Сёння ў рамках рубрыкі «Запрашаем у Польшчу» прапануем, Шаноўнаму спадарству наведаць горад Астралэнка, у прыватнасці, адкрыты надоечы, першы ў Польшчы Музей Выклятых жаўнераў.
Надоечы ў горадзе Астралэнка (Ostrołęka), на ўсходзе Польшчы быў адкрыты першы ў краіне Музей Выклятых жаўнераў. Цырымонія стала адной з найважнейшых падзей сёлетняга святкавання Нацыянальнага дня памяці Выклятых жаўнераў у Польшчы.
Першы ў Польшчы Музей Выклятых жаўнераў адкрыўся ў Астралэнцэ на ўсходзе Польшчы. PAP/Artur Reszko
Мэта згаданага дзяржаўнага свята ўшанаваць памяць жаўнераў польскага антыкамуністычнага падполля, якія пасля вайны змагаліся за незалежнасць, аказваючы ўзброены супраціў савецкай акупацыі і камуністычнай уладзе, навязанай Польшчы Масквой.
Дырэктар новай музейнай установы Януш Катоўскі(Janusz Kotowski) паясняў падчас цырымоніі адкрыцця музея, што яго галоўная мэта – аднавіць памяць пра незвычайных герояў польскай «дарогі да свабоды»:
- Калі нехта аддаў за Радзіму ўсё, што ў яго было самае каштоўнае, сваё маладое жыццё, то, што мы можам яму прапанаваць сёння? Мы можам даць нашым жаўнерам хвіліну братэрскай малітвы, абавязак памятаць, каб яны ўвайшлі на старонкі польскай гісторыі і, нарэшце, мы ставім перад сабой задачу, каб іх каштоўнасці былі актуальнымі таксама сёння, асабліва для моладзі.
Дырэктар музея падкрэсліў, што адкрыццё ўстановы – гэта выключны момант для ўсіх, якія многія гады хадайнічалі за яе заснаванне. Ейнай галоўнай мэтай будзе вяртанне памяці пра герояў, кажа Януш Катоўскі:
- Якія пасля вайны з немцамі распачалі вайну за сапраўдную свабоду Айчыны.
Першы ў Польшчы Музей Выклятых жаўнераў адкрыўся ў Астралэнцэ на ўсходзе Польшчы. PAP/Artur Reszko
Прэзідэнт Анджэй Дуда ў лісце, накіраваным да ўдзельнікаў цырымоніі, які зачытаў міністр Войцех Калярскі (Wojciech Kolarski), падкрэсліў, што адкрыццё Музэя Выклятых жаўнераў у Астралэнцэ – гэта рэалізацыя пастулата аб інстытуцыялізацыі памяці пра антыкамуністычнае змаганне. Кіраўнік польскай дзяржавы таксама падкрэсліў, што цырымонія мае незвычайную сімволіку:
- Шкадую, што не магу адзначыць з вамі такое важнае для мяне асабіста свята. Але я таксама перакананы, што з улікам цяперашніх падзеяў ва Украіне мы ўсе яшчэ лепш разумеем непахісных герояў, пра якіх распавядае гэтае месца і выстава. Я лічу прыгожым сімвалам факт, што першы ў Польшчы Музей Выклятых жаўнераў адкрываецца менавіта тут – у Астралэнцэ. Нагадваю, гэты рэгіён займае асаблівае месца ў гісторыі змагання за незалежную і суверэнную дзяржаву.
Падчас цырымоніі адкрыцця музея міністр Калярскі таксама ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды ветэранам антыкамуністычнага падполля і іх сем'ям. Ад імя ўзнагароджаных падзякаваў сын апошняга «выклятага жаўнера» Юзэфа Франчака «Лялюся», які быў забіты камуністамі ў 1963 годзе. Марэк Франчак (Marek Franczak) падкрэсліў значэнне новага музея:
- Гэта памяць аб нашых бацьках, братах, якія пакінулі свае семʼі і дзяцей і змагаліся за свабодную Польшчу.
У сваю чаргу віцэ-прэм’ер, міністр культуры і нацыянальнай спадчыны Пётр Гліньскі(Piotr Gliński) падкрэсліў, што стаўленне польскіх «выклятых жаўнераў» у аспекце агрэсіі Расіі супраць Украіну таксама атрымлівае асаблівае значэнне:
- Сёння, магчыма, асабліва перад абліччам драмы і гераізму Украіны, увесь свет бачыць, што лёс народаў у канчатковым рахунку залежыць ад гатоўнасці іх грамадзян да найвышэйшай ахвяры, і толькі такі гераізм можа канчаткова перамагчы тыранаў. Таксама мы хочам, каб гэты музей быў, перш за ўсё, домам, школай, адукацыйным цэнтрам для польскай моладзі, якая будзе тут вучыцца сапраўднай адказнасці за Айчыну.
Першы ў Польшчы Музей Выклятых жаўнераў адкрыўся ў Астралэнцэ на ўсходзе Польшчы. PAP/Artur Reszko
Выстава паказвае «выклятых жаўнераў», як абаронцаў Айчыны, якія пачалі сваю барацьбу яшчэ ў верасні 1939 года. Яна распавядае пра тое, як саветызавалася Польшча і чаму многія польскія жаўнеры не пагадзіліся на ўладу савецкага акупанта; расказвае пра людзей, мясціны, сутычкі і баі з камуністамі, а таксама пра рэпрэсіі і прысуды, выкананыя супраць членаў антыкамуністычнага падполля. Экспазіцыя таксама паказвае на веліч і прыгажосць «непахіснай ахвяры», якая не была дарэмнай.
Першы ў Польшчы Музей Выклятых жаўнераў адкрыўся ў Астралэнцэ на ўсходзе Польшчы. PAP/Artur Reszko
Наступныя часткі выставы дэманструюць цяжкую барацьбу за памяць «выклятых» і актуальных характар іх каштоўнасцяў. Музей Выклятых жаўнераў распавядае пра польскіх герояў, у тым ліку найбольш выбітных дзеячаў антыкамуністычнага падполля і каштоўнасці, якіх яны прытрымліваліся ў сваім жыцці.
Музей Выклятых жаўнераў размяшчаецца ў будынку былога царскага ізалятара. Пасля заканчэння Другой сусветнай вайны абʼект быў падпарадкаваны Міністэрству грамадскай бяспекі. На працягу некалькіх пасляваенных гадоў у турме адбывалі пакаранне, як звычайныя злачынцы, так і палітвязні. Там таксама выконваліся смяротныя прысуды.
Першы ў Польшчы Музей Выклятых жаўнераў адкрыўся ў Астралэнцэ на ўсходзе Польшчы. PAP/Artur Reszko
Нацыянальны дзень памяці Выклятых жаўнераў адзначаецца ў гадавіну расстрэлу Службай бяспекі 1 сакавіка 1951 года сямі кіраўнікоў IV праўлення цывільна-вайсковай падпольнай арганізацыі «Свабода і Незалежнасць». Свята заснавана спецыяльным законам, праект якога ў 2010 годзе ўнёс прэзідэнт Лех Качыньскі.
Першы ў Польшчы Музей Выклятых жаўнераў адкрыўся ў Астралэнцэ на ўсходзе Польшчы. PAP/Artur Reszko
Пастаянная экспазіцыя Музея Выклятых жаўнераў у Астралэнцэ адкрытая для наведвальнікаў з 2 сакавіка. З падрабязнасцямі можна пазнаёміцца на старонцы ўстановы – muzeumzolnierzywykletych.pl.
IAR/аз