Сёлета Вялікдзень супадае ў заходнім і ўсходнім абрадах. Гэта значыць, што Уваскрэсенне Гасподне сёння з каталікамі адзначаюць больш за паўмільёна вернікаў Польскай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы.
У Польшчы знаходзіцца каля 320 праваслаўных цэркваў, большасць з іх ва ўсходняй і паўднёва-ўсходняй Польшчы. Вялікія праваслаўныя супольнасці знаходзяцца ў Беластоку, Бельску Падляшскім, Гайнаўцы, а таксама ў Лодзі, Пшэмыслі, Любліне, Замосці, а таксама ў ваколіцах Зялёнай Гуры, Шчэціна і Уроцлава.
У Варшаве 7 праваслаўных храмаў. Найбольш вядомыя — гэта сабор Святой Марыі Магдалены ў раёне Прага, царква святога Яна Клімака ў раёне Прага і найноўшая царква Прамудрасці Божай Hagia Sofia ў раёне Урсынаў у Варшаве.
Пра ролю царкоўна-прыхадскога хору мы пагутарылі з рэгентам і харыстамі царквы Hagia Sofia ў Варшаве.
Рэгент Багдан Кузьмюк: Час пасхальнай радасці ў праваслаўнай царкве доўжыцца 40 дзён, аж да свята Узнясення Гасподняга. У гэты перыяд хор спявае ўрачысты пасхальны канон, велікодныя трапары і велікодныя экзапастэлярыі.
Мы спяваем песні, якія суправаджаюць велікоднае свята – яны радасныя і трыумфальныя. Але ў прыходах таксама часта можна пачуць народныя песні паралітургічнага характару, якія праслаўляюць радасць Уваскрэсення. Рэгулярныя набажэнствы, якія праводзяцца ў гэты час у праваслаўных храмах — гэта ўтрэння, вячэрня і святая літургія.
«Пасхальныя часы» першага тыдня — прыгожыя актавы Вялікадня. На працягу першага тыдня пасля Вялікадня набажэнствы аднолькавыя з набажэнствамі ў велікодную ноч. Радасць Вялікадня суправаджае вернікаў не толькі ў велікодную ноч, але і ўвесь перыяд да свята Узнясення Гасподняга. На працягу гэтага часу мы вітаем адзін аднаго цудоўнымі словамі «Хрыстос уваскрэс» і адказваем «Воісціну воскрэс».
Хто прыходзіць у царкоўны хор, той мае любоў да гэтай музыкі, да гэтай працы, таму што гэта таксама высілак, працаёмкі занятак, калі на працягу тыдня трэба прыходзіць на рэпетыцыі, часта шмат разоў — не адзін раз, трэба прыходзіць на службу, у суботу, нядзелю, святочныя дні.
Іканастас у царкве Hagia Sofia ў Варшаве
Таму царкоўныя хоры ствараюць энтузіясты гэтай музыкі, такія як спадарыня Кася.
— Калісьці, будучы малым дзіцём, я спявала ў сваім прыходзе на вёсцы. Мне вельмі хацелася быць у хоры, у той супольнасці, вучыць тэксты, вучыць мелодыі. Гэта ўжо рытуал, гэта частка нашага жыцця. Мы з мужам едзем сюды ў царкву за 40 кіламетраў.
І спадар Давід...
— Прыкладна ў той час, калі я вучыўся ў старэйшых класах, шмат маіх сяброў хадзілі ў Праваслаўнае моладзевае брацтва, многія з іх таксама спявалі ў хоры, і вось аднойчы я пайшоў з імі. Вось як зайшоў на момант, так і застаўся, і будзе ўжо 11 гадоў, як спяваю.
