Беларуская Служба

82 гады таму немцы пераплавілі помнік Шапэна на боепрыпасы

03.06.2022 06:02
У 1940 годзе помнік славутаму кампазітару, на які грошы збірала ўся Польшча, гітлераўцы пераплавілі для атрымання бронзы. 
Аўдыё
  • 82 гады таму немцы пераплавілі помнік Шапэна на боепрыпасы
    -
Помнік Фрыдэрыку Шапэну ў палацава-паркавым комплексе «Лазенкі»Dan Novac/Shutterstock

У красавіку 1940 году нямецкі генерал-губернатар акупаваных польскіх зямель Ганс Франк апублікаваў заклік збіраць металы для патрэбаў нямецкай арміі. Акупанты доўга не думалі і вырашылі адправіць на металалом помнік Шапэну, які знаходзіўся ў сталічным палацава-паркавым комплексе «Лазенкі». Яго ўзарвалі 31 мая 1940 году.

Пасля выбуху 16-тонную скульптуру разрэзалі на дробныя кавалкі і адвезлі ў Германію. Помнік вядомаму кампазітару быў пераплаўлены, а метал выкарыстаны для вытворчасці боепрыпасаў.

Гісторыя помніка пачынаецца ў жніўні 1901 году. Менавіта тады канцылярыя варшаўскага генерал-губернатара дала дазвол графу Аляксандру Брахоцкаму стварыць камісію па ўзвядзенні помніка Фрыдэрыку Шапэну.

Граф Брахоцкі і яго жонка Адэлаіда былі польскімі патрыётамі. Яны лічылі, што падчас падзелаў радзімы паміж трыма імперыямі, калі Польшчы не існавала як краіны, трэба моцна падтрымліваць рознага роду прапольскія ініцыятывы, у тым ліку і ўвекавечваць памяць пра вялікіх палякаў.

Царскія ўлады хоць і пагадзіліся на стварэнне камітэту, то аднак значна абмяжоўвалі магчымасці яго працы. Камітэт не меў права размяшчаць аб'яў у друку, а збор грошай на будаўніцтва помніка мог праходзіць толькі сярод прыхільнікаў музыкі Фрыдэрыка Шапэна.
Адным з вядомых палякаў, якія ўнеслі вялікую суму, быў Ігнацы Ян Падэрэўскі – славуты піяніст, а пазней прэмʼер-міністр адроджанай у 1918 годзе Польшчы.


Pomnik Fryderyka Chopina w Łazienkach Królewskich Pomnik Fryderyka Chopina w Łazienkach Królewskich

Камітэт нават не меў права абʼяўляць конкурсу на праект помніка. З-за гэтага да мастакоў трэба было звяртацца наўпрост. Адным са скульптараў, якія пачалі працаваць над помнікам вялікаму польскаму кампазітару, быў Вацлаў Шыманоўскі.

На конкурс было пададзена 66 работ. Перамагла канцэпцыя Вацлава Шыманоўскага. Дарэчы, і камітэту, і скульптару прыйшлося доўга змагацца з царскімі чыноўнікамі, якія ўсялякім чынам стараліся перашкодзіць у будаўніцтве помніка.

100-годдзе з дня нараджэння кампазітара так і не адзначылі ўсталяваннем скульптуры ў 1910 годзе. Потым пачалася Першая сусветная вайна і ідэю прыйшлося адкласці. А пасля зноў трэба было пачаць збіраць грошы. Дарэчы, у гэтым удзельнічаў і сам мастак Вацлаў Шыманоўскі. Нарэшце, у 1926 годзе форма была адлітая ў Парыжы і 14 лістапада 1926 года помнік быў адкрыты. Прычым на адкрыццё прыехалі найлепшыя піяністы тагачаснай Еўропы.


Pomnik Fryderyka Chopina w Łazienkach Królewskich w Warszawie Pomnik Fryderyka Chopina w Łazienkach Królewskich w Warszawie

У 1940 годзе помнік парэзалі немцы, бо сам манумент – гэта 16 тон бронзы, якую гітлераўцы накіравалі на патрэбы ваеннай прамысловасці.

Больш за тое, немцы знішчылі ўсе копіі помніка, якія захоўваліся ў польскіх музеях.
Пасля вайны адну копію помніка ўдалося знайсці ў знішчаным доме Шыманоўскага ў Варшаве. На падставе копіі была вырабленая дакладная рэпліка скульптуры, і ў 1958 годзе помнік Фрыдэрыку Шапэну зноў быў устаноўлены ў парку «Лазенкі». А ўбачыць яго можна і сёння, наведаўшы вядомы сталічны палацава-паркавы комплекс.

Валеры Саўко

слухайце аўдыёфайл

Больш на гэтую тэму: Машына часу