Сёння я запрашаю ў вёску Рабштын(Rabsztyn), распаложаную ля гарадка Олькуш на поўдні Польшчы. Тут на вапняковым пагорку знаходзяцца, часткова рэканструяваныя руіны замку Рабштын. Аб’ект знаходзіцца на папулярным Шляху арліных гнёздаў, як называюць ланцуг цвярдыняў, размешчаных уздоўж мяжы сярэднявечнай Польшчы.
Замак Рабштын . Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Першы абаронны драўляны аб’ект на месцы цяперашніх руінаў быў узведзены, хутчэй за ўсё, у канцы XIII стагоддзя. У наступным стагоддзі, кароль Казімір Вялікі пабудаваў тут цагляную цвярдыню. Цягам стагоддзяў аб’ект ператварыўся ў велізарны замкавы комплекс. У XVII стагоддзі ён складаўся з чатырох частак – верхняй, сярэдняй і ніжняй, а таксама з рэнесансавага палаца. Дарогі ў замак вялі з поўначы, дзе па сённяшні дзень бачныя сляды моста. Ад поўдня размяшчаўся двор, акружаны сцяной і палацам.
Замак Рабштын . Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Пасля смерці караля Казіміра Вялікага сярэднявечны рыцарскі замак, шмат разоў мяняў свой кшталт, архітэктурны стыль, а таксама гаспадароў.
Замак Рабштын. Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Замак у кшталце тыповай магнацкай рэзідэнцыі, існаваў да 1657 года, калі яго спалілі шведы. Пасля Шведскага патопу аб’ект бы ў толькі часткова адноўлены. У тым ліку на пачатку XVIII стагоддзя ля падножжа замка была пабудавана сядзіба старосты і фальварак. Аднак сам замак у гэтым часе паступова ішоў у заняпад.
Замак Рабштын. Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
У сярэдзіне ХІХ стагоддзя да спусташэння а’бекта актыўна прычынілася мясцовае насельніцтва, якое разбірала сцены замка для атрымання каштоўнага тады будаўнічага матэрыялу. У сваю чаргу ў 1901 годзе скарбашукальнікі ўзарвалі высокую цыліндрычную замкавую вежу.
Замак Рабштын. Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Менавіта ў такім стане замак заставаўся цягам ўсяго XX стагоддзя. У 2000 годзе з мэтай выратавання аб’екта ад суцэльнага знішчэння было заснаванае Таварыства «Замак Рабштын». У 2015 годзе замак на некалькі гадоў быў адкрыты для турыстаў. У 2019 і 2020 гадах ён быў паўторна закрыты для правядзення буйных кансерватарскіх работ. У тым ліку былі адноўленыя некаторыя сцены і два масты, рэканструяваная ўязная брама.
Замак Рабштын. Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Паўторнае адкрыццё аб’екта для турыстаў адбылося вясной 2021 года. У цяперашні час замкам адмініструе Гарадскі культурны цэнтр у Олькушу.
Замак Рабштын. Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Для наведвальнікаў у будынку замкавай брамы была падрыхтаваная невялікая экспазіцыя, прысвечаныя гісторыі цвярдыні. Тут можна пазнаёміцца з макетам замка, малюнкамі, якія паказваюць, як аб’ект мяняўся на працягу стагоддзяў; паказаныя рэплікі сярэднявечнай зброі, а таксама фрагменты каменных архітэктурных дэталяў, якія былі знойдзеныя падчас археалагічных работ у замку.
Замак Рабштын. Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Можна таксама наведаць часткова рэканструяваны верхні замак і вежу, дзе была наладжаная тэраса, з якой можна палюбавацца цудоўнай панарамай. Апрача таго ў двары быў пабудаваны амфітэатр для праводжання розных мерапрыемстваў. У сваю чаргу ў ачышчаных з друзу замкавых падвалаў з XVII стагоддзя былі створаныя касы, кафэ для турыстаў і санітарны вузел.
Замак Рабштын. Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Зараз праводзяцца археалагічныя працы ў гаспадарчых будынках «сярэдняй» часткі замка, то бок былой лазні і кухні. Праз некалькі гадоў яны таксама павінны быць адкрытыя для турыстаў.
Замак Рабштын. Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
У замак у Рабштыне турыстаў прыцягваюць рыцарскія турніры, арганізаваны кожны год у ліпені. У сваю чаргу ўвосень гістарычны аб’ект ахвотна наведваюць аматары Juromanii – свята Шляху арліных гнёздаў, у рамках якога на Кракаўска-Чэнстахоўскім узвышшы праходзяць шматлікія мерапрыемствы з удзелам групаў рэканструктараў.
Анна Задрожна