Беларуская Служба

Пячора кажаноў – месца, якім цікавіўся Балівуд (ФОТА)

29.10.2021 16:12
На цяперашні выгляд пячоры паўплывала прамысловая здабыча гуана, якая праводзілася тут у канцы XIX стагоддзя.
Аўдыё
  • Пячора кажаноў – месца, якім цікавіўся Балівуд.
Пячора кажаноўAnna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

Сёння я запрашаю ў Пячору кажаноў, якая размяшчаецца ў паўднёвай частцы Кракаўска-Чэнстахоўскага ўзвышша, у вёсцы Ежманавіцы (Jerzmanowice), у верхняй частцы Бэндкоўскай даліны (Dolina Będkowska). Назва пячоры паходзіць ад вялікай колькасці кажаноў, якія праводзяць тут зіму, а таксама ад вялікай колькасці іх парэшткаў, знойдзеных тут падчас археалагічных раскопак. Пячора кажаноў – адна з самых прыгожых і папулярных пячор узвышша.

Пячора кажаноў. Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ Пячора кажаноў. Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

Пячора кажаноў таксама вядомая пад назвай Ежманавіцкая, Ксенжа або Бяла. Знаходзіцца на вышыні 447 метраў над узроўнем мора, а яе даўжыня складае 306 метраў. Гэта адна з самых вялікіх пячор у рэгіёне. Яна адкрытая для турыстаў, ёсць асвятленне і ўказальнікі.

Пісьмовая гісторыя пячоры сягае першай паловы XIX стагоддзя. У дакументах з 1841 года згадваюцца ранейшыя раскопкі глею ў пячоры, які выкарыстоўваўся ў якасці каштоўнага ўгнаення. На жаль, прамысловая эксплуатацыя гуана, якая праводзілася ў канцы XIX стагоддзя Верхнесілезскім горназдабыўным упраўленнем, прычыніліся да значнага знішчэння багатых пячорных нацёкаў.

Пячора кажаноў. Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ Пячора кажаноў. Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

Першы пошук у пячоры правёў у 1871 годзе граф Ян Завіша, уладальнік Айцоўскай даліны. Падчас тагачасных работаў былі знойдзеныя шматлікія археалагічныя помнікі і косці жывёлы, якія былі перададзеныя ў Вроцлаўскі музей. У 1918 годзе, калі першым прыватным уладальнікам пячоры быў экскурсавод па Ойцаве Антоні Фэрдэк, археалагічныя працы каля ўваходу ў пячору праводзіў Лявон Казлоўскі.

Пячора кажаноў. Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ Пячора кажаноў. Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

Аднак сістэматычныя і метадычныя археалагічныя даследаванні пячоры ўдалося наладзіць толькі пасля Другой сусветнай вайны (у 1956-1963 гадах) Вальдэмару Хмялеўскаму. Тым ня менш, па сённяшні дзень у калідорах пячоры турысты могуць пабачыць косці жывёлы, у тым ліку іклы пячорнага мядзведзя. Дарэчы, падчас археалагічных раскопак агулам у пячоры былі знойдзеныя каля 4 тысяч гэткіх іклоў, а таксама костак пячорнай гіены, пячорнага льва, барсука, маманта, аленя, дробных грызуноў, птушак, рыбы і, зразумела, кажаноў.

Пячора кажаноў. Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ Пячора кажаноў. Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

У Пячоры кажаноў былі знойдзеныя таксама шматлікія прылады працы, посуд і іншыя сляды прысутнасці чалавека, якога навукоўцы назвалі Ежманоўскім паляўнічым. Ежманоўскія паляўнічыя былі прадстаўнікамі homo sapiens (думаючы чалавек). Яны былі стваральнікамі выяўленых тут прыладаў працы і зброі, між іншым, крэмніевых наканечнікаў стрэл і дзідаў. Найстарэйшыя артэфакты маюць 38 тысяч гадоў.

У Пячоры кажаноў можна пабачыць цікавыя нацёкі, як напрыклад, капежны вадаспад і вялізныя віхравыя катлы, размешчаныя ў столі пячоры.

Пячора кажаноў. Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ Пячора кажаноў. Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

Унікальныя скальныя ўтварэнні ў спалучэнні з прасторнымі інтэр'ерамі прычыняюцца да таго, што пячора часта выкарыстоўваецца ў якасці сцэнаграфіі фільмаў. Тут Ежы Хофман здымаў фільм «Агнём і мячом», а балівудскія рэжысёры – серыял «Бангістан».

Пячора кажаноў. Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ Пячора кажаноў. Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

Пячору можна наведваць выключна з гідам з красавіка па кастрычнік. Побач з пячорай знаходзіцца цікавы лапідарый з прыкладамі горных пародаў, якія сустракаюцца на тэрыторыі Кракаўска-Чэнстахоўскага ўзвышша, а таксама шапік з сувенірамі. Паркоўка размяшчаецца побач з пячорай на панадворку прыватнага ўладальніка аб’екта.Пячора кажаноў. Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ Пячора кажаноў. Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

Непадалёк Пячоры кажаноў праходзіць пешаходны Шлях крэпасцяў Кракаўска-Чэнстахоўскага ўзвышша і некалькі мясцовых пешаходных і веласіпедных дарожак.

Пячора кажаноў. Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ Пячора кажаноў. Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

У верасні ў гміне Ежманавіцэ арганізоўваецца свята кажаноў, падчас якога можна, між іншым, прыняць удзел у палявых гульнях, лекцыях, конкурсах і экскурсіях. Фестываль папулярызуе веды пра кажаноў, а таксама пра цікавыя месцы ў гміне.

Анна Задрожна

Больш на гэтую тэму: Запрашаем у Польшчу