Беларуская Служба

Запрашаем у Кракаў і Варшаву на выставы традыцыйных батлеек

24.12.2021 13:11
Кракаўская батлейка адрозніваецца ад усіх астатніх калядных батлеек у свеце.
Аўдыё
  • Запрашаем у Кракаў і Варшаву на выставы традыцыйных батлеек.
Кракаўская батлейка etnomuzeum.eu

У калядным перыядзе ў Польшчы вельмі папулярная традыцыя наведвання батлеек. Да 27 лютага 2022 года ў адрамантаваным палацы «Пад Кшыштафоры» ў Кракаве можна паглядзець традыцыйную пасляконкурсную выставу кракаўскай батлеек. У сваю чаргу на найбуйнейшую ў гісторыі Варшавы выставу батлеек запрашае таксама Каралеўскі замак, у прыватнасці Палац пад Бляхай.

Прозвішчы пераможцаў 79-га конкурсу батлеек, арганізаванага Кракаўскім музеем, былі агучаныя падчас адмысловай цырымоніі на пачатку снежня. Раней, пасля перапынку, выкліканага пандэміяй, батлейкі традыцыйна прэзентаваліся таксама на Рынкавай плошчы ля помніка Адаму Міцкевічу.

Дырэктар музею Міхал Незабітоўскі (Michał Niezabitowski) падкрэслівае, што конкурс скіраваны на захаванне і развіццё традыцый кракаўскай батлейкі. Сёлета ў ім спаборнічалі 106 батлеек, то бок на 19 больш, чым у мінулым годзе. Хоць сёлетняя яўка не была самай высокай у гісторыі мерапрыемства, то важна, што традыцыя працягваецца нават у складаных умовах пандэміі.

Работы ацэньваліся ў розных катэгорыях – у залежнасці ад памеру батлейкі і ўзросту аўтараў. За перамогу ў старэйшай узроставай катэгорыі змагаліся 43 батлейкі, тры – у юнацкай, 14 – у сямейнай, 14 – у дзіцячай і 32 – у школьнай. У склад конкурснага журы ўваходзяць гісторыкі, этнографы, мастацтвазнаўцы, архітэктары і мастакі, нагадаў старшыня журы Міхал Незабітоўскі:

- Члены журы адмыслова падабраныя такім чынам, што прадстаўляюць розныя галіны мастацтва. Гэта выдатна апраўдваецца, паколькі кожны з іх глядзіць на батлейку з іншага пункту гледжання. Гэта важна.

Міхал Незабітоўскі кажа, што батлейкі часта адлюстроўваюць найважнейшыя падзей мінулага года:

- На самой справе, чым бліжэй конкурс, тым мы ўжо здагадваемся, што будзе ў батлейках, паколькі ведаем найважнейшыя падзеі, якія адбыліся ў бягучым годзе. Напрыклад, калі сёлета мы адзначалі 500-годдзе Звона Жыгімонта і 100-годдзе «Вяселля» Выспянскага, то ўжо былі вядомыя тэмы батлеек. Значыць, па-першае, гадавіны. Па-другое, аўтары проста назіраюць за тым, што адбываецца. Напрыклад, ваеннае становішча таксама ўздымалася ў батлейках.

Члены журы ацэньваюць традыцыйныя рысы батлейкі, яе архітэктуру, колеры, асвятленне, рух лялек і аранжыроўку, наратыў і наватарскія акцэнты.

Як кажуць Юзэф Мадэй і Мацей Мошэў (Józef Madej, Maciej Moszew), пераможцы ў дзвюх «старэйшых» катэгорыях, традыцыя падрыхтоўкі батлейкі часта пераходзіць з пакалення ў пакаленне:

-Першую батлейку я зрабіў самастойна ва ўзросце 18 гадоў. Раней я толькі дапамагаў бацьку. У дзіцяці малыя, спрытныя рукі – выдатныя, каб дапамагчы, так і я дапамагаў.

-Нармальна, першая батлейка ніколі не атрымаецца, часта таксама другая і трэцяя… Але чацвёртая, як у маім выпадку, гэта было ўжо другое месца. Такім чынам пачалося.

