Беларуская Служба

Беларускія сляды ў Беластоку(ФОТА)

25.03.2022 08:31
Сёння запрашаем на прагулку па месцах звязаных з беларускай культурай і вядомымі беларусамі ў Беластоку – найбуйнейшым горадзе Падляшша.
Аўдыё
  • Беларускія сляды ў Беластоку.
       .
Будынак Драматычнага тэатра імя Аляксандра Вянгеркі ў Беластоку.Autorstwa Krzysztof Kundzicz - Praca własna, CC BY-SA 3.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=11690631

Аднымі са слядоў беларускай культуры ў Беластоку з’яўляюцца элементы гарадской інфраструктуры, якія нагадваюць пра вядомых беларусаў, напрыклад, у 2012 годзе рашэннем гарадскіх уладаў круглая развязка ў раёне Выгода атрымала імя Яна Тарасевіча – аднаго з найбольш выдатных беларускіх кампазітараў, які нарадзіўся ў 1893 годзе ў Саколцы. Творчасць Яна Тарасевіча налічвае больш за сотню фартэпіянных і інструментальна-вакальных твораў. Ян Тарасевіч быў цесна звязаны з Беластокам, дзе жыў і працаваў, у тым ліку ў Музычным інстытуце Алены Франкевіч на вуліцы Сянкевіча 14. Гістарычны будынак можна паглядзець па сённяшні дзень.

Варта ўспомніць, што адным з выхаванцаў Тарасевіча з’яўляецца выдатны польскі дырыжор, піяніст, кампазітар класічнай і кінамузыкі Ежы Максімюк(Jerzy Maksymiuk), які сам нарадзіўся ў Гродне і пераехаў у Беласток разам з сям’ёй.

Іншым важным беларускім месцам у Беластоку з’яўляецца сквер Тамары Саланевіч – беларуска-польскай кінарэжысёркі і сцэнарысткі, якая пасля заканчэння адукацыі працавала на Польскім тэлебачанні, спярша ў Варшаве, пасля ў Беластоку. Тэмай яе большасці дакументальных фільмаў была Беласточчына і пытанні з’вязаныя з беларускай нацыянальнай меншасцю ў Польшчы. Сквер імя Тамары Саланевіч размяшчаецца на беразе ракі Белая (Biała), уздоўж вуліцы Юзафа Пілсудскага. Дарэчы бульвар над Белай – гэта вельмі прыемнае месца для прагулак і адпачынку. Варта ўспомніць, што ў роднай Нараўцы Тамары Саланевіч знаходзіцца галерэя ейнага імя.

Нельга забываць таксама пра вуліцу прысвечаную камандзіру паўстання 1863 года, то бок Кастусю Каліноўскаму.

У сваю чаргу гуляючы на плошчы Станіслава Манюшкі варта памятаць, што гэты славуты кампазітар, дырыжор, стваральнік польскай нацыянальнай оперы нарадзіўся ў вёсцы Убель (цяпер Чэрвеньскі раён Мінскай вобласці Беларусі) і аказаў уплыў на беларускую музычную культуру. Да таго, як сям’я кампазітара пераехала ў Варшаву, пачатковую музычную адукацыю малады Станіслаў атрымаў у Мінску ў Дамініка Стафановіча – беларускага музыканта, педагога, дырыжора, папулярызатара музычнай культуры. Сярод вучняў Стафановіча вялікай папулярнасцю ў Беларусі і за яе межамі карысталася, між іншым, піяністка і педагог Каміла Марцінкевіч – дачка беларускага паэта Вінцэнта-Якуба Дунін-Марцінкевіча.

 Падляшская опера і філармонія. Autorstwa Henryk Borawski - Praca własna, CC BY-SA 3.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=29048240 Падляшская опера і філармонія. Autorstwa Henryk Borawski - Praca własna, CC BY-SA 3.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=29048240

На плошчы Манюшкі размяшчаецца вядомая ў Польшчы Падляшская опера і філармонія – Цэнтр еўрапейскага мастацтва імя Станіслава Манюшкі – гэта ўнікальнае месца на мапе Польшчы і адначасова культурны цэнтр краіны.

