Сілезскі планетарый у Хожаве (Chorzów) на поўдні Польшчы зноў запрашае наведвальнікаў. На пачатку чэрвеня 2022 года адбылося ўрачыстае адкрыццё ўстановы пасля буйнога і працяглага рамонту.
Сілезскі планетарый – гэта найбуйнейшы абʼект такога тыпу ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе. Сярод навінак наведвальнікі змогуць пабачыць сучасную сістэму праектараў і вобраз у тэхналогіі 8К. Падчас паказаў можна будзе палюбавацца вобразам сапраўднага неба з мільёнамі зорак.
Сілезскі планетарый у Хожаве. Здымак: www.facebook.com/PlanetariumSlaskie
Аднак нягледзячы на шматлікія змены абсерваторыя захавала сваю старую, добрую атмасферу, запэўнівае Яраслаў Юшкевіч(Jarosław Juszkiewicz) з Сілезскага планетарыя:
- Дарэчы, гэта былі нашая найвялікшая сумневы і найвялікшы выклік – захаваць непаўторны клімат планетарыя. Паводле мяне і многіх гасцей, нам гэта ўдалося. Засталася панарама Сілезіі, якая была тут змешчаная 1955 годзе. У асноўным мы засяродзіліся на трох галінах: метэаралогіі, сейсмалогіі і, зразумела, астраноміі.
Наведвальнікі змогуць зайсці ў сейсмічную кабіну, а таксама палюбавацца панарамай наваколля з новай назіральнай вежы.
Маршалак Сілезскага ваяводства Якуб Хэлстоўскі(Jakub Chełstowski) прызнаў, што мадэрнізацыя планетарыя была складаным праектам, але эфект здавальняе. Ён дадаў, што зараз Сілезскі планетарый зʼяўляецца самым вялікім і сучасным абʼектам такога тыпу ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе:
- Тэхналогія, якая была выкарыстаная ва ўстанове сведчыць пра тое, што гэта будзе самы лепшы планетарый у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе. Там нават знаходзіцца прылада, якая ўлоўлівае часціцы касмічнага выпраменьвання ў рэальным часе. Газы іанізуюць і паказваюць, як космас «бамбіць» нас часцінамі.
Акрамя мадэрнізацыі купала планетарыя і сучаснага праекцыйнага абсталявання, ва ўстанове з’явіліся элементы, якія дазволяць наведвальнікам на ўласныя вочы пабачыць некаторыя навуковыя зʼявы. Гэта, апрача згаданай ужо сейсмічнай кабіны, таксама генератар маланак:
- Згаданая прылада – гэта трансфарматар Тэслы, або інакш шпуля Тэслы. Ён у стане генераваць 2 мільёны вольт. Давайце мы праверым, як выглядае буйная навальніца. Вось перад намі макет Катавіцаў. Тое, што вы бачыце, гэта не мадэляванне. Дакладна такім чынам узнікаюць маланкі.
Нагадваем, планетарый і астранамічная абсерваторыя ім. Мікалая Каперніка – гэта адукацыйная ўстанова Сілезскага ваяводства. Якая прыцягвае тысячы турыстаў не толькі з усёй Польшчы, але і з-за мяжы.
Кошт рамонту планетарыя, які працягваўся больш за тры гады, склаў каля 160 мільёнаў злотых (34,5 мільёна еўра), з якіх 99 мільёнаў (больш за 21 мільён еўра)– гэта сродкі з Еўрасаюза.
Сілезскі планетарый у Хожаве. Здымак: www.facebook.com/PlanetariumSlaskie
Пасля мадэрнізацыі планетарыя, Сілезскі навуковы парк у Хожаве значна пашырыў сваю прапанову. Напрыклад, у чатырох кабінах можна адчуць сябе, як у чатырох розных кліматычных зонах, напрыклад, як у Сібіры, ці ў аазісе ў пустыні.
Сімулятары касмічных палётаў, абсталяваныя тэхналогіяй віртуальнай рэальнасці VR выклікае моцнае ўражанне, якога госці напэўна не забудуць. Рашучыя змены адбыліся ў асноўнай праекцыйнай зале, якая была абсталяваная ўльтрасучаснай, гібрыднай сістэмай праектараў.
Хоць дыяметр экрана планетарыя не змяніўся, то зараз ён мае іншую структуру: старое палатно было замененае перфараванымі алюмініевымі панэлямі. Спалучэнні паміж імі нябачныя, што дазваляе паказваць нават вельмі яркія вобразы. У залу вярнулася панарама сілезскіх гарадоў, рэканструяваная на аснове арыгінала, але зробленая з выкарыстаннем новых тэхналогій. Таксама зʼявіліся новыя раскладныя крэслы.
Некалькі разоў мадэрнізаваны праектар кампаніі Zeiss, які адказваў за паказы нябесных цел у Сілезскім планетарыі на працягу 67 гадоў, а ў 2018 годзе быў дэмантаваны і забяспечаны, зараз з’яўляецца часткай экспазіцыі. У сваю чаргу пад купалам абʼекта быў усталяваны новы апарат – гібрыдная сістэма, якая складаецца з двух асноўных, сінхранізаваных элементаў: зорнага праектара (так званага Starball), размешчанага ў цэнтры праекцыйнай залы і лічбавых праектараў, якія працуюць з выкарыстаннем тэхналогіі 4K, размешчаных на краі экрана.
Сілезскі планетарый быў створаны ў 1955 годзе. Тады шоў маглі адначасова глядзець амаль 400 чалавек. Абʼект наведалі каля 160 тысяч чалавек у год. Зараз, пасля мадэрнізацыі гэтую колькасць можна будзе павялічыць удвая. Удвая павялічылася і колькасць супрацоўнікаў планетарыя – за апошнія месяцы былі працаўладкаваныя новыя экскурсаводы.
Сілезскі планетарый у Хожаве. Здымак: www.facebook.com/PlanetariumSlaskie
Мадэрнізацыя і пашырэнне абʼекта пачаліся з сярэдзіны 2018 года. Першапачаткова заканчэнне работ планавалася на канец 2020 года. Паколькі характэрнае месца знаходжання абʼекта ўнесенае ў спіс помнікаў і нельга было парушаць яго знешні выгляд, то пашырэнне адбывалася пад зямлёй. Новыя абʼекты былі размешчаныя ўнутры ўзгорка, які зʼяўляецца падмуркам для існуючых будынкаў. Дзякуючы таму ўстанова атрымала дадатковыя 2,5 тысячы квадратных метраў паверхні.
У новых падземных памяшканнях была, між іншым, змешчаная выстава, а таксама лекцыйныя залы і лабараторыі.
У сваю чаргу змены ў частцы, прызначанай для гледачоў у праекцыйнай зале, зараз дазваляе ўсталяваць у цэнтры сцэну і арганізаваць іншыя, акрамя сеансаў, мерапрыемствы – канферэнцыі, сімпозіумы ці канцэрты.
Анна Задрожна/IAR