Сёння я запрашаю ў замак Чоха – адзін з самых інтрыгуючых гістарычных аб’ектаў у Ніжняй Сілезіі. Ён быў пабудаваны ў ХІІІ стагоддзі для аховы тагачасных межаў. З таго часу крэпасць неаднойчы мяняла свой кшталт і характар. Была сведкам важных гістарычных падзеяў. Усё ж, можна сказаць, што лёс ставіўся да замку добразычліва, дзякуючы таму аб’ект па сённяшні дзень захаваў свой унікальны характар, стаўшы сімвалам Ізэрскага перадгорʼя (Pogórze Izerskie).
Замак Чоха, таксама вядомы як польскі Хогвартс, распаложаны ў Ніжняй Сілезіі, у 40 кіламетрах на захад ад гарадка Яленя Гура (Jelenia Góra). Ён быў створаны ў якасці памежнай абарончай крэпасці ў XIII стагоддзі па ініцыятыве чэшскага манарха Вацлава І.
Замак многія гады быў вядомы як непакораная крэпасць. Яго беспаспяхова бралі ў аблогу гусіты. Толькі ў 1427 годзе, скарыстаўшыся адсутнасцю гаспадароў, замак Чоха заваявалі мясцовыя разбойнікі на чале з Гансам фон Чырнам (Hans von Tschirn).
Замак Чоха, брама. Autorstwa Bazie - Praca własna, CC BY-SA 3.0 pl, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=35281160
Сваё абарончае значэнне замак Чоха канчаткова страціў пасля Трыццацігадовай вайны, а ў 1793 годзе магутны пажар цалкам знішчыў крэпасць. Ейны лёс змяніўся толькі ў 1909 годзе, калі замкавы комплекс купіў вытворца тытунёвых вырабаў Эрнст Гютшоў з Дрэздэна.
Адбудаваць замак новы ўласнік даручыў на той час невядомаму берлінскаму архітэктару Бода Эбхардту (Bodo Ebhardt). Рэканструкцыя была праведзеная ў адпаведнасці з выявай комплекса, з 1703 года. На жаль, падчас будаўнічых работ многія найстарэйшыя фрагменты замкавага комплексу былі знішчаны. Тым не менш, дзякуючы згаданым працам, аб’ект па сённяшні дзень з’яўляецца адным з найпрыгажэйшых у Ніжняй Сілезіі.
Вытворца цыгарэт жыў тут да канца Другой сусветнай вайны, паводле розных чутак, разам са школай шыфра Абвера – ваеннай разведкай і контрразведкай Трэцяга Рэйха. На жаль, гады непасрэдна пасля вайны не былі для замка ласкавымі. Маёмасць была разрабаваная. Да заняпаду комплексу прычыніліся таксама грэчаскія бежанцы, якія жылі тут нейкі час. На шчасце, замак Чоха канчаткова быў пераўтвораны ў Дом ваеннага адпачынку, а з 1996 года дзейнічае як гасцініца і канферэнц-цэнтр.
Замак Чоха, панарама. Autorstwa Jerzy Strzelecki - Praca własna, CC BY-SA 3.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=46780318
Як амаль кожны замкавы комплекс, таксама замак Чоха мае свае легенды. Адна з іх расказвае пра калодзеж няверных жонак, у якой жыццё скончыла Ульрыка фон Носціц (Ulrika von Nostitz). Доказам ейнай здрады стала пазашлюбнае дзіця, якое раззлаваны муж загадаў замураваць у каміне Мармуровага пакоя. Менавіта таму ўначы ў замку можна пачуць плач дзіцяці, а прывід Ульрыкі блукае па замкавых калідорах.Калі вы схіліцеся над студняй, пачуеце жудасную просьбу аб дапамозе, а калі няверны муж зазірне ў студню, то ён хутка страціць валасы. Падчас экскурсіі гіды расказваюць шмат іншых цікавых гісторый.
Замак Чоха адкрыты для турыстаў практычна круглы год. Наведванне адбываецца з гідам у даволі вялікіх групах. На ўнутраны двор можна ўвайсці самастойна.
Варта пазнаёміцца з графікам тэматычных мерапрыемстваў, якія адбываюцца ў замку. Прапанова вельмі багатая. Гэта розныя спектаклі, фестывалі культуры і рыцарскай кухні. Вельмі папулярным зʼяўляецца фестываль «Гусіцкая мітусня», а таксама начныя экскурсіі па замку. Падчас іх цягам амаль трох гадзінаў наведвальнікі знаёмяцца з сакрэтамі замка.
Ляснянскае вадасховішча i замак Чоха . Autorstwa ZeroJeden - Praca własna, CC BY-SA 3.0 pl, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=21758464
У замку Чоха можна таксама начаваць. Тамтэйшая гасцініца прапануе 45 нумароў розных стандартаў – агулам для больш за 100 чалавек. Акрамя таго, у замкавай гасцініцы ёсць сем тэматычных нумароў, якія адносяцца да гістарычных і літаратурных дзеячаў, важных для гісторыі замка. На начлег можна спыніцца таксама на беразе Ляснянскага возера (Leśniańskie jezioro), дзе шмат кемпінгаў. Само Ляснянскае вадасховішча – гэта плаціннае возера на рацэ Квіса, створанае ў 1905 годзе. Яго асноўная задача – абарона ад паводак і вытворчасць электраэнергіі. Возера займае плошчу каля 140 гектараў і мае багатую прапанову для аматараў водных відаў спорту. На адным баку возера размяшчаецца рамантычны замак Чоха, а на другім – руіны замка Райчыска.
На працягу многіх гадоў маляўніча размешчаны замак Чоха прыцягваў не толькі турыстаў, але і кінематаграфістаў. Тут, сярод іншага, Багуслаў Валашанскі здымаў свой дакументальны серыял «Сенсацыі XX стагоддзя». Тут здымалі серыялы: «Таямніца крэпасці кодаў», «Вядзьмак»; фільмы: «Дзе генерал?», альбо «Даліна шчасця». Варта дадаць, што ў 2012 годзе штомесячнік National Geographic Traveler абвясціў замак Чоха адным з новых 7 цудаў Польшчы.
Анна Задрожна