Сёння я запрашаю пазнаёміцца з некалькімі «скальнымі гарадкамі» ў Польшчы. Што гэта такое? Гэта групы цікавых скальных утварэнняў, якія падзеленыя вузкімі калідорамі і часта ўтвараюць маляўнічыя і складаныя лабірынты. Пераадольванне маршрутаў, якія вядуць цеснымі шчылінамі або глыбокімі калідорамі захапляе не толькі наймалодшых турыстаў, але таксама старэйшых і больш вопытных.
Цікавыя скальныя ўтварэнні, створаныя прыродай, у тым ліку «скамянелыя» або «скальныя» гарадкі ў Польшчы, можна наведаць, перш за ўсё, у паўднёвай частцы Польшчы. Адным з іх з’яўляецца запаведнік «Скамянелы горад», размешчаны на правым беразе ракі Белая, у ландшафтным парку ля гарадка Ценжкавіцы (Ciężkowice). Гэтак група буйных горных пародаў, якія ў выніку эрозіі атрымалі цікавыя форму. Больш за тое, у запаведніку знаходзіцца таксама мноства невялікіх пячор, якімі карыстаюцца кажаны.
«Скамянелы горад» у ландшафтным парку ля гарадка Ценжкавіцы. Autorstwa Kroton - Praca własna, CC BY 3.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=10052032
Праз увесь «Скамянелы горад» у Ценжкавіцах праходзіць блакітная турыстычная сцежка, даўжыня якой складае каля 2 кіламетраў. Ля запаведніка знаходзіцца «Яр ведзьмаў», дзе па сцяне вышынёй у 14 метраў, цячэ ручай, ствараючы прыгожы вадаспад.
Таксама ў Малапольшчы знаходзіцца іншы падобны запаведнік «Скалы д’яблаў», размешчаны ў горадзе Буковец (Bukowiec), на Ражноўскім перадгор'і. Тамтэйшыя горныя ўтварэнні, вышынёй у некалькі метраў, маюць розныя формы, якія, перш за ўсё, атаясамліваюцца з вежамі, амбонамі, грыбамі або сталамі. У згаданым запаведніку знаходзіцца пячора «Дзірка Д’ябла» і некалькі меншых пячор. Па запаведніку праходзіць адукацыйная сцежка з дзевяццю прыпынкамі і інфармацыйнымі дошкамі.
Запаведнік «Пазурэк». Autorstwa Jerzy Opioła - Praca własna, CC BY-SA 4.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=80102465
У Ландшафтным парку «Арліныя гнёзды», таксама ў Малапольскім ваяводстве, знаходзіцца запаведнік, «Пазурэк» (Pazurek). Ён быў створаны толькі ў 2008 годзе. На плошчы ў больш за 180 гектараў можна пабачыць вапняковыя асобна стаячыя «Зубовыя скалы». Характэрнымі горнымі ўтварэннямі запаведніка з’яўляюцца: «Бабуля», «Апошняя», «Квадратная» або «Зялёная сцяна». У паўднёвай частцы запаведніка знаходзіцца другая група горных парод, якія ўтвараюць гэтак званую «Цісовую алею». Праз запаведнік праходзіць адукацыйная сцежка, даўжынёй у 5-кіламетраў з 12 прыпынкамі і інфармацыйнымі дошкамі, а таксама адгалінаванне «Сцежкі арліных гнёздаў» – зялёная турыстычная сцежка.
Блудныя скалы(Błędne Skały) размешчаныя на тэрыторыі Нацыянальнага парка Стольныя горы (Góry Stołowe) ў Ніжнесілезскім ваяводстве. Гэта адзін з нямногіх прыкладаў плітных гор у Еўропе, якія пабудаваныя з пяшчаніка, у якім у выніку эрозіі ўзнік складаны лабірынт. З 1957 года тэрыторыя скальнага лабірынта зʼяўляецца запаведнікам, які займае амаль 22 гектары і ахоплівае мноства цікавых скальных утварэнняў. Іх вышыня вагаецца ад 6 да 11 метраў. Многія з іх маюць цікавыя назвы. Сам маршрут нядоўгі – ён займае каля 30 хвілін, аднак турысты, традыцыйна, праводзяць на ім больш часу – любуюцца мудрагелістымі скальнымі формамі, робяць сабе здымкі на іх фоне.
Шчалінец Вялікі. Autorstwa Agnes86 - Praca własna, CC BY-SA 4.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=36644195
Папулярнасцю карыстаецца Шчалінец Вялікі (Szczeliniec Wielki) – гэта самая высокая вяршыня ў Сталовых горах, дзе знаходзіцца выключны скальны лабірынт. Ён пачынаецца ля турыстычнай базы на вяршыні Шчалінца. Гарантую выключныя эмоцыі. На праходжанне ўсяго лабірынту спатрэбіцца каля 2-3 гадзін.
У Свентакшыскім ваяводстве, ля гарадка Старахавіцы (Starachowice) знаходзіцца запаведнік «Скалы пад Адамовам». Ён займае плошчу менш за 9 гектараў. У запаведніку можна паглядзець паглядзець мудрагелістыя скальныя ўтварэнні, якія ўзніклі ў выніку працяглых працэсаў выветрывання. Іх вышыня складае нават 6 метраў. Да запаведніка можна дабрацца па чорнай турыстычнай сцежцы, якая таксама вядзе праз запаведнік «Расохач«(«Rosochacz») і мае даўжыню 32 кіламетры.
Таксама ў Свентакшыскім ваяводстве знаходзіцца запаведнік «Пякло пад Некланем». Паводле мясцовай легенды, мясцовыя ўтварэнні насамрэч з’яўляюцца месцам пакарання непаслухмяных д’яблаў.
«Скальныя гарадкі» – гэта спосаб на аднадзённую экскурсію на ўлонні натуры, таксама з сямʼёй. Тым больш, што гэткіх маляўнічых месцаў не трэба шукаць за межамі Польшчы. «Скальныя гарадкі» выступаюць, перш за ўсё, у Сталовых горах, Ражноўскім перадгорʼі, Рудавах Янавіцкіх, Свентакшыскіх і Карканошскіх горах.
Варта нагадаць, што большасць «скальных гарадкоў» зʼяўляецца запаведнікамі і пешыя прагулкі магчымыя толькі па вызначаных маршрутах.
Анна Задрожна