Нагадваем, конкурс кракаўскіх батлеек арганізоўваецца з 1937 года. У першым прынялі ўдзел 86 чалавек. Пасля перапынку, выкліканага вайной, мерапрыемства аднавіліся ў 1945 годзе. Тады на месцы знесенага помніка Адаму Міцкевічу зноў з’явіліся батлейкі. З тых часоў спаборніцтвы арганізоўваюцца бесперапынна ў кожны першы чацвер снежня.

Каб палюбавацца кракаўскімі батлейкамі не трэба абавязкова адпраўляцца ў Кракаў. Надоечы ў Каралеўскім замку ў Варшаве адкрылася найбуйнейшая ў гісторыі выстава кракаўскіх батлеек.

У Палацы пад Бляхай можна паглядзець 50 па-майстэрску выкананых традыцыйных канструкцыяў, з якіх амаль усе атрымалі ўзнагароды ў мінулых конкурсах, кажа куратарка выставы Катажына Рагальска (Katarzyna Rogalska):

- Сярод іх ёсць маленькія батлейкі, размешчаныя на чайнай лыжцы, крыху большыя – у кракаўскім абаранку, а таксама самыя вялікія – больш за трохметровыя канструкцыі.

Падчас адкрыцця выставы намеснік міністра культуры і нацыянальнай спадчыны Магдалена Гавін (Magdalena Gawin) падкрэсліла, што будаванне батлейкі гэта часта сямейная традыцыя:

- У гэтай традыцыі ёсць нешта незвычайнае, мы бачым у ёй не толькі пэўныя намаганні культурных устаноў, такіх як музеі, але гэта аўтэнтычныя сямейныя традыцыі, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне.

У кракаўскіх батлейках ля Дзіцятка Езус знаходзяцца не толькі Юзаф і Марыя, кажа дырэктар Каралеўскага замка Войцех Фалкоўскі(Wojciech Fałkowski):

- Ёсць жаўнеры, пастары, гандляры і рамеснікі.

Войцех Фалкоўскі звяртае ўвагу на разнастайнасць кракаўскай батлейкі:

- Часам, гэта шыкоўны шматсямейны дом. Часцей за ўсё гэта цудоўны касцёл з мноствам фігур, якія кланяюцца, стаяць на варце, запрашаюць, ахоўваюць і акружаюць гэты чароўны цэнтр.

Мітрапаліт Варшаўскі арцыбіскуп кардынал Казімір Ныч, які прысутнічаў на адкрыцці варшаўскай выставы, нагадаў, што батлейка мянялася на працягу гісторыі:

- Практычна на пачатку гэта быў жолаб з Езусам. Потым праз некалькі дзесяцігоддзяў і стагоддзяў дайшла стайня, дадаваліся новыя элементы, адбывалася спецыфічная інкультурацыя ў еўрапейскіх і не толькі еўрапейскіх краінах. І гэтая традыцыя дайшла і да Кракава.

Выставу ў Каралеўскім замку ў Варшаве можна паглядзець да 2 лютага.

Кракаўская батлейка ўнікальная. Яна ўяўляе сабой вежавую канструкцыю і змяшчае дэталі, характэрныя для архітэктуры Кракава. Традыцыйная канструкцыя зроблена з дрэва, кардона, паперы і рознакаляровай, бліскучай алюмініевай фальгі.

Часцей за ўсё батлейкі будуюцца на ўзор кракаўскіх касцёлаў. Творцы батлейкі ахвотна навязваюць да франтона Марыяцкай базілікі, а таксама вежаў Вавельскай кафедры.

Акрамя святой сям’і, традыцыйнымі героямі кракаўскіх батлеек з’яўляюцца: Лайконік, Вавельскі цмок, марыяцкі трубач і жыхары Кракава. Батлейка расказвае таксама пра гісторыю Кракава: пра герояў кракаўскіх легендаў, гісторыю і кракаўскую сімволіку.

У 2018 годзе кракаўская батлейка была ўнесеная ў спіс нематэрыяльнай спадчыны ЮНЕСКА. Такое рашэнне было прынята падчас 13-й сесіі Міжурадавага камітэта па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА ў Порт-Луі на Маўрыкіі.

IAR/аз

Больш на гэтую тэму: Запрашаем у Польшчу