Сёння я запрашаю ў Музей Варшаўскага паўстання– адну з цікавейшых музейных установаў не толькі ў сталіцы, але і ўсяе Польшчы. Музей, прысвечаны крываваму ўзброенаму змаганню супраць нямецкіх акупантаў у 1944 годзе, быў адкрыты ў ліпені 2004 года, то бок напярэдадні 60-й гадавіны пачатку барацьбы за вызваленне горада.
Музейная ўстанова размешчаная ў былым трамвайным дэпо ў раёне Воля, пабудаваным у 1904-1908 гадах. Гэта адзін з найлепш захаваных гістарычных прамысловых комплексаў у польскай сталіцы.
З моманту адкрыцця музей карыстаецца нязменна вялікай папулярнасцю сярод турыстаў.
Музейная экспазіцыя размешчаная на трох паверхах агульнай плошчаю ў больш за 3 тысячы квадратных метраў. Яна расказвае пра барацьбу і штодзённае жыццё ўдзельнікаў Варшаўскага паўстання на фоне Другой сусветнай вайны, гітлераўскай акупацыі, а таксама пасля вайны на фоне камуністычнага тэрору. Тут паказаныя таксама лёс варшаўскіх паўстанцаў у часы ПНР.
Фотаздымкі, малюнкі і аўдыязапісы расказваюць пра чарговыя этапы паўстання – дні, якія яго папярэднічалі, пачатак, барацьбу, выхад паўстанцаў з Варшавы й пасляваенныя лёсы ўдзельнікаў. Выстава складаецца з тысячаў экспанатаў, а агулам у распараджэнні музея іх некалькі дзясяткаў тысяч.
Нягледзячы на багаты фонд калекцыя музейных экспанатаў пастаянна пашыраецца, а дзейнасць узбагачаецца на чарговыя праекты.
Таксама за апошні год калекцыя Музея Варшаўскага паўстання папоўнілася выключна каштоўнымі артэфактамі.
Гаворка ідзе, між іншым, пра арыгінальныя пасведчанні паўстанцаў. Пра іх лёс пасля 1944 года нічога не вядома. У музей каштоўныя гістарычныя дакументы прынёс мужчына, які сказаў, што «гэта важнае» і знік, расказвае дырэктар музея Ян Аўдакоўскі(Jan Ołdakowski):
- Мужчына, які відаць хацеў застацца ананімным, прынёс нам звычайны, жоўты канверт. Аказалася, што ў сярэдзіне было 400 пасведчанняў жаўнераў Арміі Краёвай. Немцы адбіралі іх у паўстанцаў, якіх пасля падзення паўстання, адпраўлялі ў лагер. Канверт прынёс старэйшы мужчына, якому магло быць каля 70 гадоў. Ён толькі сказаў: «Гэта важнае!» і знік, пакуль мы паглядзелі, што гэта.
У мінулым годзе Музей Варшаўскага паўстання запусціў таксама новы пілотны праект пад загалоўкам «Карані памяці». У яго рамках сем’і і сваякі варшаўскіх паўстанцаў распавядаюць пра тое, як лёсы продкаў паўплывалі на іх жыццё:
- Гэта сустрэча з чарговымі пакаленнямі – дзецьмі, унукамі, праўнукамі паўстанцаў. Гэта асобы, якія лічаць, што іх продкі-удзельнікі Варшаўскага паўстання, аказалі рашучы ўплыў на іх жыццё. Гаворка ідзе, у тым ліку, пра каштоўнасці, якімі яны накіроўваюцца ў сваім жыцці. Усе сваякі паўстанцаў могуць прыняць удзел у згаданым праекце запаўняючы спачатку анкету, якая змешчаная на нашай старонцы. Мы запісваем з імі інтэр’ю, а пазней высаджаем дрэва ў памяць аб іх продках.
Апрача таго, апошнім часам фонд музея ўзбагаціўся таксама на вельмі каштоўную калекцыю з 59 нямецкіх фотаздымкаў, якія адлюстроўваюць паўсядзённае жыццё гітлераўскіх жаўнераў, якія падаўлялі Варшаўскае паўстанне. Як кажа Ян Аўдакоўскі, гэта надзвычай каштоўныя здымкі, бо на іх бачныя сцэны, якія не былі цэнзураваныя:
- Нямецкія здымкі падвяргаліся жорсткаму кантролю. Гаворка ідзе пра тое, каб здымкі магла выкарыстаць нямецкая прапаганда. То бок жаўнеры павінны быць правільна апранутыя, энергічныя і здаровыя. Тым часам мы атрымалі здымкі, якія паказваюць сапраўднае паўсядзённае жыццё нямецкіх жаўнераў. Гэта выключная справа, тым больш, што падчас паўстання немцы рабілі шмат здымкаў і фільмаў, але большасць мае прапагандысцкі характар і стыль.
Варшаўскае паўстанне – лічыцца адным з найбуйнейшых узброеных чынаў, зладжаных антынацысцкім падполлем у акупаваных гарадах Еўропы. Яно пачалося 1 жніўня 1944 года і доўжылася больш за 2 месяцы. Паводле агульных ацэнак, удзел у баях узялі каля 50 тысяч паўстанцаў. Загінулі 10 тысяч паўстанцаў, 17 тысяч паўстанцаў патрапілі ў палон, 7 тысяч зніклі без вестак. Апрача таго загінула каля 150 тысяч грамадзянскага насельніцтва, вялікая частка горада была разбураная, а каля 520 тысяч жыхароў былі выгнаны з горада.
Хоць паўстанне не дасягнула ні ваенных, ні палітычных мэтаў, то па сённяшні дзень з’яўляецца для палякаў сімвалам мужнасці і рашучасці ў барацьбе за незалежнасць.
Новыя каштоўныя экспанаты можна будзе паглядзець на пастаяннай выставе Музея Варшаўскага паўстання. Падрабязнасці, датычныя праекта «Карані памяці» і іншых мерапрыемстваў можна знайсці на інтэрнэтнай старонцы Музея Варшаўскага паўстання www.1944.pl.
Музей Варшаўскага паўстання варта наведваць рэгулярна, паколькі гэта вельмі актыўная ўстанова, якая пастаянна пашырае калекцыю экспанатаў, выдае кнігі, рыхтуе многія цікавыя праекты і часовыя выставы. Гэта таксама ўнікальнае месца, якое дапамагае зразумець сучасную Варшаву.
IAR/аз