Беларуская Служба

Пярэмышль – сталіца люлькі і званоў у Польшчы

18.02.2022 15:16
Традыцыі вырабу люлек і званоў па сённяшні дзень жывыя ў Пярэмышлі. Штогод у горадзе адзначаецца Свята люлькі.
Аўдыё
  • Пярэмышль – сталіца люлькі і званоў у Польшчы.
ЛюлькаConstantLorelai /pixabay.com/CC0 Public Domain

Сёння я запрашаю ў Пярэмышль (Przemyśl), на паўднёвым усходзе Польшчы, у прыватнасці ў Музей люлькі і званоў. Музейная ўстанова з’яўляецца філіялам Нацыянальнага музея ў Пярэмышлі. Яна была заснаваная ў 2001 годзе і размяшчаецца ў гістарычнай гадзіннікавай вежы ў Старым горадзе.

Вежа, якая з’яўляецца сядзібай незвычайнага музея, была пабудаваная ў 1775-1777 гадах у стылі позняга барока. Васьміпавярховы аб’ект, першапачаткова быў званіцай уніяцкага сабора, а ў 1983 годзе стаў уласнасцю Нацыянальнага музея Пярэмышля. Вежа, мае вышыню 38 метраў і з'яўляецца адной з самых высокіх аглядных пляцовак у горадзе. Распаложанне музея ў Старым горадзе вельмі зручнае для турыстаў, якія наведваюць Пярэмышль.

Помнік-лаўка ў Пярэмышлі. Autorstwa Goku122 - Praca własna, CC BY-SA 4.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=4344678 Помнік-лаўка ў Пярэмышлі. Autorstwa Goku122 - Praca własna, CC BY-SA 4.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=4344678

У выніку апошняй рэканструкцыі аб’ект быў прыстасаваны да выставачных функцый. На першым паверсе экспануюцца люлькі з музейнай калекцыі, сярод якіх найбуйнейшую групу складаюць мастацкія сэпіялітавыя артэфакты, вырабленыя пераважна ў XIX стагоддзі ў тагачаснай Аўстра-Венгерскай манархіі.
Адным з больш каштоўных экспанатаў з’яўляецца люлька, упрыгожаная выявай кароны св. Стэфана, а таксама венгерская люлька тысячагоддзя паводле праекта майстра Я. Копа. Тут можна пабачыць таксама люлькі «з фальшывай датай», вялікую групу бідэрмейерскіх люлек. На экспазіцыі паказанае таксама дробнае абсталяванне і аксесуары для люлек. Турысты звяртаюць увагу на прыгожыя драўляныя люлькі, якія маюць асаблівыя кашталты.

У сваю чаргу сярод гліняных люлек увагу прыцягвае найстарэйшы экспанат, які паходзіць з канца XVII стагоддзя. Тут можам паглядзець таксама люлькі з пачатку XX сагоддзя, ці вырабы знакамітай «Fabrike in Schlesien» з вёскі Збароўскія ў Сілезіі. Фабрыка была заснаваная ў 1753 годзе пад патранажам прускага караля Фрыдрыха II Вялікага. Напрыканцы XVIII і пачатку XIX стагоддзя яна вытварала 600-800 тысяч аднастайных гліняных люлек.

На адным з паверхаў вежы прэзентуюцца сучасныя пярэмышльскія люлькі. Выстава, паказвае дасягненні сучасных вытворцаў у кантэксце гісторыі гэтай галіны рамёстваў у Пярэмышлі.
На выставе прадстаўлены гістарычныя дакументы, паказаныя рэаліі самых ранніх фабрыкаў, а таксама вырабы легендарнага пярэмышльскага вытворцы люлек – Людвіка Валята. Важнае месца ў музеі займае від вайсковай і паляўнічай люлькі.
Гісторыя пярэмышльскай люлькі сягае з сярэдзіны ХІХ стагоддзя, калі пачаліся работы па будаўніцтве Пярэмышльскай крэпасці. Люлькі вырабляліся з розных матэрыялаў, ад гліны, дрэва да фарфору і сэпіяліту. Музейная экспазіцыя ў Пярэмышлі складаецца з каля 2 тысяч артэфактаў з усёй Еўропы. Хоць масавая вытворчасць люлек была спыненая прыкладна ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя, то да гэтага часу дзейнічае тэрмін пярэмышльская люлька.

Музей люлькі і званоў. Autorstwa Bazie - Praca własna, CC BY-SA 3.0 pl, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=35369306 Музей люлькі і званоў. Autorstwa Bazie - Praca własna, CC BY-SA 3.0 pl, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=35369306

У гадзіннікавай вежы прэзентуецца таксама другая цікава экспазіцыя – званаліцейная, якая займае некалькі паверхаў аб’екта. На ёй можна пазнаёміцца з працэсам вырабу званоў, які няшмат памяняўся з часоў сярэднявечча. Паказаная таксама калекцыя званоў і прылады званаліцейнага рамяства.
Сярод прэзентаваных экспанатаў увагі заслугоўваюць вырабы майстэрняў з Гданьска і Торуні з XVII-XVIII стагоддзяў.

З Пярэмышлем звязаны два званы з элементамі гарадскога герба – адзін з 1740 года, другі – з 1878 года. Тут прэзентуецца таксама прыгожы звон з Дароміна ля Сандомежа, адліты ў 1935 годзе ў Пшэмыслі Людвікам Фельчынскім, верагодна, па просьбе тагачаснага папы Пія XI.

Выставу дапаўняюць дакументы, якія датычацца роду Фельчынскіх, які з 1808 года ў Калушы, а з 1915 года ў Пярэмышлі займаўся званаліцейным рамяством. На выставе можна паглядзець таксама цікавыя званы з караблёў, пазычаныя з Цэнтральнага марскога музея ў Гданьску і Ваенна-марскога музея ў Гдыні.
Усяго на выставе прэзентуецца больш за 70 розных відаў званоў – царкоўных, карабельных і нават ратушных, а таксама больш з 3,5 тысячы малых ручных званкоў.

У Пярэмышлі дагэтуль працягваюцца старыя традыцыі па вырабе званоў і люлек. У цяперашні час званы вырабляюць дзве званаліцейныя майстэрні, у тым ліку вядомая Людвісарская студыя Яна Фельчыньскага. Згаданая майстэрня адліла самы вялікі ў свеце звон – Vox Patris. Ён важыць ажно 55 тон і знаходзіцца ў санктуарыю ў Трындадзе ў Бразіліі.

У сваю чаргу вырабам люлек цяпер займаецца каля дзесяці майстэрняў у Пярэмышлі. Штогод у вакацыйным перыядзе, у горадзе праходзіць Свята люлькі з конкурсам курэння, шматлікімі выставамі, кірмашамі і канцэртамі.

аз

Больш на гэтую тэму: Запрашаем у Польшчу