Рэгент Багдан Кузьмюк: Усе набажэнствы, усе тэксты, якія мы спяваем у царкве, — на царкоўнаславянскай мове. Гэтаму таксама трэба вучыцца. Да царкоўнаславянскай фанетыкі трэба прызвычаіцца. Змяніўшы націск, можна цалкам змяніць сэнс слова. Мова, я лічу, не перашкода. Людзі вывучаюць шмат моў. Сапраўды, ёсць праваслаўныя храмы ў Польшчы, у якіх польская мова з'яўляецца літургічнай. Мы часта сустракаем меркаванні, што царкоўнаславянская мова менш вядомая, цяжкая для разумення, што яна адышла ў мінулае, што гэта нейкі архаізм. Але ж мы ведаем, што гэта літургічная мова. Мова, якую стварылі святыя браты Кірыл і Мяфодзій, каб славянскія народы зразумелі тое, што распавядаецца ў Евангеллі.
Кампазіцыі, якія мы выконваем у храме, разлічаны на мелодыку царкоўнаславянскай мовы. А яна такая пяшчотная, ад душы, такая цёплая.
Спадарыня Барбара, харыстка сабора Hagia Sofia, распавядае пра свае адносіны да царкоўнаславянскай мовы.
— Я хаджу ў царкву з малых гадоў і ўвесь час суправаджаў мяне царкоўны спеў. Аднойчы я пачула: «гэтая стараславянская мова такая цяжкая і немагчымая для разумення». І з такім настроем я стала хадзіць на службы па-польску. У нейкі момант я адчула тугу па стараславянскай мове. Аказалася, што гэта так моцна звязана з маімі ўспамінамі, з маім дзяцінствам. Гэтая патрэба разумець кожнае слова больш не падавалася мне цяжарам. Калі я нават не разумею асобных слоў стараславянскай мовы, то хутка ж даведаюся, што гэта значыць.
Рэгент Багдан Кузьмюк: Камфортная сітуацыя ў царкоўных хорах — гэта калі людзі чытаюць ноты. Ёсць у нас у хоры людзі, якія спяваюць у оперы, яны члены прафесійных хораў. Крыху складаней працаваць з тымі, у каго такой падрыхтоўкі няма. Але яны энтузіясты і з часам таксама становяцца прафесіяналамі.
— Мяне завуць Буршэ Зарэта, я родам з Каўказа. Я працую ў Вялікім тэатры Нацыянальнай оперы ў Варшаве. Я проста люблю гэта, спяваць мне вельмі падабаецца і займаюся гэтым больш за трыццаць гадоў.
— Томаш Буршэ. Спяваць я пачаў у царкве на Волі з тым жа дырыжорам Багданам. Дваццаць гадоў, напэўна, ужо будзе. А потым, калі тут, на Урсынаве стварылі новы прыход, з першай літургіі я спяваў у складзе хору з трох-чатырох чалавек. Цяпер наш хор вырас да трыццаці з нечым чалавек.
— Я Дамініка Буршэ. Калі я была маленькая, хадзіла з мамай на хор у царкву на варшаўскай Волі. А потым пачалося будаўніцтва Агія-Сафіі і цяпер я тут спяваю. Гэта маё захапленне, маё хобі. Для мяне гэта не пустая трата часу.
Сям’я Буршэ — не адзіная, якая спявае ў царкоўным хоры. Ёсць тут і іншыя сямейныя пары, а таксама браты і сёстры. У саборы Святой Сафіі ў хоры знаходзяць сваё месца і замежнікі. Сярод іх Наталля з Мінска, якая з'ехала з Беларусі тры гады таму.
— Калі стала вядома, што мы з'язджаем у Польшчу, я стала шукаць праваслаўную царкву, бо ж лічыцца, што Польшча каталіцкая краіна. І знайшла вось гэтую Hagia Sofia. Спытала рэгента, ці магу спяваць у хоры, ён сказаў: давайце, папробуем. Я раней 10 гадоў спявала ў царкве ў Мінску. Мне падабаецца, што тут мы спяваем на розных мовах: і па-арамейску, і па-грэчаску, і па-латыні і па-польску.
Падрыхтавала Яланта Смялоўская