Беларуская Служба

Нябачныя. Гісторыя варшаўскіх служанак

26.11.2021 15:30
Нягледзячы на сваю нябачнасць у дамах мяшчанства і буржуазіі, служэбніцы былі адной з самых шматлікіх сацыяльных групаў дарэвалюцыйнай і даваеннай Варшавы.
Аўдыё
  • Куратарка выставы Зофія Роек тлумачыць, чаму служэбніцы былі нябачныя.
Афіша выставыКрыніца: https://www.facebook.com/muzeum.warszawy

На пачатку XX стагоддзя ў Варшаве каля 40 тысяч маладых жанчын штодня прыбіралі, гатавалі, і мылі ў тысячах кватэр. Іх праца закранала самыя інтымныя аспекты жыцця многіх пакаленняў варшавякаў. Яны знаходзіліся на задворках буржуазнай штодзённасці, а да нядаўняга часу заставаліся і па-за цікаўнасцю гісторыкаў, якія, калі іх і заўважалі, апісвалі ў лепшым выпадку як супольнасць, уключаную ў статыстыку, якая дапаўняе асноўныя дадзеныя. У сённяшняй перадачы «Машына часу» мы пагаворым пра «Нябачных. Гісторыі варшаўскіх служанак». Нагодай для такой тэмы стала аднайменная выстава, якая надоечы адкрылася ў Музеі Варшавы.

Куратарка выставы Зофія Роек тлумачыць, чаму служэбніцы былі нябачныя:

-Гэтыя кабеты перад усім былі нябачныя для мяшчан. Іх праца а прыёры павінна была быць незаўважаная. Нават сёння мы працягваем ставіцца да хатніх абавязкаў, як да не заўважальнай працы, якая ідзе сама па сабе, не вымагае дадатковых кваліфікацыяў. Раней на гэтую «нябачнасць» таксама накладалася стаўленне працадаўцаў да сваіх пакаёвак з перспектывы маральнай перавагі, што вядома было няпраўдай. З увагі на вельмі нізкую сацыяльную пазіцыю служэбніц, іх прысутнасць проста не заўважалі і гэта было мэтанакіраванае стаўленне. Прыслуга не мела ўласнай суб’ектнасці, ім даводзілася адмаўляцца нават ад уласных імёнаў, сем’і называлі іх «Марысямі» і «Касямі». Абагульняючы – сацыяльная група без уласнага імя. Служкі павінны былі хадзіць ва ўніформе – чорная сукня і белы фартух. Таксама ў папулярным тады даведніку для працадаўцаў прыслугі, гаварылася, напрыклад, што сем’і маюць права патрабаваць ад яе адсутнасць фізіялагічных недахопаў. Бо праз такія фізіялагічныя асаблівасці прысутнасць служэбніцы ў доме была бы больш заўважнай. Таксама, кажучы пра іх нябачнасць, мы кажам і пра гістарычныя даследаванні. Тут служкі таксама былі нябачныя, бо гэта не гісторыі вялікіх мужчын, а гісторыя звычайных дзеўчын, без прозвішчаў, часцяком непісьменных. Мы ставімся да іх, як да супольнасці, якая працавала ў дамах мяшчан.

Нягледзячы на сваю нябачнасць у дамах мяшчанства і буржуазіі, служэбніцы былі адной з самых шматлікіх сацыяльных групаў дарэвалюцыйнай і даваеннай Варшавы, гаворыць Зофія Роек:

- На стыку ХІХ і ХХ стагоддзяў служэбніцы былі адной з найбольшых прафесійных групаў, прыступных у Варшаве – каля 20% усіх працаўнікоў. У міжваенны перыяд у Варшаве налічвалася каля 40 тысяч прыслугі. Пераважна гэта былі вельмі маладыя дзяўчаты ва ўзросце 16-25 гадоў. Яны прыязджалі ў Варшаву з вёскі. Працавалі па 16 гадзін штодня, абслугоўвалі сем’і варшаўскіх мяшчан. У той час Варшава мела вялікае сацыяльнае расслаенне. Так было і пасля аднаўлення Польшчай незалежнасці. У міжваенны перыяд сем’і працаўладкоўвалі дзяўчат, якія выконвалі ўсе віды хатняй працы: распалка печаў, гатаванне, дагляд за дзецьмі, арганізацыя застолляў. Раней, у ХІХ стагоддзі, больш распаўсюджанай была спецыялізаваная прыслуга: кухаркі, няні, мамкі і г.д. Аднак у міжваенным дваццацігоддзі гэта змянілася.

Пасля пары дзесяццігоддзяў цяжкай і важнай працы, прыслуга нярэдка заканчвала свой век будучы ў глыбокай патрэбе, ім на надавалася права на пенсію. Аднак, кажа куратарка выставы «Нябачныя. Гісторыя варшаўскіх служанак» Зофія Роек здараліся і выключэнні:

-Часамі служэбніцам удавалася назбіраць нейкія сродкі на пасаг і выйсці замуж. Нярэдка служкі заставаліся ў сям’і працадаўцы да сваёй смерці. Таксама задаваліся выпадкі, калі прыслугу ўспрымалі як чальцоў сям’і, як паўнапраўных людзей. Яны старэлі і паміралі разам са сваімі гаспадарамі. Нярэдка, аднак, служэбніца на старасці гадоў была вымушана звяртацца па дапамогу ў адмысловыя дабрачынныя арганізацыі.

Пасля вайны Польшча трапіла ў сацыялістычны лагер, адпаведна, усе буржуазныя перажыткі, прынамсі фармальна, былі скасаваныя. Аднак, у змененым выглядзе і з новай назвай прыслуга атрымала новых гаспадароў – вышэйшую партыйную наменклатуру, кажа Зофія Роек:

-Пасля 1945 года хатняя прыслуга як прававое паняцце і прафесійная група ў Польшчы знікае, але не знікаюць людзі, які за аплату або без яе працягваюць выконваць хатнюю працу. Нягледзячы на кардынальныя сацыяльныя змены, змена стаўлення да жанчын, якія ўжо не называліся прыслугай, але працягвалі выконваць яе функцыі, адбывалася вельмі павольна. Яскравы прыклад – гэта першы пабудаваны ў пасляваеннай Варшаве элітны жылы раён MDM, каля Плошчы Канстытуцыі. У кватэрах, якія там будаваліся адразу пасля вайны, былі прадугледжаны «słгżbówki» – маленькі пакойчык для прыслугі, якая павінна была працаваць у сям’і з двух-трох чалавек. Пэўная рэха гэтага гучала яшчэ доўга. Напрыклад, вядомыя польскія камедыі 1970-80 гадоў нярэдка звярталіся да тэмы сучаснай служэбніцы, варта назваць стужкі «Тыя, каго шукаюць», ці «Ох, Кароль!».

Падрабязна даведацца пра гісторыю польскай прыслугі можна наведаўшы выставу «Нябачныя. Гісторыі варшаўскіх служанак», у Музеі Варшавы, што знаходзіцца ў самым цэнтры старога гораду на Плошчы Рынак. Выстава будзе працаваць да 22 сакавіка 2022 года.

Размому запісаў Эдуард Жолуд.

Слухайце аўдыё! 

Больш на гэтую тэму: Машына часу