзіўся ў 1926 годзе ў сям’і афіцэра Войска Польскага Якуба Вайды. Бацьку рэжысёра расстралялі сталінскія каты ў 1940 годзе. У памяць пра яго Анджэй Вайда зняў у 2007 годзе фільм «Катынь».

Памёр рэжысёр у 2016 годзе.

Валеры Саўко 

слухайце аўдыёфайл

Больш на гэтую тэму: Машына часу