«Польскі вершнік» – твор вядомага галандскага мастака, майстра жывапісу й гравюры Рэмбранта цяпер можна паглядзець у варшаўскім парку Лазенкі. Карціна, якая калісьці была часткай буйной калекцыі апошняга караля Польшчы Станіслава Аўгуста, цяпер належыць музейнай установе The Frick Collection у Нью-Ёрку.
Шэдэўр Рэмбранта прэзентуецца ў Палацы на выспе ў варшаўскіх Лазенках. Дырэктар музея «Каралеўскія Лазенкі» прафесар Збігнеў Вавэр (Zbigniew Wawer) падкрэслівае, што гэта гістарычная падзея:
- Гэта бадай найбольш каштоўная карціна, якая цягам апошніх гадоў прэзентавалася ў музеях у Польшчы. Можна сказаць, што яна, у нейкай ступені, адлюстроўвае гісторыю Польшчы. Пасля продажу, у 1910 годзе, ажно да 1918 года – карціна была сімвалам свабоднай Польшчы, якую палякі намагаліся вярнуць. Гэта таксама сімвал польскай кавалерыі, мужнасці і адвагі, якімі Польшча ганарылася.
Карціна «Польскі вершнік» была намаляваная каля 1655 года. Аўтарства Рэмбранта пацверджанае даследаваннямі, праведзенымі навукоўцамі з Rembrandt Research Project, і не выклікае сумненняў.
«Польскі вершнік» Рэмбранта/ PAP/Marcin Obara
Твор з'яўляецца прыкладам майстэрскага, сталага стылю галандскага жывапісца і адным з двух вядомых конных партрэтаў у яго творчасці. Аднак да сённяшняга дня невядома, кім з’яўляецца прадстаўлены на ім коннік – літаратурным героем ці канкрэтнай асобай. Шэдэўр Рэмбранта быў вядомы пад рознымі назвамі, дадае прафесар Збігнеў Вавэр:
- «Лісоўшчык», «Польскі вершнік», «Казак» – на працягу стагоддзяў згаданая карціна была вядомая пад. Гэта карціна – легенда. Гэта таксама адна з найбольш каштоўных карцінаў у калекцыі караля Станіслава Аўгуста.
У 1791 годзе карціну Рэмбранта за некалькі апельсінавых дрэваў з каралеўскіх садоў прадаў Станіславу Аўгусту вялікі гетман літоўскі Міхал Казімір Агінскі. Кароль, вялікі аматар мастацтва Рэмбранта, у сваёй калекцыі меў тады ажно адзінаццаць карцін, якія лічыліся працамі галандскага майстра (насамрэч, арыгіналаў было не больш за тры). Карціна стала часткай буйной калекцыі Станіслава Аўгуста.
«Польскі вершнік» Рэмбранта/ PAP/Marcin Obara
«Польскі вершнік» вісеў у зале на першым паверсе Палаца на выспе ў Каралеўскіх Лазенках – любімай летняй рэзідэнцыі караля, дзе ён трымаў самыя каштоўныя творы са сваёй калекцыі жывапісу. Пасля таго, як у 1795 годзе кароль выракся стальца і з’ехаў з краіны, карціна засталася ў рэзідэнцыі ў Лазенках. У канцы 1890-х гадоў яна была вывешана ў карціннай галерэі на першым паверсе Палаца на выспе, дзе і цяпер прэзентуецца публіцы, кажа куратар выставы Ізабэля Зыховіч(Izabela Zychowicz):
- Карціну можна паглядзець у Карціннай галерэі ў Палацы на выспе. Можна тады сказаць, што пасля 200 гадоў яна вярнуўся на сваё арыгінальнае месца прэзентацыі. Кароль Станіслаў Аўгуст набыў вобраз 1791 годзе ў Агінскага ўзамен за некалькі апельсінавых дрэваў. Пачаткова «Польскі вершнік» вісеў у калідоры, на першым паверсе палаца, а пазней менавіта ў Карціннай галерэі. Станіслаў Аўгуст высока ацэньваў мастацтва Рэмбранта.