Цікавай гісторыяй можа пахваліцца таксама Драматычны тэатр у Беластоку імя Аляксандра Вянгеркі(Aleksander Węgierko). У 1940 годзе, пасля ўключэння Беластока ў склад СССР, савецкія ўлады нацыяналізавалі аб'ект і пераўтварылі яго ў Польскі дзяржаўны тэатр Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. У тэатры працавалі ў асноўным акцёраў варшаўскіх сцэн. Спектаклі ставіліся на польскай мове. Першы дырэктар тэатра Аляксандр Вянгерка загінуў пры загадкавых абставінах, хутчэй за ўсё, у 1941 годзе. Паводле адной з версіяў менавіта ў руінах свайго тэатра.

Дарэчы ў Народным доме на вуліцы Электрычнай 12, дзе зараз размяшчаецца Драматычны тэатр, у 1939 годзе прайшоў Народны сход Заходняй Беларусі, падчас якога было прынятае рашэнне аб далучэнні Заходняй Беларусі да Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі.

На скрыжаванні вуліц Кіёўскай і Млыновай у Беластоку знаходзіцца будынак былога Беларускага нацыянальнага камітэта, які змяшчаўся тут у часе нямецкай акупацыі горада. Гэта была культурная і гуманітарная арганізацыя, якая дапамагала мясцовым беларусам.

Важным месцам для беларускай культуры з’яўляецца будынак Факультэта гісторыі і сацыялогіі, дзе знаходзіцца Кафедра беларусістыкі і Кафедра беларускай культуры.

У Доме прэсы на вуліцы Супраскай калісьці сваю сядзібу мела «Ніва» – вядомы тыднёвік беларусаў у Польшчы.

 Комплекс архікафедральнай базілікі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Autorstwa Gumisza - Praca własna, CC BY-SA 3.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=12694419 Комплекс архікафедральнай базілікі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Autorstwa Gumisza - Praca własna, CC BY-SA 3.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=12694419

Пабываючы ў Беластоку варта наведаць Комплекс архікафедральнай базілікі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, які на самой справе складаецца з двух касцёлаў: кафедральнага, пабудаванага ў неагатычным стылі на пачатку ХХ стагоддзя, і прылеглага парафіяльнага касцёла перыяду позняга рэнесансу. Варта памятаць, што белы фарны касцёл – найстарэйшы мураваны будынак у Беластоку. Сярод шматлікіх гістарычных экспанатаў у комплексе варта больш уважна прыглядзецца да вітражоў. На адным з іх мы зможам паглядзець выяву блаславёнага ксяндза Міхала Сапоцькі- каталіцкага святара, спаведніка св. Фаўстыны Кавальскай. Міхал Сапоцька нарадзіўся ў Юшаўшчынне, сучасна гэта Навасады, у Валожынскім раёне, а памёр у Беластоку. Пасля Другой сусветнай вайны ён быў прафесарам духоўнай семінарыі ў Беластоку. На доме на вуліцы Злотай 9, у якім ён жыў пасля пераезду ў Беласток у 1947 годзе, змешчаная памятная дошка. Згаданы дом быў пачатковым месцам яго навуковай працы, малітвы і адпачынку ў Беластоку.

Капліца ў гонар праваслаўных пакутнікаў Падляшша (2016 г.) Аўтар: Loraine - Уласная праца, CC BY-SA 4.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=50857771 Капліца ў гонар праваслаўных пакутнікаў Падляшша (2016 г.) Аўтар: Loraine - Уласная праца, CC BY-SA 4.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=50857771

Перад царквой Святога Духа знаходзіцца незвычайны помнік-капліца, прысвечаная праваслаўным жыхаром Беластока – беларускай, украінскай, расійскай і польскай нацыянальнасцей – забітым і замучаным у 1939-1956 гадах. Капліца ўшаноўвае памяць усіх пакутнікаў зямлі Хэлмскай і Падляшскай.

У пунктах турыстычнай інфармацыі ў Беластоку можна атрымаць мапу «Беларускія сляды ў Беластоку», на якой пазначаны турыстычны шлях, звязаная з месцамі і людзьмі, якія аказалі ўплыў на працягванне беларускай культуры, традыцыяў і дзейнасць беларускай меншасці ў Беластоку.

аз

Больш на гэтую тэму: Запрашаем у Польшчу