Беларуская Служба

Падчас «Ночы музеяў» у Польшчы арганізатары не забудуць пра ўкраінцаў

13.05.2022 11:56
Толькі ў Варшаве на «Ноч музеяў» запрашаюць 202 культурныя і навуковыя ўстановы.
A
Aўтобуснае дэпо на вуліцы Сталовай у Варшаве запрашае на «Ноч музеяў» PAP/Tomasz Gzell

У бліжэйшую суботу ўвечары па ўсяе Польшчы пройдзе першая пасля пандэміі «Ноч музеяў». Ноччу з суботы на нядзелю для наведвальнікаў адчыняцца дзверы музеяў, культурных і грамадскіх устаноў, а таксама ўніверсітэтаў, навукова-даследчых інстытутаў і навуковых цэнтраў. Уступ бясплатны або ягоны кошт сімвалічны. На частку мерапрыемстваў трэба раней браніраваць месца.

У суботу ўвечары навукоўцы, аніматары і папулярызатары навукі ў многіх гарадах Польшчы падрыхтавалі для наведвальнікаў адмысловыя шоу, прэзентацыі, майстар-класы і гульні. Толькі ў Варшаве на «Ноч музеяў» запрашаюць 202 установы. Можна выбіраць сярод мерапрыемстваў для дарослых, сем'яў з дзецьмі, а нават людзей з сабакамі і катамі. Некаторыя мерапрыемствы будуць дапоўненыя анлайн-трансляцыямі.

Цэнтр навукі «Капернік» адкрывае для наведвальнікаў свае выставы і Планетарый, а таксама прапануе спецыяльныя атракцыёны. Госці «Каперніка» змогуць апрабаваць незвычайныя інструменты на новай музычнай выставе «GraMY-Wygramy», паслухаць трансфарматары Тэсля ў «Тэатры высокага напружання», паглядзець светлавое шоу з удзелам мімаў, запраграмаваць робата і палюбавацца вясновымі сузорʼямі ў Планетарыі.

Варшаўскі тэхналагічны ўніверсітэт ладзіць «інжынерны вечар». Рэктарскімі сцежкамі гасцей павядзе прарэктар установы прафесар Міраслаў Карпеж.

Як і ў мінулыя гады, для публікі будуць адкрытыя месцы, звычайна закрытыя для наведвання, напрыклад, руіны Радёстацыі «Бабіцэ» ў Бэмоўскім лесе, закуткі кінатэатра «Ілюзён» або аўтобуснае дэпо на вуліцы Сталовай. Запланаваны таксама парад і выстава старадаўніх аўтобусаў, якая заўсёды карыстаецца вялікай папулярнасцю.

Агулам у сталіцы пройдуць 84 мерапрыемствы на свежым паветры: канцэрты, начныя прагулкі і выставы. 34 з 202 устаноў у Варшаве, якія ўдзельнічаюць у мерапрыемстве, падрыхтавалі спецыяльныя праграмы для ўкраінскіх бежанцаў.

Сёлета на «Ноч музеяў» запрашае таксама палац Бельведэр, у тым ліку рэканструяваны кабінет маршала Юзэфа Пілсудскага. Бельведэрскі палац можна будзе наведваць з экскурсаводам у групах па 25 чалавек. Адміністратары просяць наведвальнікаў мець пры сабе пасведчанне асобы з фатаграфіяй.
Да акцыі «Ноч музеяў» далучаюцца Цэнтр думкі Яна Паўла ІІ і Музей Яна Паўла ІІ і прымаса Вышынскага ў Варшаве. Праграма ўключае лялечны спектакль пра жыццё Стэфана Вышыньскага для самых маленькіх, канцэрты, творчыя майстэрні, а таксама прэзентацыю копіі аўтамабіля Караля Вайтылы.
У сваю чаргу Музэй Фрыдэрыка Шапена ў Варшаве ў «Ноч музеяў» наведаюць таксама прывіды з вядомых твораў Адама Міцкевіча. Таксама прагучыць музыка Шапэна. Канцэрты ў садзе будуць праходзіць кожныя паўгадзіны з 18:30.

У рамках сёлетняй «Ночы музеяў» у Лодзі мясцовы Навукова-тэхналагічны цэнтр запрашае наведаць EC1 – прастору гістарычнай электрастанцыі, якая вярнулася да жыцця ў зусім новай ролі: інтэрактыўнага і мультымедыйнага навуковага цэнтра. Там госці ўбачаць, як турбіна працуе з генератарам і самастойна выпрацоўвае электраэнергію. У «Ноч музеяў» у Лодзі будуць адкрытыя Бібліятэка Лодзінскага ўніверсітэта і Музей прыродазнаўства Лодзінскага ўніверсітэта.

Адам Міцкевіч стане галоўным героем «Ночы музеяў» ва Універсітэце Адама Міцкевіча ў Познані. Універсітэт запрашае на экскурсіі, выставы і лекцыі. Сярод шматлікіх атракцыёнаў, запланаваных у будынку ўніверсітэта, гарадская гульня пад лозунгам: «Шпацыр з Адамам» або выстава: «Чаму Міцкевіч, або пра тое, як паэт стаў патронам універсітэта».