Пасля смерці Станіслава Аўгуста ягоныя спадчыннікі паступова прадавалі каралеўскія фонды, у тым ліку і «Польскага вершніка». У 1910 годзе тагачасны ўладальнік карціны Здзіслаў Тарноўскі прадаў знакаміты твор Рэмбранта амерыканскаму фінансісту і калекцыянеру мастацтва Генры Кляй Фрыку. «Польскі вершнік» упрыгожваў яго нью-ёркскую рэзідэнцыю на Манхэтэне, якую, пасля смерці Фрыка, сямʼя пераўтварыла ў музей. Сёння калекцыя Фрыка лічыцца адной з найважнейшых культурных устаноў Нью-Ёрка.
«Польскі вершнік» Рэмбранта/ PAP/Marcin Obara
Нью-ёркскі The Frick Collection вельмі рэдка пазычае свае экспанаты іншым музейным установам, кажа Дарота Юшчак (Dorota Juszczak), куратар жывапісу Музея «Каралеўскія Лазенкі» ў Варшаве:
- Толькі дзякуючы таму, што нью-ёркская ўстанова плануе буйны рамонт сядзібы, то яны вырашылі пазычыць свае экспанаты, каб яны не чакалі два гады на складзе. Дзякуючы гэтаму, каля 20 твораў падарожнічае па Еўропе і паказваецца ў найважнейшых музеях. У тым ліку «Польскі вершнік» дастаўся нам, між іншым, таму, што нашыя навуковыя даследаванні на тэму галерэі Станіслава Аўгуста былі высока ацэненыя. З другога боку, Палац на выспе – гэта ж гістарычная сядзіба карціны.
Таямнічасць карціны і яе незвычайная, паэтычная атмасфера, а таксама чыста жывапіснае майстэрства прычыніліся да надзвычай папулярнасці твора. «Польскага вершніка» можна паглядзець у Карціннай галерэі Палаца на выспе ў Лазенках толькі да 7 жніўня 2022 года, нагадвае Дарота Юшчак:
- Я хачу пераканаць шаноўнае спадарства да таго, каб паглядзець на карціну ў кантэксце ўсяе каралеўскай калекцыі, а таксама польскіх калекцый жывапісу. Гэта несумненна адзін з найбольш каштоўных шэдэўраў жывапісу, якія былі звязаныя з Польшчай. Мы паказваем, яго сярод іншых карцінаў, зразумела крыху экспануючы сцяну, на якой ён змешчаны. Проста мы хацелі паказаць яе ў кантэксце ўсяе Каралеўскай калекцыі.
Пасля заканчэння выставы ў варшаўскім парку Лазенкі «Польскі вершнік» пераедзе ў Каралеўскі замак на Вавелі ў Кракаве. Дырэктар установы Анджэй Бэтлей (Andrzej Betlej) падкрэслівае, што гэта адзіная магчымасць у Еўропе ўбачыць твор галандскага майстра:
- Каралеўскія Лазенкі ў Варшаве, як і Каралеўскі Замак на Вавелі – гэта абавязковыя месцы, якія ў Польшчы наведваюць турысты з Еўропы. Гэта можа быць для іх неспадзяванкай, калі яны пабачаць у Польшчы згаданы шэдэўр, які звычайна знаходзіцца ў ЗША.
«Польскі вершнік» Рэмбранта/ PAP/Marcin Obara
Анджэй Бэтлей падкрэслівае, што гэта здзяйсненне мары многіх пакаленняў польскіх музейшчыкаў:
- Мары, каб гэтая карціна, прададзеная ў 1910 годзе, хоць на кароткі час вярнулася ў музейныя салоны ў Польшчы. Гэта гістарычная падзея. Карціна мае сімвалічны характар – гэта твор, які паказвае нашую гісторыю. Гэта сімвал польскага конніка, але таксама сімвал хрысціянскага рыцара. Таму гэта, і шэдэўр і ікона; ікона – жывапісу і творчасці Рэмбранта.
Выстава «Каралеўскі Рэмбрант. «Польскі вершнік» з The Frick Collection у Нью-Ёрку» будзе суправаджацца публікацыяй на польскай і англійскай мовах з эсэ куратараў. Пры нагодзе ў галерэі таксама пройдуць лекцыі аб мастацтве Рэмбранта і калекцыі Станіслава Аўгуста з удзелам вядомых куратараў жывапісу.
IAR/аз