Беларуская Служба

Украінец, які служыў Расіі, заклікаў скласці слоўнік беларускай мовы і захапляўся Міцкевічам

27.05.2021 10:03
Выкладчык Віленскага ўніверсітэта ў ХІХ ст. Іван Лабойка пакінуў след у гісторыі Польшчы, Беларусі, Літвы, Расіі і Украіны.
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". М.Урубель пра І.Лабойку.
 .
Віленскі ўніверсітэт.Commons.wikimedia.org/Ervinas.spudys/CC BY-SA 4.0

У гісторыі Цэнтральнай і Усходняй Еўропы вельмі многа парадоксаў. Прыкладам аднаго з іх з'яўляецца асоба Івана Лабойкі, выкладчыка Віленскага ўніверсітэта ў ХІХ ст. Амаль дзвесце год таму ён быў адной з дзеючых асоб у працэсах, які напамінаюць сённяшнія: калі ўраджэнцы Беларусі разам з палякамі і літоўцамі змагаліся за незалежнасць сваёй бацькаўшчыны ад Расіі. Але ў той час былі і іншыя падыходы да лёсу нашых зямель.

Іван Лабойка належыць гісторыі некалькіх краін — Украіны, дзе нарадзіўся, Расіі, якой верна служыў, Польшчы, Беларусі і Літве, якія вывучаў. Біяграфія гэтага вучонага зацікавіла выпускніцу Варшаўскага ўніверсітэта Марту Урубель.

Марта Урубель: — Ён нарадзіўся ў 1786 годзе ў Золачыве на Украіне (цяпер у Харкаўскай вобласці), а памёр у 1861 годзе ў Мітаве (цяпер Елгава ў Латвіі). У яго жыцці можна вылучыць тры асноўныя этапы. Першы звязаны з вучобай у Харкаўскім універсітэце, дзе Лабойка, дарэчы, дасканала авалодаў нямецкай мовай. У 1815 годзе ён прыбыў у Варшаву, дзе працаваў чыноўнікам пры расійскім намесніку Васіліі Ланскім. Лабойка вучыў яго сына. Гэта быў перыяд, калі Лабойка бліжэй пазнаў палякаў, польскую ментальнасць, культуру, мову. Лабойка таксама наладзіў кантакты з прадстаўнікамі польскіх навуковых колаў, у прыватнасці, з мовазнаўцам Самуэлем Багумілам Ліндэ.

У 1822-1832 гадах Лабойка працаваў выкладчыкам Віленскага ўніверсітэта, а ў 1825-1827 гадах выконваў абавязкі дэкана філалагічнага факультэта.

Марта Урубель: — Тут ён працаваў выкладчыкам рускай мовы і літаратуры. Аказалася, што мясцовыя палякі (ураджэнцы Літвы і Беларусі. — Рэд.) вельмі кепска ведалі рускую мову, не ведалі нават рускага алфавіта, а канспекты на лекцыях рускай мовы запісвалі польскім  алфавітам. Лабойка ў сувязі з гэтым, каб палепшыць паспяховасць сваіх студэнтаў, выкладаў больш гадзін, чым іншыя выкладчыкі. Лабойка выкладаў восем разоў у тыдзень, а іншыя выкладчыкі — звычайна шэсць.

У выніку, адзначае Марта Урубель, студэнты Лабойкі хутка авалодвалі рускай мовай і размяркоўваліся выкладчыкамі ў школы або нават з’язджалі ў Маскву і Санкт-Пецярбург, займаючы чыноўніцкія пасады.

Аднак гэты перыяд у жыцці Лабойкі неўзабаве скончыўся разам з закрыццём у 1832 годзе Віленскага ўніверсітэта пасля рэпрэсій царскага рэжыму ў адносінах да студэнтаў і выкладчыкаў, сярод якіх былі Адам Міцкевіч, Ігнацы Дамэйка, Томаш Зан і іншыя польскія дзеячы культуры Літвы, ураджэнцы Беларусі.

Аднак Лабойка атрымаў выкладчыцкую працу ў Віленскай медыка-хірургічнай акадэміі (1833-1840 гг.) і Віленскай рымска-каталіцкай духоўнай акадэміі (да 1842 г.), створаных на базе факультэтаў былога ўніверсітэта.

У Вільні Лабойка не толькі займаўся выкладчыцкай дзейнасцю, але і спрабаваў свае сілы як вучоны.

Марта Урубель: — Лабойка цікавіўся культурай, мовай і традыцыямі славянскіх народаў, плямён, у т.л. беларускай, польскай. Таксама яго цікавіла літоўская мова. Яго цікавілі культура і традыцыі Расіі.

Жывучы і працуючы ў Вільні Лабойка цікавіўся тымі народамі, якія жылі ў ваколіцах сталіцы былога ВКЛ.