У сваю чаргу ў Планетарыі Марскога ўніверсітэта ў Гдыні касмічны шоу, правядуць студэнты навуковага клуба «Навігатар». У Гданьску можна будзе наведаць, між іншым, Польска-японскую акадэмію інфармацыйных тэхналогій.

Некалькі дзясяткаў устаноў культуры са Шчэціна заявілі пра свой удзел у сёлетняй «Ночы музеяў». Запланаваныя, між іншым, выставы, майстар-класы і кінапаказы. Удзел у мерапрыемствах бясплатны. Музей тэхнікі і транспарту ўпершыню пакажа калекцыю з васьмі аўтамабіляў Stoewer – нямецкага аўтазавода, які дзяйнічаў у Шчэціне ў 1858–1945 гадах.

Замак паморскіх князёў у Шчэціне дазволіць удзельнікам «Ночы музеяў» бясплатна наведваць усе пастаянныя і часовыя выставы. Упершыню да акцыі далучаецца Віла Ленца ў Шчэціне. Можна будзе таксама наведаць Марскі навуковы цэнтр, які зараз будуецца. Гіды раскажуць пра тое, што будзе размяшчацца ў будучых выставачных залах.

Ваяводская камендатура паліцыі ў Шчэціне запрашае наведаць ейную гістарычную сядзібу на вуліцы Малапольскай 47. Неагатычны комплекс будынкаў, узведзены ў 1902-1905 гадах, нармальна даступны толькі для нешматлікіх. Ноч музеяў у Шчэціне пройдзе ў шаснаццаты раз.

Музей Любускага рэгіёна ў Зялёнай Гуры запрашае на індзейскую ноч у музеі. Гэта магчымасць пазнаёміцца з багатай культурай гэтай азіяцкай краіны. Мерапрыемства пачнецца ў суботу ў 17.00 і працягнецца да 23.00.

З пятніцы па суботу для наведвальнікаў адкрыюць свае дзверы больш за 50 музеяў у Кракаве. Прэзентацыю выставаў суправаджаюць таксама розныя мерапрыемствы: майстар-класы, лекцыі, канцэрты, спектаклі.

Сёлетняя кракаўская «Ноч музеяў» праходзіць пад лозунгам: «Сіла музеяў для Украіны». У асобных установах будуць збіраць ахвяраванні для бежанцаў.

Выстава ў Музеі тэхнікі будзе прысвечаная Станіславу Лему і яго кракаўскім сцежкам – наведвальнікі адкрыюць для сябе яго любімыя месцы, даведаюцца, на якіх машынах ён ездзіў па вуліцах горада. Таксама музей запрашае на гарадскую гульню: «Па слядах польскіх вынаходстваў». Для семʼяў з дзецьмі былі падрыхтаваныя майстэрні ў Геалагічным музеі.

Пра свой удзел у сёлетняй «Ночы музеяў» заявілі амаль 80 устаноў культуры з Вроцлава. Усяго запланавана больш за 100 мерапрыемстваў, у тым ліку вернісажы, майстар-класы, лекцыі і кінапаказы. «Ноч музеяў» у Вроцлаве ладзіцца больш за 10 гадоў. Падчас першага выдання ў мерапрыемстве прынялі ўдзел 7 музеяў і 1 галерэя. Цягам часу формула пашыралася, далучаліся новыя галерэі, установы і грамадскія цэнтры, касцёлы розных канфесій, кінатэатры і іншыя цікавыя месцы, недаступныя штодзённа. Уваход на ўсе мерапрыемствы, арганізаваныя падчас акцыі, бясплатны, аднак у некаторых трэба раней браніраваць месца.

Сёлета ўпершыню ў «Ноч музеяў» свае дзверы адкрые Дзяржаўны архіў у Вроцлаве. Для энтузіястаў ваеннага рамяства Вайсковы музей, Вроцлаўскае фартыфікацыйнае таварыства і Музей ваеннай тэхнікі падрыхтавалі атракцыёны на ўскраіне горада. У праграме «Ночы музеяў» таксама спецыяльныя мерапрыемствы для бежанцаў з Украіны.

У «Ноч музеяў»можна будзе бясплатна падняцца на знакамітую Sky Tower і палюбавацца маляўнічай начной панарамай горада.

«Ноч музеяў» – гэта культурная акцыя, якая заключаецца ў тым, што музеі, галерэі і культурныя ўстановы адчыняюцца ў выбраны дзень, на працягу ночы. Яна прыйшла ў Польшчу з Берліна, дзе ўпершыню адбылася ў 1997 годзе. У першыню ў Польшчы «Ноч музеяў» адбылася ў 2003 годзе ў Нацыянальным музеі ў Познані. У рамках мерапрыемства можна бясплатна наведаць тысячы музеяў, замкаў, фартоў і іншых гістарычных будынкаў па ўсёй Польшчы.

IAR/аз

Больш на гэтую тэму: Запрашаем у Польшчу