Марта Урубель: — Лабойка заклікаў скласці слоўнік беларускай мовы. Ён цікавіўся беларускім пісьменствам. Збіраў літоўскія песні, даследаваў літоўскія гаворкі, нават арганізаваў са студэнтамі экспедыцыю па Літве. Ён быў адным з нямногіх у той час вучоных, якія заклікалі даследаваць фальклор. Ён лічыў, што культура і традыцыі простага народа варты навуковага даследавання. Лабойка цікавіўся шэрагам розных навуковых дысцыплін — літаратуразнаўствам, гісторыяй, мовазнаўствам, этнаграфіяй.

Лабойка зрабіў шэраг прапаноў па комплексным вывучэнні Беларусі і Літвы. Збіраў матэрыялы з помнікаў пісьменства ВКЛ. Прапанаваў праект «слоўніка незразумелых выразаў», складзенага на аснове працы «Беларускі архіў старажытных грамат» Івана Грыгаровіча.

Марта Урубель дадае, што дзеля ажыццяўлення супольных навуковых праектаў Іван Лабойка аб’ядноўваўся з некаторымі вучонымі з Віленскага ўніверсітэта.

Марта Урубель: — Напрыклад, з Яахімам Лялевелем планаваў разам напісаць працу пра літоўскую мову і народ.

Сфера даследаванняў жыцця славян, беларускага, літоўскага, польскага народаў для Івана Лабойкі была цікавая з пункту гледжання пазнання гістарычных падзей, але ён не разглядаў гісторыю гэтых народаў з пункту гледжання іх будучыні.

Аднак, адзначае Марта Урубель, Івану Лабойку не заўсёда хапала дысцыплінаванасці, каб давесці пачатыя справы да канца.

Утой жа час Лабойка з’яўляўся лаяльным да ўлад Расійскай імперыі грамадзянінам.

Марта Урубель: — Ён не бачыў сэнсу ў бунтах, змовах, нацыянальна-вызваленчых паўстаннях. Ён лічыў, што ўсе з’яўляюцца братамі, прадстаўнікамі аднаго племені і разам складаюць адну дзяржаву. Ён быў прыхільнікам царскай улады.

Расія, як ён лічыў, дала палякам больш, чым уласным грамадзянам, расіянам, — канстытуцыю, напрыклад.

Аднак Лабойка не лічыў правільным прымушаць іншыя народы быць адданымі гэтай ідэі.

Марта Урубель: — Ён не хацеў сілай прымушаць палякаў вывучаць рускую мову, ён хацеў іх заахвоціць да гэтага. Ён не забараняў палякам шанаваць польскіх пісьменнікаў або нацыянальных герояў.

Лабойка сам вывучаў польскую мову, цаніў дасягненні братоў-славян. Ён напісаў ліст да Адама Міцкевіча на нямецкай мове, цаніў яго талент і творчасць.

У 1817-1823 гадах у Віленскім універсітэце дзейнічала таварыства філаматаў — тайнае польскае патрыятычнае і асветніцкае аб'яднанне студэнтаў, ураджэнцаў Беларусі і Літвы. Яно было створана па ініцыятыве Адама Міцкевіча, Ануфры Петрашкевіча, Юзафа Яжоўскага. Пад уплывам выкладчыка Віленскага універсітэта паляка Яахіма Лялевеля праграма таварыства набыла выразную палітычную і патрыятычную афарбоўку. У таварыства былі прыняты Юзаф Ходзька, Ігнацы Дамэйка, Антоні Эдвард Адынец.

Аднак папячыцель Віленскага ўніверсітэта і Віленскай навучальнай акругі царскі чыноўнік Мікалай Навасільцаў ініцыіраваў палітычны працэс супраць філаматаў. Пад суду  было аддадзена 108 удзельнікаў студэнцкіх арганізацый. Дваццаць з іх восенню 1824 года былі асуджаны да турэмных тэрмінаў з ссылкай (Томаш Зан, Адам Сузін, Ян Чачот), альбо высланы ўглыб Расіі (Юзаф Яжоўскі, Адам Міцкевіч, Юзаф Кавалеўскі).

Марта Урубель: — Лабойка стаў на баку палякаў, ён абараняў польскіх студэнтаў падчас следства. Ён бачыў падчас следства, што яно было падпарадкавана жаданню Навасільцава зрабіць кар’еру.

Лабойка заваяваў павагу сярод польскай моладзі. Таксама ён не мог змірыцца з закрыццём Віленскага ўніверсітэта. Шэраг яго сяброў, выкладчыкаў было саслана ў Расіі, у сувязі з чым не маглі быць ажыццёўлены і навуковыя праекты Лабойкі.

Лабойка пісаў, што выкладчыкі Віленскага ўніверсітэта Лялевель, Даніловіч, айцец Міхаіл Баброўскі і інш. былі незаслужана звольнены з універсітэта.

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост